Як улады пераследуюць моладзь з уразлівых групаў?

Як улады пераследуюць моладзь з уразлівых групаў?

Пад палітычны пераслед у Беларусі трапляе і моладзь з уразлівых групаў. Людзі з інваліднасцю, хворыя на эпілепсію і разлад асобы, маладыя бацькі становяцца ахвярамі рэпрэсій. Правы гэтых людзей парушаюцца аднолькава з астатнімі, але для іх умовы зняволення апынаюцца яшчэ большым катаваннем, чым для іншых. Таму ў гэтым кантэксце варта ставіцца да іх як да асабліва ўразлівых групаў грамадства.

Андрэй Сачэўка

prisoners.spring96.org

26-гадовага Андрэя Сачэўку асудзілі да шасці гадоў калоніі за ўдзел у адным з Маршаў у Гародні, каментары ў чаце і размяшчэнне на асабістай старонцы ў сацыяльнай сетцы відэа, дзе Лукашэнка прымае прысягу пад бела-чырвона-белым сцягам. Прычым не было даказана, што маладзён сапраўды знаходзіўся на Маршы, удзел у якім яму паставілі ў віну. Але нават калі б і так, пакараўшы яго за такія дзеянні, дзяржава парушыла адразу некалькі правоў і свабод Андрэя.

Па-першае, ён меў права на ўдзел у мірным сходзе і выказванне меркавання, згодна з Канстытуцыяй Беларусі (артыкулы 35 і 33), Усеагульнай дэкларацыяй правоў чалавека (артыкулы 20 і 19) і Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах (артыкулы 21 і 19). Па-другое, у гэтым выпадку можна казаць пра непрапарцыйнасць вынесенага пакарання: шэсць гадоў зняволення за ўдзел у Маршы, пару каментароў і адзін пост у сацыяльнай сетцы — дакладна занадта жорсткае пакаранне для маладзёна.

Суд не прымусіла зменшыць пакаранне нават тое, што лабараторна-судовая экспертыза пацвердзіла псіхічнае захворванне Андрэя — ён пакутуе на разлад асобы. Пра ўмовы атрымання мужчыны ў калоніі нічога невядома.

Аліна Забаштанская

prisoners.spring96.org

31-гадовую Аліну Забаштанскую асудзілі да двух гадоў калоніі за відэа і каментары ў Цік-Ток, якія яна пакінула з нагоды гібелі супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка і IT-спецыяліста Андрэя Зельцэра. Як і ў выпадку Андрэя Сачэўкі, тут улады парушылі права Аліны на свабоднае выказванне меркавання. Важна падкрэсліць, што яно таксама ўключае ў сябе свабоду распаўсюджваць звесткі, якія чалавек хоча распаўсюдзіць. Інфармацыі пра разгляд справы вобмаль, але наўрад ці можна думаць, што на працэсе разглядалася пытанне пра правамернасць абмежавання гэтай свабоды кожнага і кожнай, згодна з пэўнымі крытэрамі.

Таксама вядома, што затрыманых па “справе Зельцэра” першы час утрымлівалі ў жудасных умовах: прыкладна паўтара месяца яны знаходзіліся ў перапоўненых камерах, там круглыя суткі гарэла святло, ім не парадавалі лісты і рэчы, забаранялі камунікаваць з адвакатамі. Такія ўмовы ўтрымання людзей можна лічыць катаваннямі, а свабода ад катаванняў з’яўляецца правам чалавека, якое нельга абмяжоўваць у ніякім выпадку. Катаванні, напрыклад, забароненыя, згодна артыкулу 7 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах і артыкулу 25 Канстытуцыі Беларусі.   

У такіх умовах хворая на эпілепсію Аліна Забаштанская правяла амаль за два месяцы. Невядома, ці аказвалася ёй медычная дапамога падчас утрымання ў ізалятары да суда, таксама нічога не вядома пра ўмовы ўтрымання яе ў калоніі. Дома яе чакае маленькая дачка.

Алеся Буневіч

prisoners.spring96.org

33-гадовую Алесю Буневіч асудзілі да трох з паловай гадоў пазбаўлення волі. Фармальна — за “незаконнае перасячэнне мяжы”. Аднак да затрымання Алеся жыла ў Літве і была дырэктаркай віленскай друкарні, якая працавала з беларускай тэмай. Яна ненадоўга прыехала ў Беларусь на гадавіну смерці маці. У дачыненні да Алесі была яскрава парушаная прэзумпцыя невінаватасці. Яна гарантаваная Канстытуцыяй Беларусі (артыкул 22), Усеагульнай Дэкларацыяй правоў чалавека (артыкул 7), а таксама Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах (артыкул 14). Згодна з гэтым правам, чалавек не можа быць прызнаны вінаватым, пакуль ягоная віна не даказаная згодна з законам. Але яшчэ да суду кавалачак допыту Аліны паказалі ў прапагандысцкім фільме на дзяржаўным тэлебачанні, што і можна лічыць яскравым парушэннем гэтага права: у сюжэце Аліна відавочна выглядае злачынцай.

У Літве Аліну чакае сын-школьнік, і хаця хлопчык расце ў поўнай сям’і, кейсы, калі ў калоніі адпраўляюць бацькоў малых дзяцей, таксама можна лічыць пераследам уразлівых групаў грамадства. Бо ў такім выпадку дзяржава парушае не толькі правы маці ці бацькі, яна парушае таксама правы дзіцёнка. У той момант, калі можна было абраць пакаранне, не звязанае з пазбаўленнем волі, і пакінуць маці ў сям’і, дзяржава, якая прапісала сябе ў Канстытуцыі як сацыяльную, пазбаўляе хлопчыка магчымасці бачыцца з ёй. Напрыклад, згодна з Канвенцыяй аб правах дзіцяці, у тым ліку судамі першасная ўвага надзяляецца найлепшаму забеспячэнню інтарэсаў дзіцяці (артыкул 3). Таксама згодна з гэтым пагадненнем, дзіцёнак мае права на клопат бацькоў (артыкул 7), а дзяржава забяспечвае, каб малое не разлучалася з бацькамі насуперак іх жаданню (артыкул 9).

Такім чынам, ва ўмовах рэпрэсій дзяржава яшчэ больш пагаршае становішча людзей, якіх тым ці іншым чынам можна адносіць да ўразлівых групаў. Невядома пра ўмовы ўтрымання ў СІЗА і калоніях людзей з ВІЧ і іншымі захворваннямі, якія патрабуюць дадатковага дагляду, людзей з веравызнаннямі, для якіх, напрыклад, патрэбныя пэўныя ўмовы для малітвы, людзей, якія адносяць сябе да ЛГБТК+ супольнасці, адзінокім маці і бацькам. Вядома толькі тое, што дзяржава не проста не забяспечвае яшчэ больш пільную ахову людзям, якім яна патрэбная, але і пазбаўляе базавай.


Марш — у турму! Як улады пераследуюць удзельнікаў_ніц мірных сходаў?

Чым займаюцца палітзняволеныя жанчыны-праваабаронцы, якіх пераследуе дзяржава?