Як сябе адчувае моладзевы сектар пасля ўсіх крызісаў
Правы чалавека – гэта правы, якімі мы валодаем, проста таму, што з’яўляемся людзьмі.
Яны не прадастаўляюцца ніводнай дзяржавай – усеагульныя правы чалавека з’яўляюцца неад’емнымі правамі кожнага і кожнай з нас. Яны незалежаць ад грамадзянства, полу, нацыянальнай ці этнічнай прыналежнасці, колеру скуры, рэлігіі, мовы ці любых іншых прыкмет. Да іх адносяцца як асноўныя правы, у тым ліку права на жыццё, так і правы, якія робяць наша жыццё годным, уключаючы права на харчаванне, адукацыю, працу, здароўе і свабоду.
Дзень правоў чалавека адзначаецца 10 снежня – менавіта ў гэты дзень у 1948 годзе Генеральная Асамблея ААН прыняла Усеагульную дэкларацыю правоў чалавека. Яна стала тым падмуркам, на якім грунтуецца вялікая колькасць міжнародных дагавораў па правах чалавека, якія маюць абавязковую юрыдычную сілу, і развіццё норм у галіне правоў чалавека ва ўсім свеце. Яна працягвае служыць апорай усім нам: і калі мы змагаемся з несправядлівасцю, і калі людзі падвяргаюцца рэпрэсіям, і калі мы робім намаганні з мэтай дамагчыся захавання правоў чалавека ўсіх людзей.
На жаль, мы жывём у такім свеце, дзе правы чалавека парушаліся заўсёды, і наша краіна не з’яўляецца выключэннем. У поствыбарчы перыяд гэта праблема абвастрылася.
Сёння мы хочам прэзентаваць вам наш зборнік “Беларусь.Моладзь.Жыве” — наша спроба прааналізаваць беларускі незалежны моладзевы сектар пасля ўсіх крызісаў, якія яму выпалi з 2020 года.
Мы сабралі апісанне стану спраў з розных сфер — самых буйных і ярка выяўленых. Гэты зборнік — прамежкавая ацэнка таго, у якім месцы і ў якім стане мы знаходзімся, пакуль працягваем рух да свабоднай Беларусі.
“Мы становімся ўсё далей і далей геаграфічна. Пастаянна шукаем розніцу паміж тымі, хто з’ехаў ці застаўся, паміж тымі, хто працуе ўжо даўно ці толькі сабраўся ў ініцыятыву пасля 2020 года. Кожны артыкул зборніка будзе расказваць нам пра ўсё гэта. Але адначасова кожны артыкул будзе расказваць і пра тое, што мы жывыя. У падрабязнасцях, прыводзячы свежыя прыклады, з гонарам за тое, што атрымліваецца. Мы працуем тут і зараз”.
Пачынаючы са жніўня 2020 года ўлады прымянілі да моладзевых актывістаў і актывістак, моладзевых арганізацый, у тым ліку да сяброўскіх арганізацый “РАДА”, беспрэцэдэнтны рэпрэсіўны апарат.
Сярод асноўных рэпрэсіўных дзеянняў з боку беларускіх уладаў:
- арышты і ператрусы
- прымусовае пазбаўленне рэгістрацыі моладзевых некамерцыйных арганізацый
- затрыманні, адміністрацыйны і крымінальны пераслед студэнтаў і студэнтак, моладзевых актывістаў і актывістак
- прымус некамерцыйных арганізацый да самаліквідацыі
- запалохванне лідэраў і лідэрак моладзевых НДА
- блакіроўка інтэрнет-сайтаў моладзевых арганізацый
- распаўсюджванне хлуслівай і недакладнай інфармацыі аб дзейнасці моладзевых арганізацый
- фінансавая і тэхнічная атака на грамадзянскі сектар Беларусі: блакіроўка рахункаў, вобшукі і апячатванне офісных памяшканняў, канфіскацыя тэхнікі і дакументацыі, неабгрунтаваныя праверкі фінансавымі і рэгіструючымі органамі і г.д.
Усё гэта не толькі было, але і працягваецца зараз у Беларусі. Па стане на 10 снежня ў Беларусі прызнаныя палітычнымі вязнямі 1437 чалавек, несправядліва асуджаных па палітычных матывах. Дзясяткі тысяч людзей пакінулі Беларусь у мэтах сваёй асабістай бяспекі і бяспекі сваёй сям’і, і не меншая колькасць людзей яшчэ плануюць з’ехаць з-за страху не толькі быць арыштаванымі, але і забітымі.
Нягледзячы на нешматлікія згадкі Беларусі пра парушэнне правоў маладых беларусаў і беларусак у міжнародных і еўрапейскіх СМІ, з усіх артыкулаў маладых аўтараў і аўтарак можна з упэўненасцю сказаць, што прынцыпы павагі да правоў асобы і свабоды з’яўляюцца па-ранейшаму фундаментальнымі каштоўнасцямі маладых беларусаў і беларусак.
Калі ў вас будуць каментары ці пытанні па зместу сборніка — пішыце нам на [email protected].