“Вы здохнеце тут”. Вязні Акрэсціна сведчаць

“Вы здохнеце тут”. Вязні Акрэсціна сведчаць

Пасля фальсіфікацыі выбараў прэзідэнта 9 жніўня 2020 года па Беларусі пачаліся масавыя мірныя пратэсты. Дзеяннямі рэжыму ў адказ стала прымяненне сілавікамі зброі, светла-шумавых гранатаў, слезацечнага газу. Сілавікі масава затрымлівалі і збівалі пратэстоўцаў. Неапраўданая жорсткасць у дачыненні да мірных дэманстрантаў працягвалася і пасля затрыманняў.

Сярод затрыманых былі не толькі непасрэдныя ўдзельнікі пратэстаў. Сілавікі хапалі і непаўнагадовых, людзей пенсійнага ўзросту, людзей з інваліднасцю, а таксама выпадковых мінакоў.

Затрыманых у горадзе дастаўлялі ў розныя ўстановы ўнутраных справаў. У Мінску асноўным месцам утрымання затрыманых стаў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў ГУУС Мінгарвыканкама, размешчаны па адрасе 1-шы завулак Акрэсціна, 36 (далей — ЦІП).

Агульная назва “Акрэсціна” на працягу шматлікіх гадоў асацыюецца ў Беларусі з незаконнымі затрыманнямі грамадзянаў па палітычных матывах. Гэтае месца стала сімвалам катаванняў мірных грамадзянаў, нязгодных з фальсіфікацыямі на выбарах, удзельнікаў пратэстаў у 2020— 2022 гадах.

За пяць дзён (9–14 жніўня 2020 года) праз ЦІП, разлічаны на ўтрыманне 110 чалавек, сілавікі “прагналі” больш за тры тысячы затрыманых.

Усе затрыманыя траплялі пад прыніжальныя працэдуры пры размяшчэнні ў ЦІП, жорсткае збіццё, утрымліваліся ў нечалавечых умовах у перапоўненых камерах без ежы і вады па двое і болей сутак. Людзей збівалі пры любой спробе высветліць свой статус, патрабаваць выканання сваіх правоў і медыцынскай дапамогі. У збіцці ўдзельнічалі як супрацоўнікі ЦІП, так і сілавікі з АМАПа (відэа са сведчаннямі затрыманых).

13 жніўня 2020 года беларускія праваабаронцы звярнуліся да міністра МУС Юрыя Караева з патрабаваннем спыніць здзекі ў ЦІП і іншых месцах утрымання затрыманых і расследаваць выпадкі катаванняў.

Намеснік кіраўніка МУС Беларусі Аляксандр Барсукоў спачатку заявіў, што “здзекаў ніякіх не было”. На наступную раніцу ён удакладніў, што “ў камеры нікога не збівалі”.

Адначасова з такімі заявамі, затрыманых працягвалі збіваць, пра што маюцца шматлікія сведчанні, у тым ліку, у выглядзе аўдыязапісаў.

У ноч з 12 на 13 жніўня родныя тых, хто ўтрымліваўся ў ЦІП на Акрэсціна, запісалі гукі бесперапыннага збіцця, што было добра чуваць на вуліцы. На запісах чуваць галасы людзей, якія гучна крычаць ад болю і просяць пра літасць.

14 жніўня пачалі масава выпускаць затрыманых. Некаторых вывозілі на машынах хуткай дапамогі. Тыя, хто выйшлі на свабоду, паказалі свае раны і траўмы ад катаванняў.


У аснову гэтага даклада ад Міжнароднага камітэта па расследаванні катаванняў у Беларусі пакладзеная інфармацыя са сведчанняў 101 пацярпелага (1095 старонак дакументаў), якія 9–14 жніўня 2020 года ўтрымліваліся ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў у 1-м завулку Акрэсціна, 36 у Мінску. Для мэтаў публікацыі многія са сведкаў былі апытаныя дадаткова. Таксама эксперты Міжнароднага камітэта па расследаванні катаванняў у Беларусі старанна вывучылі дадзеныя апытанымі медыцынскія і іншыя дакументы.

У гэтай публікацыі ў храналагічным парадку прыводзіцца апісанне знаходжання затрыманых у ЦІП, а таксама ўмоваў, у якіх яны ўтрымліваліся. Фокус зроблены на асноўныя лакацыі: двор ЦІП, дзе людзей выгружалі з аўтазакаў; прагулачныя дворыкі, дзе іх па 2–3 гадзіны і болей трымалі да размеркавання па камерах (некаторыя знаходзіліся там некалькі сутак); камеры і калідоры ЦІП. У любым месцы ізалятара людзі сутыкаліся з жорсткім збіццём, псіхалагічным ціскам і абразамі з боку супрацоўнікаў ЦІП (у тым ліку медыцынскіх супрацоўнікаў), а таксама сілавікоў з іншых падраздзелаў праваахоўнай сістэмы краіны.

Затрыманыя сведчаць пра неверагодную перапоўненасць камераў, у якіх іх утрымлівалі, антысанітарыю і адсутнасць элементарных рэчаў для туалету і гігіены, пітной вады і ежы на працягу некалькіх сутак, нягледзячы на ўсталяваныя нормы і правілы ўтрымання.

Мэтанакіравана ўтрымліваючы людзей у перанаселеных камерах у разгар пандэміі Covid-19, супрацоўнікі ЦІП падстаўлялі пад небяспеку іх здароўе і жыцці. Хворыя і тыя, хто мае патрэбу ў пастаянным прыёме медыцынскіх прэпаратаў, а таксама траўмаваныя і параненыя не атрымлівалі неадкладнай медыцынскай дапамогі, што скончылася цяжкімі наступствамі для здароўя многіх з іх. Хуткую медыцынскую дапамогу затрыманым выклікалі ў выключных выпадках.

Умовы ўтрымання ў ЦІП расцэньваюцца экспертамі Міжнароднага камітэта па расследаванні катаванняў у Беларусі як жорсткія, а ў некаторых выпадках гэтыя ўмовы дасягалі ўзроўню катаванняў.

Масавае збіццё, псіхалагічны і фізічны гвалт з боку супрацоўнікаў сілавых структураў, у тым ліку супрацоўнікаў ЦІП, суправаджалі затрыманых на працягу ўсяго часу іх знаходжання ў ізалятары.

Хуткабежныя суды, якія праходзілі над затрыманымі ў будынку ЦІП, не адпавядалі прынцыпам справядлівага суду. Людзям не давалі магчымасці азнаёміцца з пратаколамі затрыманняў, у многіх выпадках інфармацыя ў іх была няправільная і прыдуманая. У наданні адваката адмаўлялі, часам за гэтае патрабаванне збівалі.

Пры такіх абставінах адлюстраваныя ў гэтым дакладзе дзеянні сілавікоў АМАП і ЦІП ГУУС Мінгарвыканкама ў дачыненні да затрыманых людзей з’яўляюцца злачыннымі як па ўнутраным, так і па міжнародным праве (гл. раздзел Прававая кваліфікацыя дзеянняў супрацоўнікаў праваахоўных органаў).

Аналіз інтэрв’ю пацярпелых і дадатковыя апытанні з мэтай апазнання сілавікоў дазволілі ідэнтыфікаваць некаторых службовых асобаў ЦІП, якія прымалі ўдзел у катаваннях і жорсткім абыходжанні з затрыманымі (гл. раздзел Асобы, адказныя за катаванні затрыманых у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў).

З прычыны няспынных рэпрэсіяў у дачыненні да пацярпелых у дакладзе не прыводзяцца іх сапраўдныя імёны і прозвішчы і пазбягаюцца апісанні, з дапамогай якіх можна ідэнтыфікаваць людзей.

Неабходна адзначыць, што жорсткія ўмовы ўтрымання ў ЦІП і стаўленне да затрыманых, якія можна прыроўніваць да катаванняў, са жніўня 2020 года па цяперашні час практычна не змяніліся. Гэта пацвярджаюць шматлікія сведчанні пацярпелых, якія адбывалі адміністратыўныя арышты ў дадзенай установе ў 2021–2023 гадах.

Адным з абуральных прыкладаў катаванняў у дачыненні да затрыманых з’яўляецца факт здзекаў з праваабаронцы Насты Лойка, якая заявіла ў судзе, што 11 лістапада 2022 года адзін з супрацоўнікаў ЦІП вывеў яе ва ўнутраны дворык і пакінуў без верхняй вопраткі на восем гадзінаў. У выніку гэтага Наста моцна захварэла.

ПОЎНАЯ ВЕРСІЯ РАССЛЕДАВАННЯ