Візуальны сторытэлінг: як генераваць ідэі і падтрымліваць тэкст правільна

Візуальны сторытэлінг: як генераваць ідэі і падтрымліваць тэкст правільна
  • Як арганічна ўпісаць візуал у тэкст?
  • Фотаздымка і рэпартаж: як спланаваць удалую сэсію?
  • Прынцыпы стварэння калажу
  • Як генераваць ідэі, калі ёсць тэкст?

Ці можа візуальная гісторыя замяніць тэкст, не страчваючы пры гэтым у сэнсе і эмацыйнай напрузе? Вядома, калі акрамя сінопсіса яна ўтрымлівае сэнсаўтваральныя метафары.

А яшчэ візуал можа падтрымаць тэкст або намякнуць, пра што будзе артыкул, заахвоціўшы такім чынам да чытання. Так што калі хочаце прыцягнуць увагу да пэўнай праблемы, навыкамі сторытэлінгу авалодаць будзе вельмі дарэчы.

Інструментамі візуальнага сторытэлінгу могуць быць як малюнкі, карціны, фатаграфіі, калажы, так і відэаролікі, анімацыі, гіфкі — любы візуальны аб’ект, які ўтрымлівае гісторыю (NoComment па Euronews таксама залічваюцца).

Карцінка, задуманая як візуальны сторытэлінг, часцей існуе ў кантэксце апавядання цалкам, а значыць, неаддзельная ад тэксту. Яна павінна не толькі цікавіць і прыцягваць чытача або чытачку, але і падтрымліваць тэкст.

Напрыклад, паспрабуйце адказаць, якую гісторыю апавядаюць гэтыя выявы:

Хутчэй за ўсё, вы можаце здагадацца, што апошняя карцінка апавядае пра сямейныя праблемы. А калі мы скажам, што заяц на занядбанцы расказвае пра свет відэагульняў; другі малюнак служыць ілюстрацыяй да матэрыялу пра працоўныя забегі аўтаслесараў на СТА; а трэцяя выява расказвае пра дамашні гвалт — усё ўстае на свае месцы?

Так выглядаюць моцныя ілюстрацыі: яны чапляюць, змушаюць занурыцца ў тэкст, але раскрываюць сэнс толькі пасля прачытання.

Пры афармленні вялікіх гісторый такія ілюстрацыі — найлепшы памочнік: яны паказваюць рэальны маштаб праблемы і даказваюць, што матэрыял прачытаць варта.

Як арганічна ўпісаць візуал у тэкст?

Каб правільна выбраць стратэгію стварэння візуалу, неабходна занурыцца ў тэкст, вызначыць яго пасыл і праблему.

Ілюстрацыі можна выкарыстаць для таго, каб:

  1. Упісаць у кантэкст. Візуал дапамагае заглыбіць чытача ці чытачку ў кантэкст аповеду: эпоху, культуру, акалічнасці. Напрыклад, матэрыял пра панк-культуру добра візуальна суправадзіць калажамі, бо сама культура асацыюецца ў тым ліку з імі.
  2. Прыцягнуць увагу. Калі ў матэрыяле апісаная грамадская праблема, візуал здольны прыцягнуць да яе неабходную ўвагу аўдыторыі, утрымаць яе і заахвоціць зрабіць нешта. Напрыклад, колькасць і разнастайнасць смецця ў страўніку кіта можна апісаць словамі і лічбамі, а можна візуалізаваць. Візуальны варыянт яўна зробіць большае ўражанне.
  3. Выклікаць пачуцці. Грамадскія праблемы можна таксама апісваць праз гісторыі асобных людзей, якія закліканыя ўздзейнічаць на пачуцці аўдыторыі. З візуалам тое ж самае. Напрыклад, калі вехі жыцця бяздомнага чалавека выявіць у інфаграфіцы, чытачы і чытачкі змогуць адсачыць прычыны і наступствы такога жыцця, што выкліча спагаду.
  4. Падтрымаць тэкст. Калі тэкст апавядае цікавую гісторыю, ілюстрацыі могуць стаць не толькі арганічным кампліментам, але і моцным апірышчам. Суправаджаючы аповед пра аўтамайстэрню анімацыямі з шасцернямі, мы даем чытачу або чытачцы не толькі адпачыць, але і больш паглыбіцца.

Як зразумець, якой візуальнай стратэгіі прытрымлівацца? Даведайцеся болей пра тэму. Можна пагугліць і пагаварыць з людзьмі, якія ў ёй разбіраюцца. Важна працаваць з асацыяцыямі: а гэта не толькі паняцці, якія спалучаюцца з тэмай, але і тыя, што ёй супрацьпастаўляюцца.

Фотаздымка і рэпартаж: як спланаваць удалую сэсію?

Фотарэпартаж — гэта па азначэнні сторытэлінг, так што задача фатографа ці фатографкі — карэктна расставіць акцэнты і нічога не сапсаваць.

Перад здымкай ці рэпартажам абавязкова прапішыце сабе, што павінна быць на фота:

Спалучэнне трох кампанентаў зробіць ваш фотарэпартаж зразумелым. «Дзе» і «Хто» паказваюць прадмет аповеду, а ў «Што» змяшчаюцца дэталі, якія дапамагаюць дапоўніць карцінку і прывабіць аўдыторыю, ствараючы рэзананс. Яны дазваляюць зразумець кантэкст ці прыдумаць яго.

Калі выяву хочацца разглядаць — вы адгадалі з дэталямі. Для кожнага фотаздымка ў рэпартажы можна падрыхтаваць розны план, калі вы маеце такую магчымасць. Гэта дапаможа не выпасці з кантэксту і зробіць больш зразумелым, што адбываецца на фотаздымках.

Да таго ж, прытрымліваючыся плану, лягчэй імправізаваць. Калі даводзіцца працаваць з людзьмі альбо ў зменным асяроддзі, здарыцца можа што заўгодна. Галоўнае — прыкмячайце новыя дэталі і выкарыстоўвайце іх.

Здымайце шмат: лепей потым выдаліць лішні матэрыял, чым пазбавіцца таго самага кадра.

Момант «магіі» ў фотаздымцы — гэта шчырасць. Калі вам цікава здымаць, прадумваць ідэі, шукаць вырашэнні, то і людзей зацікавіць вы зможаце. Так што капайце тэму глыбей і шукайце падрабязнасці, якія чапляюць перадусім вас. А калі добра разбіраецеся ў тэме здымкі, то забудзьцеся пра гэта на час і паказвайце гісторыю так, нібыта чуеце пра яе ўпершыню.

Прынцыпы стварэння калажу

Бадай, праз калаж раскрываецца ўвесь патэнцыял сторытэлінгу. Чым ён такі добры? Тым, што не абмяжоўвае творчасць у межах адной формы: можна не захоўваць адну стылістыку, спалучаць неспалучальнае і знайсці такім чынам выйсце са складанай сітуацыі. 

Галоўны тэхнічны навык — кампазіцыя малюнка.

Калі ўмееце правільна скампанаваць дэталі, ён глядзіцца эстэтычна вывераным. Калажы можна ствараць не толькі на камп’ютары, але і склейваць на паперы і затым сканаваць. Можна фатаграфаваць самастойна, шукаць фота і ілюстрацыі ў стоках, выразаць з часопісаў, дадаваць у калаж розныя матэрыяльныя элементы, аж да раслін. 

Калі адчуваеце сябе няўпэўнена, але хочаце зрабіць менавіта калаж, глядзіце на працы іншых ілюстратараў і ілюстратарак, рабіце сваё на іх аснове.

Пакуль вучыцеся, можна нават паўтарыць нечую працу: у гэтым няма нічога ганебнага, але разумець прынцыпы калажу вы зможаце лепей. Памятайце, што ў калажы ўсё можна паправіць, так што падбірайце і прымервайце розныя дэталі і камбінацыі, пакуль не зразумееце, што патрапілі.

А галоўнае — давярайце свайму густу. Раз вы стварылі калаж у пэўным стылі, то абавязкова знойдуцца аднадумцы, якім такі стыль блізкі.

Як генераваць ідэі, калі ёсць тэкст?

Як мы казалі ў пачатку артыкула, галоўнае для ілюстрацыі — падтрымліваць тэкст, пры гэтым не раскрываючы ўсю сутнасць. Дзейнічаць можна наступным чынам:

  1. Зразумець кантэкст. Каб увесці аўдыторыю ў тэму, спачатку трэба дастаткова глыбока яе вывучыць. Не зыходзьце з пасылу, што людзям і так «усё зразумела», бо так вы можаце прапусціць важную дэталь апавядання.
  2. Разжаваць. Занурыўшыся ў кантэкст і атрымаўшы дэталі, падумайце, якія асацыяцыі яны ў вас выклікаюць (дэдлайн = спрынт). Падзяліцеся ідэямі з сябрамі, калегамі і каляжанкамі, магчыма, у гутарцы зачэпіцеся за новыя дэталі.
  3. Пашукаць сінонімы. Каб не казаць у гісторыі ў лоб, можна пашукаць блізкія па тэме паняцці і выкарыстаць іх. Так вы зможаце суправадзіць гледача па ўсім матэрыяле.
  4. Глядзець. Праглядайце ілюстрацыі, карціны па тэме матэрыялу, каб яшчэ болей заглыбіцца ў кантэкст. Не забывайце таксама пра агульную нагледжанасць, каб фарміраваць і развіваць уласны густ. 
  5. Не глядзець. На сваю працу доўга глядзець не трэба: замыльваецца вока. Калі драфт больш-менш гатовы, пакіньце яго. Патрэбная інфармацыя перапрацуецца ў падсвядомасці, так што пры свежым позірку на працу вы зразумееце, чаго не хапае. Або што хапае ўсяго.

Не саромейцеся. Ніколі не саромейцеся звяртацца па дапамогу, гэта ўсё адно што адмаўляцца ад ідэй. Нават не ўяўляеце, колькі каштоўнага могуць прапанаваць дасведчаныя ў тэме калегі і каляжанкі.