Майстар-класы на RADA Market: для дарослых і дзяцей

Майстар-класы на RADA Market: для дарослых і дзяцей

У міжнародны дзень моладзі 12 жніўня на кірмашы RADA Market прыходзьце на майстар-класы – робяць рукі, галава адпачывае!

У вас будзе магчымасць пазнаёміцца з беларускімі моладзевымі арганізацыямі і ініцыяіывамі, прыняць удзел у актыўнасцях на іх кропках, даведацца пра нешта новае, зарадзіцца і натхніцца!

Таксама сустрэчы з вамі чакаюць беларускія і ўкраінскія рамеснікі_цы, чыю прадукцыю вы зможаце набыць на Маркеце.

Майстар-класы

Вы зможаце сшыць ляльку абярэжную Анёла, зрабіць уласнымі рукамі міні-часопіс (мікра-зін), намаляваць паштоўку (а пасля даслаць яе праз Майстэрню паштовак салідарнасці, якая будзе на RADA Market), а таксама на працягу ўсяго дня зрабіць з гліны выраб — усё гэта вы зможаце забраць з сабой!

Шыем ляльку

Нашыя майстар-класы накіраваныя на тое, каб ваша галава магла адпачнуць — таму працаваць будут рукі!
Разам з майстаркай вы зможаце сшыць ляльку Анёла. Ваша самаробная лялька будзе ўнікальнай і не падобнай на іншыя, што надае ёй каштоўнасць. Вы зможаце стварыць персанажа з унікальнай гісторыяй і характарам, што робіць яе асаблівай для вас і можа стаць выдатным падарункам для блізкіх.

Працягласць — 1 гадзіна ( з 12:00 да 13:00). Усімі неабходнымі матэрыяламі мы вас забяспечым на месцы.

Што такое зін?

Зін (ад анг. zine ці fanzine ці fan magazine) — гэта самаробнае малатыражнае перыядычнае выданне, аматарскі часопіс, зазвычай, невялікага памеру, які можна прысвяціць любой тэме — ад панк-рока да сацыяльнай палітыкі.

На майстар-класе мы будзем рабіць зін на тэму феміністскіх каштоўнасцей у жыцці, будзем разам разбірацца, навошта патрэбны фемінізм зараз.

Працягласць майстар-класа — 2 гадзіны (з 13:00 да 15:00). Усімі неабходнымі матэрыяламі мы вас забяспечым на месцы.

Малюем паштоўкі

“Вольныя паштоўкі” запрашаюць далучыцца да майстар-класа па маляванні паштовак акварэлью.

«Вольныя паштоўкі» распавядаюць пра палітзняволеных праз іх творчасць і збіраюць сродкі на перадачу ў тюрьмы. Каманда праекта робіць паштоўкі з малюнкамі палітычных зняволеных і  адпраўляе іх па ўсім свеце за ахвяраванні, а сабраныя сродкі перанакіроўваюць ініцыятыве Dissidentby. Dissidentby выкарыстоўвае іх для закупкі перадач у СІЗА і калоніі, а таксама лекаў.

Станьце часткай гэтай падтрымкі і салідарнасці!

Працягласць майстар-класа — 2 гадзіны (з 15:00 да 17:00). Усімі неабходнымі матэрыяламі мы вас забяспечым на месцы.

Робім вырабы з гліны

Праца з глінай мае тэрапеўтычны эфект і дапамагае зменшыць узровень стрэсу. Майстар-клас дазволіць вам адключыцца ад штодзённых клопатаў і пагрузіцца ў творчы працэс. У кожнага і кожнай з вас будзе магчымасць стварыць унікальныя фігуры з гліны!

Працягласць майстар-класа — па жаданні, майстар-клас будзе адбывацца з 12:00 да 17:00, можна далучыцца ў любы момант. Усе патрэбныя матэрыялы і прылады будуць прадастаўленыя на месцы, вам не трэба клапаціцца пра іх набыццё.


Прыняць удзел у майстар-класах могуць як дзеці, так і дарослыя. 

Удзел бясплатны.


Расклад майстар-класаў

  • 12:00 – 13:00 Шыем ляльку абярэжную Анёла
  • 13:00 – 15:00 Ствараем мікра-зін (на тэму феміністскіх каштоўнасцей у жыцці)
  • 15:00 – 17:00 Малюем паштоўкі акварэлью (МК ад Вольныя паштоўкі)
  • 15:30 – 16:30 Майстар-клас па вырабе самых яскравых канвертаў для адпраўкі вестачак ( на споце Майстэрні паштовак салідарнасці)
  • 12:00 – 17:00 Робім вырабы з гліны (увесь дзень)

Калі: Субота, 12 жніўня 2023 г.
Дзе: Vytenio g. 6, teatras “Vilniaus klasika”

Вы можаце далучыцца ці пакінуць майстар-клас у камфортны для вас момант.

Мы просім прайсці кароткую рэгістрацыю, каб прыкладна разумець, на якую колькасць удзельнікаў_ніц рыхтаваць месцы і матэрыялы.