CreateCulture Group і sekktor запрашаюць на ПРАЕКТАР пратэсціць свае ідэі!

CreateCulture Group і sekktor запрашаюць на ПРАЕКТАР пратэсціць свае ідэі!

CreateCulture Group і sekktor запускаюць “ПРАЕКТАР” – серыю афлайн- і анлайн-пітчынгаў для культурніцкіх дзеячаў і дзяячак, якія шукаюць новых партнёраў, пляцоўкі, членаў каманды і любую магчымую падтрымку.

Фармат

Фармат уяўляе сабой хуткія прэзентацыі праектных ідэй і іх абмеркаванне з адмыслова запрошанымі гледачамі. Асноўная матывацыя арганізатарак – стварыць утульную прастору для развіцця сувязяў паміж творчымі беларусамі, абмену кантактамі, парадамі і пошуку самых розных рэсурсаў. Да удзелу запрашаюцца як выступоўцы, гатовыя прадставiць сваю iдэю, так i патэнцыйныя партнеры i партнёркi, эксперты i эксперткi, i зацiкаўленая публiка.

– Зараз з’яўляецца ўсё больш важных і цікавых ініцытываў, праектаў, і такі фармат нам падаецца зручным, каб падтрымаць адно аднаго і трымаць у курсе справаў, – тлумачыць Надзея Ількевіч, сузаснавальніца CreateCulture Group. – Мы хочам праверыць фармат пітчынгаў афлайн ў Вільні, каб на падставе гэтага досведу запусціць рух-франшызу такіх мерапрыемстваў у розных гарадах.

– Для тых, хто хоча бачыць і падтрымліваць сувязі ў беларускай культурніцкай супольнасці безадносна геаграфіі, мы прапануем анлайн-пітчынгі, – кажа Кацярына Раманчык, каардынатарка медыяпраекта sekktor. – Мы пачнем з праектаў, якія плануюцца да рэалізацыі ў Польшчы, аднак далей не будзем абмяжоўвацца адной краінай.

Паралельная задача такіх мерапрыемстваў – узмацніць навыкі хуткай прэзентацыі свайго праекта.

Дзякуючы наяўнасці прызавога фонду, на першых 4-х пітчынгах лепшыя пітчы змогуць атрымаць 150 еўра на развіццё праекта.

Першы афлайн-пітчынг адбудзецца ў Вільні 10 сакавіка а 19-ай у прасторы CreateCulture Space. На мерапрыемстве можна будзе прадставіць культурніцкія праекты на любыя тэмы. Мовы: беларуская, расейская.

Анлайн-версіі пітчынгаў арганізуюцца праектам sekktor i будуць факусавацца на асобных сферах дзейнасці, а таксама на лакалізацыі партнёраў, якія шукаюцца. Такім чынам, першыя тры анлайн-пітчынгі будуць арыентавацца на беларускія ініцыятывы на тэрыторыі Польшчы. Адпаведна, выступоўцам трэба быць гатовымі прадставіць свае ідэі па-ангельску ці па-польску.

Расклад бліжэйшых пітчынгаў “ПРАЕКТАРа” анлайн:

  • 10 сакавіка: “Перфарматыўныя праекты” 15:00 СЕТ
  • 17 сакавіка: “Сучаснае мастацтва. Экспазіцыйныя праекты” 15:00 СЕТ
  • 24 сакавіка: “Літаратурныя праекты” 15:00 СЕТ.

Каб прадставіць свой праект, неабходна:

  1. Запоўніць на сайце форму заяўкі разам са стартавай прэзентацыяй сваёй ідэі.
  2. Атрымаць пацверджанне арганізатарамі
  3. Дапрацаваць сваю прэзентацыю пры падтрымцы арганізатарак
  4. Патрэніравацца на рэпетыцыі пітчынгу, якая адбудзецца за 2 дні да выступу.

Дэдлайн рэгістрацыі на афлайн і анлайн “ПРАЕКТАР”: 5 сакавіка 23:59 CET.

Падрабязней на сайце: praektar.com

Задаць пытанне арганізатаркам можна праз email:
[email protected]
[email protected]