Заява БНМС “РАДА” у сувязі са зменамі кодэксаў па пытаннях крымінальнай адказнасці

Заява БНМС “РАДА” у сувязі са зменамі кодэксаў па пытаннях крымінальнай адказнасці

Мы, саюз трыццаці трох дэмакратычных моладзевых арганізацый і ініцыятыў Беларусі, створаны з мэтай кансалідацыі беларускіх моладзевых арганізацый і ініцыятыў грамадзянскай супольнасці дзеля прадстаўлення, прасоўвання і абароны агульных інтарэсаў, рэалізацыі права на свабоду мірных сходаў і іншых канстытуцыйных правоў, прадстаўленыя кіруючым органам – Саветам “РАДА”, выступаем з наступнай заявай.

21 лютага дэпутаты Палаты Прадстаўнікоў у другім чытанні прынялі праект закона “Аб змене кодэксаў па пытаннях крымінальнай адказнасці”. Згодна з праектам закона ў частцы 2 артыкула 356 Крымінальнага кодэкса за здраду дзяржаве, учыненую службовай асобай, якая займае дзяржаўную пасаду, або асобай, на якую распаўсюджваецца статус ваеннаслужачага, прадугледжваецца прымяненне пакарання смерцю.

Пры гэтым паняцце “здрада дзяржаве” з’яўляецца расплывістым і адкрытым для тлумачэння, што можа прывесці да злоўжывання і вынясення неправамерных прысудаў. Дзяржаўныя органы могуць выкарыстоўваць абвінавачанне ў здрадзе як спосаб здушыць іншадумства, што ў сваю чаргу акажа пераважнае ўздзеянне на свабоду слова і правы чалавека ў Беларусі.

У сувязі з гэтым мы з вялікім шкадаваннем адзначаем чарговае пашырэнне прымянення выключнай меры пакарання, якое толькі падкрэслівае нездаровую сітуацыю ў Беларусі, калі дзяржава дзейнічае толькі пагрозамі забойства сваіх грамадзянаў у той час, калі грамадства мае патрэбу ў мірным дыялогу. Нагадаем, што папярэдняе пашырэнне прымянення смяротнага пакарання было менш за год таму

Мы паслядоўна выступаем супраць ужывання смяротнага пакарання і заклікаем да дзеянняў у гэтым кірунку. Многія краіны свету адмянілі смяротнае пакаранне ў імкненні да захавання права на жыццё, справядлівасці і эфектыўнасці ў стрымліванні злачыннасці.

Сярод іншых важных змен — даданне ў Крымінальны кодэкс артыкула 289-1 “Прапаганда тэрарызму”. Палітычны рэжым Лукашэнкі мае доўгую гісторыю прыгнечання палітычнай апазіцыі і іншадумства, выкарыстоўваючы прававую сістэму ў якасці інструмента рэпрэсій. Уключэнне ў Крымінальны кодэкс гэтага артыкула дасць рэжыму яшчэ адзін інструмент для пераследу і пакарання тых, хто выступае з крытыкай у яго адрас. Адсутнасць дакладных і празрыстых крытэрыяў для вызначэння тэрарыстычных арганізацый і тэрарыстычнай дзейнасці таксама выклікае засцярогу наконт адвольнага і дыскрымінацыйнага прымянення закона.

Нагадаем, што міжнародная супольнасць неаднаразова выказвала занепакоенасць сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі, у тым ліку прымяненне гвалту, запалохвання і рэпрэсій супраць мірных дэманстрантаў_ак і грамадзянскай супольнасці. Даданне ў Крымінальны кодэкс расплывістага і празмеру шырокага складу злачынства толькі ўзмацняе гэтыя засцярогі і павышае рызыку далейшых парушэнняў правоў чалавека.

Усё гэта прыводзіць нас да высновы, што прынятыя Палатай Прадстаўнікоў змены будуць перашкаджаць пабудове грамадскага дыялогу, паколькі будуць выкарыстаныя рэжымам Лукашэнкі ў якасці інструмента рэпрэсій супраць грамадзянскай супольнасці і насельніцтва.


У сувязі з гэтым, мы:

  • Ізноў заяўляем аб сваім патрабаванні неадкладнага і безумоўнага вызвалення ўсіх палітычных зняволеных.
  • Нагадваем, што ў Беларусі працягваецца барацьба за дэмакратычныя каштоўнасці і заклікаем улады краін свету да ўсебаковай адкрытай падтрымкі грамадзянскай супольнасці Беларусі.
  • Заклікаем улады краін свету да ўзмацнення санкцыйных мер у дачыненні да рэжыму Лукашэнкі і разгляду іншых варыянтаў палітычнага ціску.
  • Заклікаем міжнародную супольнасць працягваць сачыць за сітуацыяй у Беларусі і ціснуць на ўрад для забеспячэння павагі правоў чалавека і падтрымкі вяршэнства закону.