Заява БНМС “РАДА” з нагоды прапановы аб “забароне прапаганды ЛГБТ”

Заява БНМС “РАДА” з нагоды прапановы аб “забароне прапаганды ЛГБТ”

Мы, саюз трыццаці пяці дэмакратычных моладзевых арганізацый і ініцыятыў Беларусі, створаны з мэтай кансалідацыі беларускіх моладзевых арганізацый і ініцыятыў грамадзянскай супольнасці дзеля прадстаўлення, прасоўвання і абароны агульных інтарэсаў, рэалізацыі права на свабоду мірных сходаў і іншых канстытуцыйных правоў, прадстаўленыя кіруючым органам – Саветам “РАДА”, выступаем з наступнай заявай.

18 красавіка 2023 года дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь прапанавалі дадаць “забарону прапаганды ЛГБТ” у закон аб СМІ. Мы моцна занепакоеныя тым, што прапанаваная забарона можа прывесці да дыскрымінацыі, стыгматызацыі і гвалту ў дачыненні да ЛГБТКІ+ супольнасці ў Беларусі. Мы лічым, што любыя спробы абмяжавання бачнасці ЛГБТКІ+ людзей з’яўляюцца парушэннем іх правоў чалавека і павінны быць асуджаныя.

На нашу думку, прапанаваная забарона на прапаганду ЛГБТКІ+ у Беларусі з’яўляецца часткай тэндэнцыі дыскрымінацыі і прыгнёту ЛГБТКІ+ супольнасці ў краіне. За апошнія некалькі гадоў беларускі ўрад зрабіў шэраг крокаў па абмежаванні правоў і свабодаў ЛГБТКІ+ супольнасці, уключаючы забарону публічных дэманстрацый і мерапрыемстваў, звязаных з правамі ЛГБТКІ+.

Ціск на ЛГБТКІ+ супольнасць ў Беларусі аказвае значны ўплыў на моладзь, асабліва на тых, хто ідэнтыфікуе сябе як ЛГБТКІ+. Такі ціск стварае атмасферу страху і нецярпімасці, што прыводзіць да дыскрымінацыі, пераследу і гвалту ў дачыненні да ЛГБТКІ+ супольнасці. Маладыя людзі, якія ідэнтыфікуюць сябе як ЛГБТКІ+, сутыкаюцца з сацыяльнай стыгмай і дыскрымінацыяй з боку сваіх сем’яў, аднагодкаў, супольнасцяў і самой дзяржавы на афіцыйным узроўні.

Гэтая сітуацыя таксама ўплывае на псіхічнае здароўе і дабрабыт ЛГБТКІ+ моладзі ў Беларусі. Яны часта сутыкаюцца з адсутнасцю падтрымкі, рэсурсаў і доступу да паслуг аховы здароўя, што вядзе да такіх праблем псіхічнага здароўя, як дэпрэсія, трывога і суіцыдальныя думкі.

Мы ўпэўнены, што ўсе людзі, незалежна ад іх сэксуальнай арыентацыі ці гендэрнай ідэнтычнасці, маюць права на жыццё без дыскрымінацыі, пераследу і гвалту. Моладзь Беларусі павінна мець права на вольнае самавыяўленне, не асцерагаючыся пераследу або дыскрымінацыі.


У сувязі з гэтым, мы:

  • Падкрэсліваем важнасць прасоўвання талерантнасці, разнастайнасці і прыняцця ў беларускім грамадстве, стварэння бяспечнага і інклюзіўнага асяроддзя для ўсіх.
  • Заклікаем міжнародную супольнасць, уключаючы Еўрапейскі Саюз і Арганізацыю Аб’яднаных Нацый, выступіць супраць прапанаванай забароны і аказаць ціск на беларускі ўрад, каб ён выконваў правы чалавека.
  • Заклікаем Еўрапейскі Саюз працягваць свае намаганні па папулярызацыі дэмакратыі і правоў чалавека ў Беларусі, у тым ліку шляхам прадастаўлення фінансавай і тэхнічнай дапамогі грамадзянскай супольнасці і незалежным СМІ.