Кааперацыя, навыкі і смеласць. Прыклады адвакацыі ў цяперашніх умовах

Кааперацыя, навыкі і смеласць. Прыклады адвакацыі ў цяперашніх умовах

У выніку рэпрэсій апошніх двух гадоў сотні НКА былі ліквідаваныя, а шмат актывістаў і актывістак выехалі з Беларусі. У гэтых умовах адвакатаванне ўнутры краіны стала нашмат больш складанай справай, але прыклады такіх кампаній ёсць. Цяпер з’явіліся новыя магчымасці для абароны правоў беларусаў і беларусак за мяжой. Тры актывісткі распавялі нам пра свой досвед адвакацыі і падзяліліся парадамі, як займацца адвакацыяй па-за межамі Беларусі.

Каардынатарка Free Belarus Center Паліна Бродзік — пра дапамогу беларусам ва Украіне

Паліна Бродзік адзначае, што ва Украіне ўмовы для адвакацыі заўсёды былі лепшыя, чым у Беларусі, бо там ёсць розныя групы інтарэсаў і актараў, якія ствараюць сістэму стрымак і супрацьвагаў. У гэтыя групы ўваходзяць палітыкі, бізнесмэны, групы грамадзян, розныя ініцыятывы і арганізацыі.

Паліна распавядае пра свой досвед адвакацыі на прыкладзе паляпшэння ўмоваў знаходжання беларусаў і беларусак ва Украіне: «Мы пачалі з таго, што прааналізавалі сітуацыю ў жніўні-верасні 2020 года. Зразумелі, што наспявае комплексная праблема і трэба з ёю змагацца. На нашым баку аказалася даволі вялікая колькасць праваабарончых арганізацый Украіны і Беларусі».

Для пачатку арганізацыі склалі сумесны зварот ва ўкраінскія органы ўлады. Паралельна яны праводзілі медыйную кампанію: публікавалі матэрыялы, стваралі інфанагоды, арганізоўвалі масавыя акцыі і публічныя дыскусіі. Паліна тлумачыць, што мэтай было справакаваць грамадскую дыскусію, якая прывяла б да змены грамадскай думкі і паўплывала б на актараў.

Таксама каманда аналізавала, як у суседніх краінах змянялі заканадаўства ў дачыненні да беларускіх уцекачоў і уцякачак і што з гэтага можна прымяніць ва Украіне. Рэкамендацыі імкнуліся прасоўваць праз дыскусіі і лідэраў і лідэрак меркаванняў. Акрамя таго, займаліся і культурнай адвакацыяй: арганізавалі чытанне “Белай кнігі правасуддзя” з гісторыямі беларусаў і беларусак, якія прайшлі праз катаванні.

https://freebelarus.center/category/instrukcii/

У выніку ва Ўкраіне павялічылі тэрмін знаходжаньня беларусаў і беларусак з 90 да 180 дзён. Потым працэс адвакацыі ўскладніўся, былі і няўдачы – напрыклад, актывісткам не ўдалося дамагчыся ўвядзення Украінай санкцый супраць Беларусі. У межах кампаніі праводзіліся экспертныя мерапрыемствы, куды запрашалі дэпутатаў і дэпутатак, у профільных выданнях публікавалі артыкулы па тэме. 

З пачатку вайны актывісты і актывісткі займаюцца абаронай правоў беларусаў і беларусак у краіне. “Мы цяпер робім акцэнт на тое, што тыя практыкі, якія прымяняюцца ва Украіне, нават нягледзячы на ​​рэжым ваеннага часу, павінны быць абумоўленыя заканадаўствам, і мы заўсёды апелюем да яго”, – кажа Паліна Бродзік.

Цяпер методыка працы актывістаў і актывістак выглядае так: яны акумулююць базу дадзеных, гэта значыць збіраюць кейсы, якія падкрэсліваюць сістэмнасць таго, што адбываецца; камунікуюць з народнымі дэпутатамі і дэпутаткамі, якія могуць пісаць запыты ў дзяржаўныя органы; і далей дзейнічаюць у залежнасці ад атрыманага адказу. Калі, напрыклад, міграцыйная служба адмаўляе факты парушэння правоў беларусаў і беларусак, у якіх не прымаюць дакументы на падаўжэнне ВНЖ, то актывісты і актывісткі  дасылаюць у службу канкрэтныя дакументы з доказамі. Калі з наяўнасцю праблемы згаджаюцца, яны прапануюць канкрэтныя рэкамендацыі.

Актывістам і актывісткам Паліна Бродзік рэкамендуе «вельмі скрупулёзна падыходзіць да ацэнкі наяўнай інфармацыі», каб працаваць з тэндэнцыямі замест адзінкавых выпадкаў. Разам з гэтым яна заклікае фармаваць кааліцыю прыхільнікаў і прыхільніц з мясцовых арганізацый з экспертызай і кантактамі, а таксама знайсці людзей, якія будуць публічна выступаць з вашым мэсэджам — да таго ж сярод іх павінны быць і тыя, хто прадстаўляюць людзей, інтарэсы якіх не ўлічваюцца. “Адвакацыя — гэта дзейнасць па абароне і прасоўванню правоў пэўнай групы людзей, накіраваная на змену існуючых практык. Гэта можа быць усё, што заўгодна — ад легалізацыіі санкцый да абароны правоў студэнтаў і моўных пытанняў,” — адзначае Паліна.

Сяброўка БНМС “РАДА” Марына Нікіфарэнка — аб дапамозе беларускай моладзі для ўдзелу ў абменах

Марына Нікіфарэнка распавядае, што пасля 2020 года беларуская моладзь апынулася «паміж двух агнёў». З аднаго боку, паводле правілаў абмену па праграмамх Erasmus+ і European Solidarity Corps удзельнікі і ўдзельніцы павінны знаходзіцца ў краіне, ад імя якой яны ўдзельнічаюць. З іншага боку, моладзевыя актывісты і актывісткі вымушана з’ехалі з Беларусі. Пры гэтым арганізацыі, якія мелі акрэдытацыю адпраўляць беларусаў і беларусак на абмены, ліквідавалі, з-за гэтага яны тэарытычна не маглі падпісваць дамовы. Ніякіх механізмаў на гэты конт з боку Еўропы не распрацавана. 

Марына бачыць удзел беларускай моладзі ў праграммах Erasmus+ і  European Solidarity Corps вельмі важным, таму, што гэта магчымасць для беларускай моладзі не толькі развіваць свае кампетэнцыі і міжнародныя стасункі, але і распавядаць пра Беларусь і яе сучасныя выклікі.

Паводле словаў актывісткі, патэнцыйна ёсць абыходныя шляхі, калі беларусы і беларускі ўдзельнічаюць у абменах у якасці, напрыклад, літоўцаў, але такія хітрыкі “ішлі на шкоду нацыянальнай ідэі таго, што беларусы і беларускі павінны быць прадстаўленыя на міжнародным узроўні”.

У лістападзе 2021 года Марына аб’ядналася разам з яшчэ двума людзьмі, каб вырашыць гэтую праблему. Найперш, яны сабралі інфармацыю па тэме і заняліся падрыхтоўкай дакументаў. Каманда напісала ліст, у якім патлумачыла, у якой сітуацыі знаходзіцца беларуская моладзь і арганізацыі і чаму для іх важны ўдзел у абменах. Ліст накіравалі ў нацыянальнае агенцтва, Усходняе Партнёрства і іншыя органы, у адказ на ліст атрымлівалі адпіску, або зусім пакідалі без адказу.

Увесну 2022 году камандзе атрымалася звязацца з прадстаўніком з SALTO, які падтрымаў актывістаў і актывістак і перадаў ліст прадстаўнікам і прадстаўніцам на сустрэчы з Нацыянальнымі агенцтвамі Еўропы – яны аб’ядноўваюць на нацыянальным узроўні НКА і іншыя арганізацыі, якія займаюцца міжнароднымі абменамі. «Было б вельмі добра, каб згадка пра Беларусь прагучала. Таму што пра нас ўсе вельмі хутка забыліся», – кажа Марына.

Далей уся камунікацыя ішла праз SALTO. Актывісты і актывісткі падрыхтавалі публікацыю пра Беларусь для сайта арганізацыі. Марына Нікіфарэнка тлумачыць: «На сайце SALTO ёсць публікацыя аб сітуацыі ва Украіне і спецыяльныя ўмовы, якія зрабілі для ўкраінцаў і ўкраінак. Такую ж старонку мы цяпер рыхтуем для Беларусі, і там будуць рэкамендацыі Ўсходняга партнёрства і SALTO аб спрашчэнні ўмоваў удзелу для беларусаў і беларусак у праграмах абмену, каб беларусы і беларускі, якія жывуць за мяжой маглі паехаць на абмен і ўсё роўна заставацца сабою і каб з фармальна ліквідаванымі арганізацыямі таксама працягвалі працаваць».

Зараз пытанне аб умовах удзелу для беларусаў і беларусак разглядаецца на ўзроўні Еўрапейскай Камісіі.

Паводле словаў Марыны, самае галоўнае ў любой праблеме – гэта не маўчаць і «не думаць, што ўсе разумеюць, што гэта праблема». У якасці прыкладу яна вяртаецца да свайго досведу: «Ці сядзіць нехта ў Еўракамісіі і думае пра беларусаў і беларусак, якія хочуць удзельнічаць у абменах? Ніхто не будзе пра гэта думаць, пакуль ты не прыйдзеш і не скажаш, што вось патрэбна дапамога. І не перастанеш пра гэта казаць, пакуль ня будзе выніку”.

Яна рэкамендуе тлумачыць праблемы даступнымі спосабамі: “Гэта не абавязкова павінен быць ліст у Еўракамісію, гэта можа быць проста пост у сацсетках, размова са знаёмымі”. Таксама, паводле яе слоў, дапамагае і матывуе наяўнасць платформы з рэсурсамі і кантактамі: “Калі ты кажаш ад імя арганізацыі, то ў цябе больш шанцаў быць пачутым”. І таксама раіць актывістам і актывісткам шукаць “мікрафоны”. Гэта могуць быць арганізацыі, людзі з падобнымі поглядамі. Разам быць пачутымі лягчэй, чым па-асобку.

Юрыстка Офіса Святланы Ціханоўскай Крысціна Рыхтэр — пра альтэрнатыўны агляд для ААН і дапамогу беларускім уцекачам у Польшчы

Крысціна Рыхтэр каардынавала працу па стварэнні альтэрнатыўнай справаздачы па рэалізацыі Мэтаў устойлівага развіцця ў Беларусі для ААН. Мэта якога ў тым, каб не даць дзяржаве у гэтым дастаткова мяккім механізме паказаць, быццам усё выдатна, усё добра.

Як каардынатарка, яна знайшла даследчыкаў і даследчыц, якія апісалі стан у сваёй галіне. Яе роля была тэхнічна-адвакацыйнай, гэта значыць сабраць каманду  і падрыхтаваць справаздачу. Даследчыкі і даследніцы абмяркоўвалі метадалогію і ставілі тэхнічныя заданні экспертам і эксперткам, якіх агулам назбіралася больш за 20 чалавек. Кожны раздзел справаздачы пісалі 1-2 чалавекі. У выніку ўвесь працэс заняў каля дзевяці месяцаў, але значную частку часу адняла падрыхтоўка да напісання дакумента.

Крысціна адзначае, што для агляду выбралі якасную метадалогію ў адрозненне ад колькаснай у дзяржаўнай справаздачы. 

«Мы бралі канкрэтныя падзеі і праз іх прызму апісвалі наступствы для дасягнення мэтаў. Напрыклад, дзяржава заяўляе, што ў 100% насельніцтвы ёсць доступ да адукацыі. Але пры гэтым у навучальных установах з’яўляецца пазіцыя ваенрука, які займаецца “патрыятычным выхаваннем”. Гэта значыць лічбы паказваюць адно, і ты можаш з імі пагадзіцца, але ёсць якаснае вызначэнне таго, што адбываецца», – тлумачыць юрыстка.

Пасля падрыхтоўкі агляду каманда вылучыла групы стэйкхолдэраў, якім трэба прэзентаваць дакумент – гэта міжнародныя НДА і дыпламатычны корпус. Крысціна падрыхтавала дыпламатаў, каб яны задавалі змястоўныя, канкрэтныя пытанні прадстаўніку Беларусі на прэзентацыі агляду ад дзяржавы, і ў тым ліку падрыхтавала для іх брыф пытанняў. Таксама каманда правяла асобныя сустрэчы з рознымі дэлегацыямі.

Крысціна тлумачыць, што калі не прыйсці і не расказаць, што насамрэч адбываецца ў краіне, ніхто не будзе дасканала разглядаць прэзентацыю ад дзяржавы і задаваць няёмкія пытанні.

Юрыстка зазначае, што Офіс не займаўся пытаннем у адзіночку: «Мы заўсёды партнёрыліся з рознымі арганізацыямі проста таму, што ў нас няма кампетэнцый адносна заканадаўства аб легалізацыі ў Польшчы. Мы працуем з профільнымі арганізацыямі, якія могуць падрыхтаваць для нас прапановы, а мы ў сваю чаргу пачынаем на палітычным узроўні хадзіць і дамагацца».

Як усё адбываецца?

Для пачатку юрысты і юрысткі Цэнтра беларускай салідарнасці падрыхтавалі зварот, які падпісалі каля 60 арганізацый. Яго адправілі ў канцылярыі прэзідэнта і прэм’ер-міністра, а таксама ў МУС. «Тут трэба разумець, што нічога не вырашаецца накіраваннем ліста. Гэта міф, што ты накіруеш петыцыю і ўсё зробяць», – удакладняе Крысціна.

Потым каманда мела сустрэчу ў канцылярыі прэм’ер-міністра, а таксама падрыхтавала камунікат для кааліцыі апазіцыйных партый. Але ў выніку на галасаванні за ўнясенне паправак для беларусаў і беларусак кіруючая партыя галасавала супраць – бо праўкі прапаноўвала апазіцыйная партыя. Гэта было памылкай, кажа Крысціна: «Трэба заўсёды разумець, што ў адвакацыі важная стратэгія і разуменне расстаноўкі сіл. Мы прывыклі да таго, што калі ў Беларусі аб’явілі прыняцце нейкага закона, то гэта значыць, што ён 100% будзе прыняты. А ў Польшчы гэта працуе зусім па-іншаму».

Аднак калі не атрымалася адзін раз – трэба паспрабаваць яшчэ раз. Неўзабаве Святлана Ціханоўская прыехала з візітам у Польшчу, і там у тым ліку арганізавалі сустрэчу ў МУС. 

Міністру ўнутраных спраў спадабалася прапанова стварыць рабочую групу, і на тым жа тыдні адбылася першая сустрэча. Група складалася з кіраўнікоў і кіраўніц дэпартаментаў і ўпраўленняў, гэта значыць, што яны “спусціліся” з заканадаўчага ўзроўню на выканаўчы. У выніку змены ў заканадаўства прынялі за 2,5 тыдні.

Крысціна лічыць, што ў міжнароднай адвакацыі важна падзяляць інтарэсы беларусаў і беларусак і замежнай дзяржавы. Трэба навучыцца дамаўляцца, навучыцца разумець, чаму тое ці іншае рашэнне можа быць прынята або не прынята на нашу карысць.

Яна рэкамендуе шукаць нестандартныя рашэнні і магчымасці, быць смелымі, а таксама развіваць свае навыкі і кампетэнцыі. «Адвакацыя – гэта не толькі пра напісанне ліста ці камусьці патэлефанаваць і дамовіцца. Гэта доўгі працэс, у якім трэба быць і чытальнікам, і жніцам, і ўмець канфлікты вырашаць, і рэсурсы знаходзіць, кааперавацца. Для гэтага трэба абсалютна розныя навыкі», – кажа Крысціна.

Найважнейшай высновай яна называе важнасць кааперацыі: трэба заўсёды працаваць разам з кімсьці, бо ў іншых арганізацый і людзей ёсць рэсурсы – экспертныя, палітычныя, фінансавыя. Варта таксама вучыцца ўкладаць рэсурсы, вызначаць, хто якую ролю грае і прагаворваць гэта загадзя або карэктаваць у працэсе.

Крысціна адзначае, што Офіс Святланы Ціханоўскай можа прабіць дарожку да дзяржорганаў у іншай краіне, але ўся праца ляжыць на тых, хто жыве ў гэтай краіне: «Візіт дае магчымасць. І гэтай магчымасцю трэба потым карыстацца. Мы не эксперты і эксперткі ва ўсім».