Як стварыць якасную інфаграфіку за 15 хвілін?
- Як працаваць над інфаграфікай?
- Як пабудаваць графік?
- Дзе пабудаваць інфаграфіку?
- Дзе апублікаваць інфаграфіку?
Інфаграфіка — гэта элемент візуальнага сторытэлінгу, які дазваляе чытачу або чытачцы не толькі лепей успрыняць тэму, але і асэнсаваць ейныя рэальныя маштабы.
Інфаграфіка для артыкулаў, асабліва аналітычных, дазваляе з дапамогай графікаў, дыяграм і схемаў падаць нагляднае візуальнае параўнанне дадзеных.
Як працаваць над інфаграфікай?
Інфаграфіка не заўсёды павінна быць усёабдымнай, але абавязаная наглядна адказваць на пытанні, каб дапамагчы раскрыць тэму, даць пацвярджэнне фактам у тэксце, напрыклад: «Які год быў самым дажджлівым?», «Як структура знешняга гандлю краіны змянілася за 10 гадоў?», «У якой краіне болей спортпляцовак на душу насельніцтва?» і г.д.
Ствараючы інфаграфіку, лепей прытрымлівацца дакладна прадуманага алгарытму, бо праца з дадзенымі — гэта праца з фактамі. Раім арганізаваць яе наступным чынам.
- Вызначце тэму, праблему, гіпотэзу, аўдыторыю і дзеянні, якія ад яе чакаюцца.
Напрыклад: тэма — Дзень моладзі. Праблема — нізкая цікавасць да здаровага ладу жыцця. Гіпотэза — у Беларусі моладзь мае мала месцаў, каб займацца спортам ля дома. Аўдыторыя — маладыя людзі Беларусі. Дзеянні, што чакаюцца, — новы погляд, інфармаванне і фокус на праблеме. - Атрымайце дадзеныя.
Інфармацыю можна ўзяць з нацыянальных статыстычных ведамстваў, міжнародных парталаў дадзеных, знайсці пошукам па рэлевантных запытах, адправіць запыты ў дзяржаўныя органы або правесці ўласнае даследаванне. - Ачысціце дадзеныя.
Знойдзеныя дадзеныя часцей за ўсё могуць змяшчаць непрыдатнае фарматаванне, дублікаты або мець іншыя праблемы. Для працы з імі звычайна выкарыстоўваюцца таблічныя рэдактары: Excel, Google Spreadsheets або LibreOffice Calc, але ёсць і спецыялізаваныя інструменты кшталту OpenRefine і інш. - Ацаніце дадзеныя, абярыце фокус і знайдзіце гісторыю.
Вярніцеся да першага пункту і ацаніце, як можна раскрыць гіпотэзу. Напрыклад, шляхам аналізу дадзеных з картаў OSM можна параўнаць колькасць абсталяваных спортпляцовак у гарадах Беларусі з гарадамі ў суседніх краінах. - Аналізуйце, сартуйце, фільтруйце і скрыжоўвайце дадзеныя.
Як правіла, не ўся знойдзеная інфармацыя вам спатрэбіцца, і яе неабходна будзе адфільтраваць па пэўным параметры. Падумайце, як лепей будзе падаць праблему, з чым параўнаць, магчыма, будзе карысна дадаць звесткі з іншых крыніц. Напрыклад, можна не толькі сабраць статыстыку па спортпляцоўках горада, але і папярэдне ацаніць, як іх колькасць суадносіцца з колькасцю насельніцтва ў гэтых гарадах. Магчыма, на скрыжаванні з іншымі датасэтамі выявіцца нешта цікавае. - Візуалізуйце.
Як пабудаваць графік?
Галоўнае, лічыце, вы ўжо зрабілі: сабралі дадзеныя і выбралі прыдатны спосаб візуалізацыі (паглядзець, якія яны бываюць і як прымяняюцца, можна, напрыклад, на рэсурсах datavizproject.com і datavizcatalogue.com). Цяпер важна ўсё не сапсаваць, бо дрэнная падача можа зрабіць візуалізацыю незразумелай і заблытаць людзей.
Каб такога не адбылося, прыслухайцеся да парадаў:
- Малюйце эскізы на паперы.
- Выдаляйце лішняе, пакідайце мінімум колераў і шрыфтоў.
- Прапішыце выснову ў загалоўку.
- Рабіце анатацыі для ключавых пунктаў графіка.
- Пазбягайце лішніх легенд, падпісвайце дадзеныя побач з адпаведнымі элементамі графіка.
- Не забывайце сартаваць і ранжыраваць дадзеныя.
- Падпішыце крыніцу дадзеных.
Дзе пабудаваць інфаграфіку?
Інструментаў, каб хутка і якасна пабудаваць графікі і дыяграмы, шмат. Спынімся на самых зручных і шматфункцыянальных з іх:
datawrapper.de — зручны рэсурс, які дазваляе зрабіць якасную візуалізацыю за некалькі крокаў. Тут першапачаткова добра наладжаны дызайн, а таксама можна паглядзець візуалізацыі, якія рабілі іншыя карыстальнікі і карыстальніцы сэрвісу, і вывучыць іхныя наладкі.
flourish.studio — сэрвіс, у якім можна зрабіць і вельмі дэтальна наладзіць знешні выгляд візуалізацый розных тыпаў і карт.
infogram.com — сэрвіс для стварэння простай інфаграфікі, з якім зможа разабрацца за 5 хвілін кожны і кожная. Змяшчае шмат гатовых шаблонаў, так што калі да дызайну ў вас няма вельмі высокіх патрабаванняў, ён вам прыдасца.
piktochart.com — сэрвіс, падобны да папярэдняга, для хуткага стварэння простых візуалізацый шляхам перацягвання фігур, элементаў тэксту і ўжывання шаблонаў.
Для падбору колеравых палітраў вам дапаможа сэрвіс coolors.co, з дапамогай якога можна падабраць зручную для ўспрымання і гарманічную колеравую гаму.
Дзе апублікаваць інфаграфіку?
Куды змясціць інфаграфіку, залежыць ад таго, для якога медыя вы яе робіце, з якой мэтай. Часцей за ўсё рэсурсы для пабудовы інфаграфікі прапаноўваюць захаваць ейны код для ўстаўкі, які пасля можна размясціць на сайце. Таксама звычайна даступная наўпроставая спасылка, якой можна падзяліцца ў сацсетках. Калі вы спрабуеце ствараць свой праект, але платформы няма, то для больш складанага сторытэлінгу з візуалізацыямі даволі зручная вёрстка ў tilda.cc і readymag.com.
Таксама варта трэніраваць нагледжанасць і сачыць за якаснымі прыкладамі выкарыстання візуалізацыі дадзеных у медыя, напрыклад NYT, Washington Post, The Guardian і іншых найбуйнейшых выданнях, а таксама добрыя працы за апошняе дзесяцігоддзе сабраныя на сайце аднаго з конкурсаў інфаграфікі.