Чаму Эдуард Бабарыка — больш, чым сын свайго бацькі?

Чаму Эдуард Бабарыка — больш, чым сын свайго бацькі?

Эдуард Бабарыка — сын прэтэндэнта ў кандыдаты на пасаду прэзідэнта Віктара Бабарыкі. Часта гэта ўсё, што ведаюць людзі пра маладзёна, які ўтрымліваецца за кратамі без суда самы вялікі тэрмін з усіх палітвязняў — амаль тры гады. Аднак Эдуард зрабіў вялікі ўнёсак для развіцця беларускага грамадства як падчас перадвыбарчай кампаніі-2020, так і да яе. Распавядаем, чаму было б памылкай перамяньшаць ягоную ролю ў прасоўванні дэмакратычных каштоўнасцяў.

Займаўся краўндфандынгам

Да 2020 года Эдуард быў кіраўніком краўндфандынгавых платформаў Ulej і MolaMola. Гэта такія пляцоўкі, дзе ўсім светам можна было сабраць грошы, каб падтрымаць тыя ініцыятывы, якія падаюцца табе блізкімі. Гэта даўно папулярна ў развітых краінах свету, але ў Беларусі яны толькі-толькі пачыналі набіраць абароты, сутыкаючыся са шматлікімі бюракратычнымі складанасцямі. Краўндфандынг дапамагае грамадству больш актыўна ўключацца ў вырашэнне праблем, якія ўзнікаюць у краіне, а таксама будуе моцныя гарызантальныя сувязі — тое, чаго ўлады заўсёды баяліся.  

Асабліва ярка дзейнасць MolaMola была заўважаная падчас эпідэміі кавіду ў Беларусі. З іх дапамогай збіраліся грошы на сродкі індывідуальнай абароны, гарачыя абеды для медыкаў, падтрымку людзей сталага веку, жыхароў інтэрнатаў, бясхатнікаў, падрыхтоўку інфармацыйнай прадукцыі і г.д. У 2020 годзе Эдуард распавядаў, што займаецца падрыхтоўкай да запуску новага “Улья”. Каманда перарабіла дызайн, зрабіла карыстанне платформай больш зручным, выпусціла мабільную версію. Але праца пляцовак краўндфандынгу ў Беларусі была спыненая пасля затрымання Эдуарда.

Браў удзел у культурніцкіх праектах

Падчас працы з краўндфандынгам Эдуард Бабарыка спрычыніўся да працы шматлікіх культурніцкіх праектаў. “Улей” дапамог рэалізаваць у тым ліку тэатральныя пастановы, здымкі дакументальных і кароткаметражных мастацкіх фільмаў, выданне музыкальных альбомаў, сацыяльныя праекты.

Віктар і Эдуард Бабарыкі. Крыніца babariko.vision

Цэлы шэраг культурніцкіх арганізацый падпісалі ліст з патрабаваннямі вызваліць Віктара і Эдуарда Бабарыкаў. Падпісанты ліста адзначылі, што “ў сітуацыі, калі дзяржаўная палітыка ў сферы культуры арыентаваная пераважна на падтрымку лаяльных уладзе мастакоў, за апошнія гады Віктар і Эдуард Бабарыкі стварылі сапраўдную экасістэму для існавання беларускай культуры”.

Рэалізоўваў свае выбарчыя правы

Калі Віктар Бабарыка вырашыў удзельнічаць у выбарах, Эдуард стаў кіраўніком ягонага перадвыбарчага штаба. Па словах ягонай былой дзяўчыны Аляксандры Зверавай, Эдуард “з моманту прыняцця гэтага рашэння пахаў па 16 гадзін у суткі”.

Па-першае, згодна з артыкулам 32 Канстытуцыі Беларусі, дзяржава мусіць стварыць неабходныя ўмовы для свабоднага і эфектыўнага ўдзелу моладзі ў грамадскім жыцці, а не затрымліваць мужчыну, які нёс законна сабраныя подпісы ў ЦВК (што можна лічыць парушэннем права на гэты самы ўдзел у грамадскім жыцці).

Па-другое, згодна з артыкулам 36 Канстытуцыі Беларусі, Эдуард меў права ўдзельнічаць у дзеянні аб’яднанняў, якія былі створаныя для задавальнення ў тым ліку палітычных інтарэсаў. Таксама згодна з артыкулам 37 Канстытуцыі, кожны і кожная маюць права ўдзельнічаць у вырашэнні дзяржаўных спраў — а прэзідэнцкія выбары, безумоўна, з’яўляюцца такімі.

Згодна з 21 артыкулам Усеагульнай дэкларацыяй праў чалавека ААН, кожны чалавек мае права прымаць удзел у кіраванні сваёй краінай. Права прымаць удзел у дзяржаўных справах таксама пацвярджаецца і ў артыкуле 25 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, удзельніцай якога на момант затрымання Эдуарда Бабарыкі Беларусь яшчэ з’яўлялася.

Фота: Таццяна Капітонава
Крыніца: reform.by

Адвольна затрыманы

Пасля таго, як штаб Бабарыкі сабраў усе неабходныя подпісы для ягонага вылучэння ў кандыдаты ў прэзідэнты, Эдуарда затрымалі на шляху да ЦВК і змясцілі ў СІЗА КДБ. Праз больш, чым два гады, вынікае, што кейс маладзёна — самы яскравы прыклад парушэння дзяржавай прэзумпцыі невінаватасці. Згодна з ёй, ніхто не можа быць прызнаны вінаватым, пакуль ягоная віна не будзе даказаная падчас справядлівага судовага разбіральніцтва (артыкул 26 Канстытуцыі Беларусі, артыкул 11 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека). Суадносна, ніхто не можа быць пакараны за злачынства, пакуль ягоная віна не даказаная. А ці не пакараннем можна лічыць тое, што ўжо два з паловай гады Эдуард Бабарыка сядзіць у камеры ў жудасных умовах утрымання без суду? Адвольна затрыманы ў 2020 годзе, увесь гэты час ён атрымлівае адмовы на скаргі на ўтрыманне яго пад вартай.

Акрамя таго, дакладна вядома, што першы час пасля затрымання Эдуарда пазбаўлялі права на абарону (артыкул 22 Канстытуцыі, артыкул 7 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека) і дапытвалі без адваката. Гэтая сітуацыя характэрная для ўсіх затрыманых у Беларусі паводле палітычных справаў. Аднак нават у такіх умовах Эдуард працягвае паказваць нам усім прыклад: у невялічкай камеры ён займаецца ёгай, вучыць ангельскую, медытуе і нават чытае сукамернікам лекцыі па ядзернай фізіцы.

«Не забывайце пра тое, што цемра — гэта проста адсутнасць святла. З цемрай бессэнсоўна змагацца, бо яе, па сутнасці, не існуе, гэта ўсяго толькі “адсутнасць”. І адзінае, што можам рабіць, — гэта асвятляць свет сваімі добрымі справамі і думкамі. Гэта працуе кожны раз. Свяціцеся!» напісаў Эдуард у адным са сваіх лістоў.


Чаму гісторыя Дар’і Лосік — больш, чым проста пра жонку блогера?

Сядзіць, бо Белавус