Моладзь пад рэпрэсіямі. Красавік

Моладзь пад рэпрэсіямі. Красавік

Вытрымка з дайджэсту “Асвета” офіса Святланы Ціханоўскай за красавік. Вы можаце дасылаць інфармацыю пра ўсё, што тычыцца адукацыі беларусаў і беларусак, у бяспечны і ананімны чат-бот @eduOST_bot. Паведамляйце навіны са сваёй установы адукацыі ці дзяржаўнага ведамства датычна рэпрэсій і розных форм ціску з боку кіраўніцтва, пішыце пра факты карупцыі і новыя распараджэнні, якія здаюцца вам неабгрунтаванымі ці нерацыянальнымі.


Менскі гарадскі суд пачаў разгляд крымінальнай справы паэта і выкладчыка Зміцера Юртаева. Зміцер быў затрыманы 21 верасня 2023 года і прызнаны палітвязнем. Настаўнікі вымусілі запісаць пакаяльнае відэа. Пасля двух адміністрацыйных абвінавачанняў была ўзбуджаная справа па артыкулах аб абразе Аляксандра Лукашэнкі (арт. 368 КК), пазней – дададзена другое абвінавачанне ў распальванні іншай сацыяльнай варожасці (арт. 130 КК РБ) Справу разглядае суддзя Анжэла Касцюкевіч, суд праходзіць публічна.


Стала вядома пра затрыманне псіхолага і былога супрацоўніка БДПУ Сяргея Іванцова. Калі менавіта гэта адбылося – невядома, інфармацыя з›явілася постфактум. Сяргей Іванцоў – практыкуючы псіхолаг, дырэктар кампаніі, якая займалася маркетынгавымі даследаваннямі ў фармакалогіі (уваходзіць у ESOMAR), малодшы навуковы супрацоўнік Акадэміі навук РБ. Паводле інфармацыі канала, звязанага з сілавікамі, затрыманне звязана з каментарамі, якія Сяргей нібыта пісаў у чат–бот канала “Беларусь галаўнога мозгу”. Распачата крымінальная справа па двух артыкулах (па якіх – не ўдакладняецца).


Затрыманні пасярод адукацыйнага працэсу працягваюцца. 12 красавіка ў магілёўскай сярэдняй школе No 43 сілавікі затрымалі настаўніцу падчас урока. Імя педагога не раскрываецца. Вядома, што пасля затрымання жанчыну адвезлі на допыт у КДБ наконт падпісанага ў 2020 годзе ліста супраць міліцэйскага гвалту. Таксама з яе ўдзелам было запісана відэа. У дадзены момант яна на волі.


Выкладчыца беларускай мовы і літаратуры Ірына Леснічэнка была асуджаная за распаўсюд “экстрэмісцкіх матэрыялаў”. Па гэтай справе была пададзена апеляцыйная скарга, якую Віцебскі абласны суд разгледзіць 3 траўня. Ірына Уладзіміраўна працуе ў знакамітай Ушацкай сярэдняй школе, дзе вучыліся паэты Рыгор Барадзін і Еўдакія Лось, акцёр Генадзь Гарбук, падрыхтавала многіх дыпламантаў рэспубліканскіх алімпіяд па беларускай мове, а ў 2020 годзе яе імя было ўнесена на раённую дошку гонару.


Яшчэ два студэнты гістарычнага факультэта БДУ трапілі пад рэпрэсіі: 18 красавіка арыштаваны Сафія Гельман і Данііл Каранкевіч. Сафія атрымала 10 сутак адміністрацыйнага арышту, па якім артыкуле – невядома. З Даніілам сілавікі выпусцілі відэа, у якім ён сцвярджае, што нібыта ўдзельнічаў у пратэстах 2020 года і быў зарэгістраваны ў плане “Перамога”. Магчымай прычынай затрымання студэнтаў крыніцы называюць фатаграфіі з масавых збораў ля будынкаў факультэтаў на акцыі салідарнасці ў 2020 годзе.


На патрыятычнай канферэнцыі “Мой родны край”, арганізаванай “Рускім домам у Мінску”, беларускія школьнікі павінны былі напісаць лісты сваім аднагодкам да “Дня яднання народаў РБ і РФ”. У рэальнасці падлеткі былі вымушаны размаўляць па відэаканферэнцыі з аднагодкамі з Растоўскага рэгіянальнага патрыятычнага руху і непрызнанай ЛНР. На скрыншотах бачна, што настаўнікі беларускіх школ збіралі непаўналетніх для ўдзелу ў відэасувязі ў асобных кабінетах. Як сцвярджае лідар растоўскай арганізацыі Ася Кампаніец, рух ужо больш за 20 гадоў афіцыйна падтрымлівае шчыльныя адносіны з Беларуссю, а ў 2021 годзе падпісаў пагадненне аб партнёрстве з Рэспубліканскім творчым моладзевым аб’яднаннем “Прасоўванне моладзі”. Мэта – патрыятычнае выхаванне, сацыяльная абарона правоў і інтарэсаў ветэранаў баявых дзеянняў. Як высветлілася, рух супрацоўнічае з прадстаўнікамі ЛНР, у т.л. у праектах, звязаных з Беларуссю.


Рэктар БДУ Андрэй Кароль прызнаў, што беларускія вучоныя і даследчыкі апынуліся ў інфармацыйным вакууме. Расійскія і беларускія ВНУ выбылі з рэйтынгу вышэйшых навучальных устаноў U–Multirank, а пастаўшчыкі навуковых баз даных закрылі свае прадстаўніцтвы ў Беларусі і Расіі. Па словах рэктара, стала больш складана знаходзіць актуальную інфармацыю і свежыя навуковыя публікацыі, хуткім часам будуць радзей цытавацца працы беларускіх навукоўцаў, і праз некаторы час гэта адаб’ецца на ўсіх рэйтынгах.


З 1 верасня 2023 года ў Барысаве закрыецца адзіны агульнаадукацыйны ліцэй. Чуткі пра закрыццё хадзілі ўжо каля 10 гадоў, але ліцэй працягваў працу. Кодэкс аб адукацыі, які ўступіў у сілу, прадугледжвае ўмовы функцыянавання такіх навучальных устаноў. Сярод іншых – наяўнасць інтэрната для прыезджых навучэнцаў. У ліцэя Барысава такога няма. Як адзначыла начальнік упраўлення па адукацыі Барысаўскага райвыканкама Ірына Садоўская, у горадзе функцыянуюць тры гімназіі і яшчэ адна – у раёне. Гэта было ўлічана пры прыняцці рашэння аб ліквідацыі. Таксама паводле слоў Садоўскай, на леташняй сустрэчы з педагогамі ліцэя адзначалася, што ўсе будуць працаўладкаваны. І да цяперашняга моманту многія з іх ужо сумяшчалі працу ў іншых школах і гімназіях з працай у ліцэі.


Крыніца: дайджэст “Асвета” офіса Святланы Ціханоўскай