Моладзь пад рэпрэсіямі. Травень

Моладзь пад рэпрэсіямі. Травень

Вытрымка з дайджэсту “Асвета” офіса Святланы Ціханоўскай за травень. Вы можаце дасылаць інфармацыю пра ўсё, што тычыцца адукацыі беларусаў і беларусак, у бяспечны і ананімны чат-бот @eduOST_bot. Паведамляйце навіны са сваёй установы адукацыі ці дзяржаўнага ведамства датычна рэпрэсій і розных форм ціску з боку кіраўніцтва, пішыце пра факты карупцыі і новыя распараджэнні, якія здаюцца вам неабгрунтаванымі ці нерацыянальнымі.


17 траўня ў Акадэміі навук сілавікі затрымалі Алену Анісім – мовазнаўцу, супрацоўніцу Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа, грамадскага дзеяча. Цяпер невядома, куды была дастаўлена Анісім і якія абвінавачанні ёй прад’яўлены. Напярэдадні гэтага затрымання прапагандыстка Вольга Бондар заклікала “ператрэсці Нацыянальную акадэмію навук”. Алена Анісім была дэпутатам Палаты прадстаўнікоў з 2016 па 2019 год, працавала ў пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы. Таксама яна ўзначальвала Таварыства беларускай мовы з 2017 года да моманту ліквідацыі арганізацыі ў 2021 годзе па рашэнні ўладаў.


18 траўня СМІ паведамілі пра затрыманне спявачкі Патрыцыі Свіцінай. У 2020 годзе яна публічна выказалася супраць гвалту і адмовілася ад прэзідэнцкай стыпендыі для таленавітай моладзі. Артыкул, па якім затрымана Свіціна, не быў афіцыйна пазначаны. У відэа, апублікаваным у праўладным тэлеграм–канале, яе абвінавачваюць ва ўдзеле ў пратэстах 2020 года, а таксама ў распаўсюджванні “негатыўных паведамленняў” у адрас сілавых структур і вайскоўцаў. У якасці доказаў, у відэа прадстаўлены скрыншоты з сацыяльных сетак затрыманай.


Паказальнае затрыманне адбылося ў Высокаўскім аграрным каледжы Брэсцкай вобласці. У прысутнасці аднакурснікаў былі затрыманыя два студэнты па падазрэнні ў парушэнні артыкула 370 КК РБ (абраза дзяржаўных сімвалаў). Імя аднаго з затрыманых стала вядома праваабаронцам: гэта 19-гадовы Елісей Кузняцоў, экс-палітвязень. У лістападзе 2021 года ён быў прысуджаны да 2,5 гадоў “хатняй хіміі”, у красавіку 2022 года меру стрымання ўзмацнілі, і Елісея перавялі ў Наваполацкую калонію N1. Тут ён адбыў тэрмін і выйшаў на волю ў снежні таго ж года.


У афіцыйным інстаграм-акаўнце юрыдычнага факультэта БДУ 23 траўня апублікавалі “пакаяльнае відэа” са студэнтам 3 курса. У запісе малады чалавек прызнаецца, што нібыта распаўсюджваў “дыскрэдытуючыя звесткі ў дачыненні да адміністрацыі і БРСМ”. Адвакат Марыя Калесава-Гудзіліна звярнула ўвагу, што дзеянні, звязаныя з падобнай здымкай, падпадаюць пад арт. 426 Крымінальнага кодэкса (злачынства супраць чалавечнасці, якое здзяйсняецца прадстаўніком дзяржавы). Паводле яе слоў, гэта з’яўляецца грубым парушэннем прэзумпцыі невінаватасці, калі чалавек вымушаны непрацэсуальным чынам прызнацца ва ўчыненні забароненых дзеянняў.


Некалькі супрацоўнікаў Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта былі затрыманыя сілавікамі 23 траўня. У іх ліку выкладчыца кафедры сусветнай літаратуры і замежных моў Алена Храмцова, кандыдат гістарычных навук, дацэнт кафедры гісторыі і турызму Віктар Чараўко і супрацоўніца рэпазітара Ксенія Зуева. Вядома, што Алене Храмцовай інкрымінавалі артыкул 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкай інфармацыі) за падпіску на ТГ-калал Беларусь галаўнога мозгу, а таксама яна была абвешчаная сведкай па крымінальнай справе. Ксенію Зуеву аштрафавалі на 2220 беларускіх рублёў за “пікетаванне”. Яшчэ адна затрыманая супрацоўніца ўніверсітэта, справавод дэканата Кацярына Швалюга атрымала штраф у памеры 1110 беларускіх рублёў. 73-гадовую Галіну Шараглазаву, кандыдата тэхнічных навукі і дацэнта кафедры геадэзіі і геаінфармацыйных сістэм, суд прыгаварыў да 10 сутак пазбаўлення волі.


16 траўня ў Беларусі набылі моц папраўкі да закона “Аб воінскім абавязку і воінскай службе”. Важныя змяненні датычацца студэнтаў: адменена адтэрміноўка службы для студэнтаў, якія навучаюцца за мяжой, за выключэннем студэнтаў, якія вучацца па накіраванні рэспубліканскіх органаў дзяржкіравання ў рамках дзяржаўных праграм. Таксама ў законе пазначана, што адтэрміноўка будзе дадзена студэнтам, якія на момант уступлення закона ў моц ужо навучаліся за мяжой ва ўстановах адукацыі вочна і паступілі ў гэтыя ўстановы ва ўзросце да 18 гадоў.


Міністэрства адукацыі даслала ў БДПУ імя М. Танка дакумент, дзе зазначаецца, што некаторыя тэмы курсавых і дыпломных работ, выбраных студэнтамі і аспірантамі, супярэчаць “нацыянальным традыцыйным каштоўнасцям і арыенцірам беларускага народа ў сферы палавога выхавання моладзі”. Дакумент, падпісаны намеснікам міністрам адукацыі Аляксандрам Кадлубаем, змяшчае рэкамендацыю кантраляваць выбар тым, каб “прадухіліць змяненне паняццяў “шлюб” і “сям’я”, якія абаронены ў Канстытуцыі”, а таксама не дапусціць прасоўвання аднаполых шлюбаў і трансгендарных змен. Прадстаўнік Міністэрства адукацыі пацвердзіў, што дакумент быў адпраўлены ва ўсе навучальныя ўстановы і растлумачыў, як павінна адбывацца ўзгадненне выбраных тэм.


Кіраўнік Адміністрацыі Лукашэнкі, Ігар Сяргеенка, выказаў незадаволенасць роляй і статусам Беларускага Рэспубліканскага Саюза Моладзі (БРСМ) ва ўніверсітэтах, сцвярджаючы, што ні кіраўніцтва ВНУ, ні самі студэнты не лічаць яго вядучай грамадскай арганізацыяй. Ён таксама раскрытыкаваў студэнтаў за “недастатковы патрыятызм”, прыводзячы вынікі даследавання, паводле якіх толькі 15,6% моладзі назвалі “любоў да Радзімы” важнай для сябе каштоўнасцю. Сяргеенка звярнуў увагу на праблему адсутнасці адзінай ідэалагічнай вертыкалі ў ВНУ, дзе адказнасць за арганізацыю такой працы часта кладзецца на звычайных выкладчыкаў. Ён таксама падкрэсліў негатыўны ўплыў на светапогляд студэнтаў інтэрнэт-тэхналогій, сацыяльных сетак і тэлеграм-каналаў, якія распаўсюджваюць інфармацыю, якая “носіць дэструктыўны, разбуральны характар, прывіваючы моладзі чужыя нам каштоўнасці, спараджаючы негатыўнае стаўленне да грамадства і дзяржавы”.


У адпаведнасці з загадам рэктара аднаго з беларускіх універсітэтаў, выкладчыкі-куратары цяпер абавязаныя маніторыць актыўнасць студэнтаў І-ІІІ курсаў у сацыяльных сетках і чатах. Кожны месяц ім неабходна складаць справаздачы ў форме спецыяльна распрацаванай табліцы, дзе ў ліку іншага куратары павінны адзначаць наяўнасць “экстрэмісцкай інфармацыі” на старонках студэнтаў.


Крыніца: дайджэст “Асвета” офіса Святланы Ціханоўскай