Капіпаста не бро: як адаптаваць кантэнт у розных сацсетках?
- Адаптуем форму паста: пакрокавы план
- Падача кантэнту: што прынята ў маёй сацсетцы?
- Што рабіць, калі артыкул вялікі?
Сацсеткі, бязлітасныя да маркетолагаў, пакідаюць усё менш магчымасцяў для памылак: ужо цяпер чалавеку трэба 0,3 секунды, каб вырашыць, ці варта чытаць пост, а з гадамі нават гэтае імгненне скароціцца яшчэ больш.
Ці дапаможа адаптацыя прывабіць карыстальніка за такі кароткі час? Нават вельмі, але толькі калі абераце шлях true-адаптацыі.
Большасць праектаў капіпасціць аднолькавы кантэнт ва ўсе свае сеткі; хтосьці толькі падганяе памер фота і тэксту — гэта самы бюджэтны варыянт адаптацыі; але ёсць і тыя, хто падае інфармацыю, зыходзячы з фармату сацсеткі і чаканняў аўдыторыі. Менавіта апошні варыянт для нас бро.
True-адаптацыя мае заўважны недахоп: яна адымае шмат часу (або грошай). Калі ні таго, ні іншага ў вас няма, скарыстайцеся простай парадай:
Нават калі давядзецца адмовіцца ад некаторых рубрык, зрабіце гэта. Бо якасны кантэнт заўважаюць ахвотней, а значыць, ён прывабіць большую аўдыторыю і павысіць лаяльнасць да праекта.
Калі згодныя, расказваем вам, як гуляць па правілах кожнай сацсеткі і здолець вылучыцца: бясплатна і без рэгістрацыі.
Адаптуем форму паста: пакрокавы план
Вось жа, у вас ёсць інфанагода, артыкул ці навіна — ужо вельмі добра. Цяпер з дапамогай тэксту і візуалу вам трэба падаць інфармацыю так, каб заахвоціць аўдыторыю зрабіць пэўнае дзеянне: пакінуць каментар, дадаць у закладкі, наведаць мерапрыемства, заданаціць і г.д. Прынцыпы падачы падобныя для любога тыпу кантэнту.
- Трымайцеся памернасці малюнкаў і фатаграфій
Замест тысячы пазнак проста захавайце сабе табліцу з памерамі выяваў для кожнай сацсеткі. Яна будзе вам карысная, пакуль якая-небудзь з сацсетак не абновіць памеры, а пакуль — карыстайцеся.
Падагнаць малюнак пад любую сацсетку вам таксама дапаможа гэты сэрвіс. Адзін з самых папулярных і зручных сэрвісаў для працы з выявамі ў сацсетках — canva.com. У яго нічога ўбіваць не трэба: рэсурс сам ведае, які памер выяваў патрабуе тая ці іншая сетка.
Раім вывучыць гэты інструмент больш падрабязна, каб любы візуал рабіць на раз-два.
Парада для тых, хто выкарыстоўвае адну прастакутную выяву, а потым усяляк яе абразае: не размяшчайце важныя элементы па краях. Гэтага ў любым выпадку рабіць не варта, як і драбніць у сэнсаўтваральных элементах, але, абразаючы, вы рызыкуеце страціць іх назусім. Зусім-зусім.
- Падбірайце малюнкі і фота, якія чапляюць аўдыторыю
Што значыць чапляюць? Вы лепей ведаеце, на што звяртае ўвагу вашая МА, аднак мы дакладна можам сказаць, што не варта выбіраць безаблічныя і банальныя фота, якімі патэнцыйна можна ілюстраваць вельмі шырокі спектр сітуацый. Вось не так:
Найлепшы спосаб — рабіць фотаздымкі самастойна. Так лягчэй трымацца тэматыкі і колеравай палітры акаўнту. Аднак калі такой магчымасці няма — фотастокі вам у дапамогу: unsplash.com, pixabay.com, stocksnap.io — надзейныя бро. Калі займаецеся сацыяльнай, інклюзіўнай праблематыкай, асабліва рэкамендуем pexels.com: яны маюць вялікі банк тэматычных фота.
Калі вы дагэтуль думаеце, што выбіраць эстэтычныя фота — гэта дар усявышняга, то мы развеем ілюзію. Развіваецца нагледжанасць праз фотастокі, сэрвісы Canva, Instagram, Crello, Pinterest, 99designs. Гэта важна рабіць увесь час, каб не ператварыцца ў кансерву і не сапсаваць акаўнт пахам нафталіну.
- Трымайцеся памернасці і акуратнасці пастоў
Што да тэксту, не забывайце пра агульныя правілы:
- не пісаць больш за 4-5 абзацаў;
- разнастаіць доўгія пасты інфаграфікай;
- адбіваць абзацы пустым радком;
- перамешваць вялікія і малыя абзацы, сказы;
- дадаваць падзагалоўкі ў вялікіх тэкстах;
- геапазнакі і хэштэгі ў Instagram.
Падача кантэнту: што прынята ў маёй сацсетцы?
Акаўнт у кожнай сацсетцы — асобны арганізм, са сваімі тараканамі і шкілетамі ў шафе. І калі тараканы бачныя адразу, то шкілеты хаваюцца глыбей, а менавіта — у падачы.
Чатыры кіты, на якіх трымаецца сучасная сацыяльная медыяпрастора Беларусі: Instagram, Facebook, Telegram, УКантакце. Каб дамагчыся поспеху ў кожнай з гэтых сетак, спачатку трэба вызначыцца, якая аўдыторыя там збіраецца і з якой мэтай. Так мы лёгка зробім кантэнт больш чаканым, што ў дадзеным выпадку згуляе ў плюс.
Самае важнае адрозненне гэтай сацсеткі — візуал на першым месцы.
Каб прасунуць свой праект у Instagram, раім выкарыстоўваць напоўніцу яго асаблівасці: асвоіць карусель з выявамі, пісаць паменей тэксту, заклікаць да дзеяння.
У большасць пастоў раім змясціць CTA (call to action), каб наладзіць інтэрактыў з аўдыторыяй. І гэта не павінны быць банальныя «пастаў лайк, напішы каментар», бо карыстальнікі ў лепшым выпадку такое не заўважаюць, а ў горшым — раздражняюцца. Нашмат больш эфектыўна працуюць дыскусіі (а што вы думаеце з гэтай нагоды?) або вострае, спрэчнае выказванне ў канцы тэксту, якое захочацца адкаментаваць. Глядзіце па вашай аўдыторыі.
Асноўныя формулы заклікаў да дзеяння
1. Дзеянне
Замовіць званок. Падпісацца на рассылку.
2. Дзеянне + абмежаванне па часе
Атрымаць зніжку −25%, падпісаўшыся на рассылку.
3. Дзеянне + выгада
Атрымаць падборку топ-5 лепшых гатэляў у Турцыі на пошту / Замовіць бясплатны выклік кур’ера.
4. Дзеянне + выгада + дэдлайн
Атрымаць бясплатны доступ на 30 дзён толькі сёння.
Instagram — не самы зручны інструмент, каб дзяліцца спасылкамі. Але калі вельмі трэба, то дадаваць іх у пасты не варта нават спрабаваць. Для гэтага скарыстайцеся апісаннем профілю або дрэвам спасылак: taplink, linktrip.
Зараз Instagram дазволіла дадаваць спасылкі ў сторыс усім карыстальнікам і карыстальніцам. Каб прымацаваць спасылку ў сторыс, трэба загрузіць жаданае фота або відэа, націснуць на раздзел «налепкі», затым выбраць функцыю «спасылка» і размясціць яе ў патрэбным месцы. Перайсці па спасылцы змогуць усе карыстальнікі і карыстальніцы, якія ўбачаць сторыс.
У нашых шыротах Facebook прыжыўся як прафесійная сацсетка, а таксама як пляцоўка для грамадзянскіх і культурных ініцыятыў. Ён арыентаваны на меркаванні, асабліва асабістыя, так што ў гэтую сацсетку людзі заходзяць па канфлікт у шырокім разуменні гэтага слова.
Выдатны фідбэк набіраюць уражанні пра мерапрыемствы, сітуацыі з жыцця, палітыку, а таксама выказванні вядомых людзей.
У адрозненне ад Instagram, тут больш істотнае значэнне мае тэкст. А калі дакладней, то людзі заходзяць на Facebook менавіта пачытаць, а не паглядзець.
Але не расслабляйцеся: пост без ілюстрацыі таксама чытаць наўрад ці будуць. У фэйсбучным фармаце ўдала падаваць інфармацыю як артыкулы, міні-артыкулы і меркаванні.
УКантакце
Аўдыторыя УКантакце гатовая ўспрымаць куды менш сур’ёзны кантэнт, чым у Facebook і нават у Instagram. Сюды прыходзяць у асноўным за тым, каб адпачыць галавой: паслухаць музыку, паглядзець мемы.
Гэта не значыць, што аўдыторыя закрытая для сур’ёзнага кантэнту, проста падаваць яго трэба адпаведна, а менавіта:
- інтэрактыўна — стварайце апытанні, кантактуйце з аўдыторыяй;
- лаканічна — вялікія тэксты дакладна не зойдуць, выбірайце самае галоўнае;
- акцэнтна — каб адразу было зразумела, на што звярнуць увагу.
УКантакце любіць ілюстрацыі і відэа, а вось спасылкі — не вельмі ок. Так што раім выкарыстоўваць любы інтэрактыў для прыцягнення ўвагі, але ў межах гэтай сеткі.
Telegram
Аўдыторыю гэтай сацсеткі (па сутнасці мэсэнджара) адрознівае дзелавая скіраванасць: там сядзіць шмат прадпрымальнікаў і прадпрымальніц, айцішнікаў і айцішніц, фрылансараў і фрылансарак, прадстаўнікоў і прадстаўніц рознага бізнэсу. Мужчын, дарэчы, болей, чым жанчын. Гэтая аўдыторыя гатовая вучыцца і пазнаваць новае, так што за рэальна карысны кантэнт аддадуць душу.
Аднак гэтая сетка, як ніякая іншая, рызыкуе быць перагружаная кантэнтам: калі чалавек падпісаны на дзясяткі каналаў, у яго застаецца яшчэ менш часу ацаніць, ці варта чытаць пост/артыкул. Так што патрабаванні да падачы даволі высокія.
Кантактуйце са сваімі падпісчыкамі і падпісчыцамі, зрабіце разнастайным кантэнт, прымацоўвайце кнопкі з эмодзі, апытанні, спасылкі, артыкулы. Жартоўная інфармацыя таксама мае права быць, толькі падаваць яе варта як асабістае меркаванне.
Telegram — найменей патрабавальная да візуалу сетка, і некаторыя пасты можна нават пакінуць без яго. Але калі вырашылі ілюстраваць інфармацыю, падбярыце якасную выяву.
Што рабіць, калі артыкул вялікі?
Вялікі артыкул можна змясціць у любую сацсетку, і калі лічыце, што для вашага фармату гэта дарэчна — калі ласка. Толькі рабіце гэта пісьменна, выкарыстоўваючы спецыяльныя інструменты, якія прапаноўваюць сеткі:
- Instagram — скарыстайцеся гайдам: ланцуг з некалькіх пастоў, якія можна аб’яднаць.
- УКантакце — інструмент «Артыкулы»: вікістаронкі, якія сэрвіс прапаноўвае аўтаматычна, калі вы публікуеце аб’ёмны матэрыял (опцыя «працягнуць у рэдактары»). Праілюстраваць іх можна асобна.
- Telegram — опцыя Telegraph, да артыкулаў у якой варта падбіраць якасныя выявы, бо менавіта яны бачныя на прэўю. Каб выкарыстаць telegraph, вам спатрэбіцца падключыць бота.
Функцыі артыкулаў няма толькі ў Facebook, аднак памер пастоў у гэтай сетцы не абмежаваны, так што пры жаданні і лангрыд напісаць можна.
Рабіце кантэнт даступным: так і вы зможаце лепей дамагацца мэтаў праекта, і аўдыторыя будзе вам удзячная за тое, што вы не змарнавалі ейны час. А калі хочаце лепей разумець, як скласці візуальны стыль, тут распавядаем пра гэта проста і зразумела.