О, спорт, ты — яшчэ адзін метад ціску

О, спорт, ты — яшчэ адзін метад ціску

У 2015 годзе Міжнародная хартыя фізічнага выхавання, фізічнай актыўнасці і спорта ЮНЭСКА задэкларавала доступ да фізічнай адукацыі як фундаментальнае права кожнага чалавека. Гэта значыць, што доступ да фізічнай актыўнасці мусіць быць забяспечаны ў тым ліку і зняволеным. Аднак шмат хто з маладых спартоўцаў і спартовак, якія прагнулі рэалізацыі сваіх правоў, праз гэта апынуліся за кратамі. Цяпер для іх ствараюцца немагчымыя ўмовы для заняткаў спортам.

Што важна разумець?

Неаднаразова тыя, хто прайшоў зняволенне ў Беларусі, распавядалі пра такія ўмовы ўтрымання, пры якіх займацца нават мінімальна фізічнымі практыкаваннямі немагчыма. Больш за тое ­— часта спорт яшчэ больш пагаршае стан чалавека, таму што паўнавартасныя заняткі забіраюць шмат сілаў, якія немагчыма ўзнавіць: непаўнавартаснае харчаванне, цяжкая праца і пастаяннае знаходжанне палітвязняў у ШІЗА робяць чалавека слабым.   

Калі ў гэтым рэчышчы гаварыць пра спартоўцаў і спартовак, то становіцца відавочным, што палітычныя рэпрэсіі фактычна апынаюцца не толькі ціскам унутры сістэмы, але таксама і пазбаўленнем права на справядлівыя і спрыяльныя ўмовы працы, якое зафіксаванае ў сёмым артыкуле Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Калі чалавека пазбаўляюць магчымасці трэніравацца, каб падтрымліваць сябе ў годнай прафесійнай форме, ён ці яна губляе свае прафесійныя якасці. Былыя палітвязні падкрэсліваюць, што ім доўга даводзіцца фізічна і псіхалагічна ўзнаўляцца пасля зняволення, пачынаць засвойваць практыкаванні з нуля. Гэта ўсё прыводзіць да немагчымасці працягваць спартовую кар’еру нават пасля выхаду з месцаў несвабоды, нават калі людзі правялі там некалькі месяцаў.

Хто з маладых спартоўцаў апынуўся пад палітычнымі рэпрэсіямі?

Іван Котаў

24-гадовы Іван Котаў — спартовец і блогер са Смалявіцкага раёну, што ў Мінскай вобласці. У 2017 годзе ён атрымаў разрад кандыдата ў майстры спорту па безэкіпіровачнаму паўэрліфтынгу, а ў 2020 — атрымаў вышэйшую адукацыю ў гілане тэхнічнага забеспячэння эксплуатацыі спартовых аб’ектаў. Таксама Іван захапляецца футболам, валейболам і вядзе ўласны ютуб-канал “ВлогИКа”, дзе выпускае рэпартажы з матчаў. Таксама там з’яўляліся інтэрв’ю са спартсмэнамі, якія падтрымлівалі пратэст. А раней хлопец таксама вёў і сацсеткі футбольнага клубу “Энергетык-БДУ”.

Цяпер яго судзяць паводле чатырох артыкулаў крымінальнага кодэкса за ўдзел у чатах, а таксама каментары. Фактычна пераслед спартоўца за аб’яднанне ў чаце ­— гэта парушэнне яго права на свабоду аб’яднанняў (артыкул 36 Канстытуцыі), а суд за каментары не ўлічвае свабоду выказваць меркаванне (артыкул 33 Канстытуцыі), што таксама ўтрымлівае і магчымасць яго распаўсюджваць.     

Дзяніс Марусевіч

27-гадовы Дзяніс Марусевіч — майстар спорту па каратэ, рукапашным баі і армейскім рукапашным баі, быў сябрам нацыянальнай зборнай па каратэ і неаднаразова прадстаўляў краіну на міжнародных спаборніцтвах. Маці Дзяніса адзначала яго шматлікія перамогі ў складзе каманды. Да ліпеня 2020 году Дзяніс таксама быў у 38-й Брэсцкай дэсантна-штурмавой брыгадзе, у складзе якой перамог на чэмпіянаце СНД па рукапашным боі. У апошнім слове мужчына ўпэўнена казаў, што судзяць людзей, якія проста хочуць свабодна выказвацца, мець права на свабоду выбару і свабоду меркавання.

«Я не магу заставацца ўбаку, калі перад строем АМАПу на каленях стаяць дзяўчынкі і старыя і просяць іх не біць, бо яны не ворагі. Я не магу сабе дазволіць у такія моманты сядзець у барах і піць піва, як некаторыя. Не магу. Трэба было гадаваць мяне баязліўцам», — патлумачыў ён маці свой удзел у мірным сходзе.

Яго асудзілі да чатырох гадоў калоніі за ўдзел у Маршы ў яго родным Брэсце 10 жніўня 2020 году — гэта з’яўляецца парушэннем права на свабоду мірных сходаў (артыкул 35 Канстытуцыі), пакуль не было даказана, што падчас Маршаў быў чыннік гвалту. Таксама парушанае яго права на асабістую свабоду: як і ўсе палітвязні, Дзяніс быў адвольна затрыманы. Вядома, што ў калоніі ён стаў чэмпіёнам па боксе.

Вадзім Чапялевіч

28-гадовы Вадзім Чапялевіч — дзіцячы трэнер клуба “Дынама-Брэст”, якога асудзілі да трох гадоў зняволення за ўдзел у тым жа Маршы, што і Дзяніса Мартусевіча. Ён нарадзіўся ў вёсцы Яромічы Кобрынскага раёну. Спачатку гуляў у футбол сам, але траўмаваўся і рана скончыў кар’еру, у якасці гульца паспеў хіба што дэбютаваць у кобрынскай камандзе, калі яму споўнілася 18. Вадзім быў высокім цэнтральным абаронцам, былы аднаклубнік называў яго “не надта тэхнічным, але самаадданым”. Потым выдатна закончыў універсітэт і стаў трэнерам. Да затрымання ён працаваў з хлопцамі 2009-2010 гадоў нараджэння і вельмі любіў працу, пастаянна ўдасканальваў свае веды. Яго каманда перамагла на адным з турніраў, дзе ўдзельнічалі хлопцы з усёй краіны. Пасля суду над Вадзімам яго вучні прыехалі наведаць яго матулю.

Складана сказаць, як складзецца лёс маладзёнаў, якія на такі час апынуліся без паўнавартасных трэніровак. Хутчэй за ўсё ім давядзецца змяніць дзейнасць, бо вярнуцца ў вялікі спорт пасля такога вымушанага перапынку і падарванага здароўя наўрад ці магчыма.


Чым займаюцца палітзняволеныя жанчыны-праваабаронцы, якіх пераследуе дзяржава?

Чаму гісторыя Дар’і Лосік — больш, чым проста пра жонку блогера?