Прэса пад прэсам: забарона на прафесію

Прэса пад прэсам: забарона на прафесію

З 2020 года беларускія СМІ, у тым ліку і моладзевыя, зазналі небывалы пераслед: іх матэрыялы прызнаюць “экстрэмісцкімі”, доступ да інфармацыі абмяжоўваюць, незалежныя медыя вымушаныя працаваць з-за мяжы. Зараз у няволі знаходзіцца больш за 30 прадстаўнікоў_ніц медыя Беларусі, на іх заведзеныя сфабрыкаваныя крымінальныя справы. Каля дзесяці з іх — маладзёны да 35 гадоў. Аднак свабода слова — адзін з грунтоўных падмуркаў для развіцця дэмакратыі ў краіне, за што маладых журналістаў_ак прымушаюць маўчаць?

Аляксандр Івулін

30-гадовы спартовы журналіст Tribuna.com, футбаліст “Крумкачоў” запусціў уласны Youtube-канал “ЧестнОК”, на якім распавядаў пра беларускі футбол. Сярод іншага, Саша падымаў праблемы, якія існуюць у сферы, а таксама гутарыў са спартоўцамі — у тым ліку тымі, хто падтрымліваў пратэсты.

Менавіта Саша выпусціў фільм пра Мікіту Крыўцова — футбольнага аматара, якога знайшлі павешаным.

Журналіст нават падпісаў прафесійны кантракт з футбольным клубам “Крумкачы” і зрабіў часткай кантэнта на канале свае першыя крокі ў свет прафесійнага спорта. Да яго ніхто не рабіў відэа падобнага фармата ў Беларусі. Івулін назваў гэты праэкт “А Саша выйдет?” са спасылкаю на знакамітую фразу пра “скиньте мяч”, маючы на ўвазе свой магчымы выхад на поле ў складзе футбольнай каманды.

Але фраза апынулася слоганам кампаніі па ягоным вызваленні. Следчы камітэт назваў кантэнт на канале журналіста відэазапісамі “пабуджальнага характару, каб стварыць негатыўную ацэнку дзейнай улады, дыскрэдытаваць палітычнае і сацыяльнае становішча ў краіне”, а беларускі суд вынес яму вырак — два гады калоніі.

Зараз Аляксандр Івулін на свабодзе, ён цалкам адбыў свой тэрмін зняволення.

Кацярына Бахвалава (Андрэева)

29-гадовую журналістку затрымалі падчас ейнага стрыма для “Белсат” з “Плошчы Пераменаў”, дзе адбываліся жорсткія разгоны пратэстоўцаў, і асудзілі спачатку да двух гадоў пазбаўлення волі, а потым ­— абвінавацілі ў “здрадзе дзяржавы” і павялічылі тэрмін да васьмі гадоў і трох месяцаў.

Кацярына вядомая сваімі рэпартажамі і прамымі эфірамі на “Белсат”, яна вяла стрымы з Маршаў, праводзіла апытанкі на вуліцах Мінска пра беларускую мову, а таксама закранала ў сваіх матэрыялах вострыя тэмы — напрыклад, карупцыю сярод чыноўнікаў_ніц. Яе неаднаразова затрымлівалі і прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці — бадай, толькі ў Беларусі гэта лічыцца паказчыкам якаснай працы журналістаў_ак. Разам з мужам Ігарам Ільяшом яна напісала кнігу пра ўдзел беларусаў_ак у вайне на ўсходзе Украіны, якую ўлады таксама прызналі “экстрэмісцкай”. 

Алесь Любянчук

34-гадовы журналіст, аператар і фатограф, які займаецца дабрачыннасцю, дапамагае дзецям-сіротам, арганізоўвае турыстычныя паходы і аднаўляе гісторыка-культурную спадчыну, трапіў пад яшчэ адзін від пераследа журналістаў_ак у Беларусі. Яго асудзілі за “удзел у экстрэмісцкім фармаванні”, хаця згодна з апошнімі звесткамі, Алесь ужо больш за год не супрацоўнічаў з медыя. У лістападзе 2020 года Любенчука затрымлівалі на 12 содняў.

Што не так?

Пераследуючы журналістаў_ак, улады парушаюць шэраг правоў і свабод, якія зафіксаваныя не толькі ў беларускай Канстытуцыі, але і ў міжнародных пагадненнях і дамовах – у тым ліку, Міжнародным пакце аб грамадзянскіх і палітычных правах. Нягледзячы на тое, што Беларусь дэнансавала свой удзел у пагадненні, на момант затрыманняў журналістаў і журналістак яна з’яўлялася краінай-удзельніцай Пакта.

Так, свабода выказвання меркавання гарантаваная артыкулам 33 Канстытуцыі і артыкулам 19 Пакта. У кантэксце працы СМІ вельмі важна адзначыць, што кожнаму і кожнай гарантаваная свабода не толькі мець меркаванне ці перакананне, але і магчымасць распаўсюджваць яго, да чаго і датычная праца журналістаў_ак. Таксама забараняецца манапалізацыя СМІ і цэнзура — але па факце праца ў Беларусі дазволеная толькі тым журналістам_кам, якія публікуюць тое, што хоча чуць дзяржава, поле незалежнай журналістыкі ў краіне цалкам вынішчанае. Гэта і ёсць і цэнзура, і манапалізацыя СМІ.

Акром таго, дзяржава парушае не толькі правы канкрэтных журналістаў_ак, калі забараняе ім распаўсюджваць факты і меркаванні, якія тыя лічаць патрэбнымі. Яна парушае права кожнай і кожнага ў Беларусі атрымліваць, захоўваць і распаўсюджваць інфармацыю пра тое, што адбываецца навокал. Напрыклад, адвольныя затрыманні за рэпост з каналаў, прызнаных “экстрэмісцкімі”, таксама можна лічыць парушэннем сваёй свабоды.

Чаму свабода выказвання меркавання ў СМІ наогул важная ў кантэксце пабудовы дэмакратычнага грамадства?

Рэалізацыя гэтага права дазваляе быць пачутымі людзям у грамадстве — і выданні тут з’яўляюцца пляцоўкай, дзе яны могуць выступаць, каб уздымаць праблемы і выказваць меркаванне. Ёсць нават так званая журналістыка рашэнняў, якая не проста агучвае праблемы, але і шукае, як можна выйсці з тых сітуацый, якія ўзнікаюць. Акрамя фунцыі медыятара, журналістыка дапамагае грамадству кантраляваць дзеянні дзяржавы, сачыць за тым, каб яна не перавышала свае паўнамоцтвы, дадзеныя ёй людзьмі, забяспечывала іх правы і свабоды. Менавіта за гэта журналістыку часта называюць “чацвертай” уладай. Больш за тое — СМІ дапамагаюць грамадству прагрэсаваць, акрэсліваюць арыентыры для развіцця. Усё гэта і становіцца падмуркам для дэмакратыі, што не раз адзначалі еўрапейскія інстытуты.

Напрыклад, згодна з рашэннем Пастаяннай Рады АБСЕ №193, свабодныя, незалежныя і плюралістычныя СМІ — неабходня ўмова існавання свабоднага і адкрытага грамадства і справаздачнай яму сістэмы кіравання. Аднак важна, што ў наш час не так проста прымусіць маўчаць усіх нязгодных. Усе выданні, з якімі супрацоўнічалі агучаныя ў тэксце журналісты_кі, працягваюць сваю працу — часам яшчэ больш упарта. Журналісты_кі, якія вызваляюцца, таксама працягваюць працу. Таму СМІ, насуперак палітыцы дзяржавы, загартоўваюцца ў рэпрэсіях, каб калісьці разам з грамадствам прыйсці да дэмакратыі.


Чым займаюцца палітзняволеныя жанчыны-праваабаронцы, якіх пераследуе дзяржава?

О, спорт, ты — яшчэ адзін метад ціску