Марго Ворыхава стала дарадчыцай Святланы Ціханоўскай па пытаннях моладзі

Марго Ворыхава стала дарадчыцай Святланы Ціханоўскай па пытаннях моладзі

На канферэнцыі “Новая Беларусь” 6 жніўня абвясцілі, што старшыня Беларускага нацыянальнага моладзевага савету “РАДА” Марго Ворыхава стала дарадчыцай Святланы Ціханоўскай па пытаннях моладзевай палітыкі і студэнцтва. Мы пагутарылі з ёй пра выклікі і стэрэатыпы ў беларускім грамадстве, яе дзейнасць у межах розных структур і планы на будучыню ў межах Офісу.

Марго Ворыхава

— Ты прадстаўляеш моладзь у розных структурах. Распавядзі, калі ласка, пра сваю дзейнасць на гэтых пляцоўках.

— Першасна я хацела б падкрэсліць, што заўсёды працую не адна, а сумесна з камандай. Таму ўсё, чаго мы дасягнулі за гэты час, — нашыя агульныя поспехі.

Ужо тры гады я старшынька “Беларускага нацыянальнага савета “РАДА”, мой фокус — міжнародная праца. Мы прасоўваем тэму беларускай моладзі на пляцоўках кшталту Еўрапейскага моладзевага форуму: гэта такі «парасон парасонаў» моладзевых арганізацый розных краінаў. У межах гэтай працы тры нашыя рэзалюцыі ўхвалілі з вельмі высокім адсоткам. Мы падавалі рэзалюцыі пра супрацьдзеянне любым формам дыскрымінацыі беларусаў і беларусак замяжой, пашыренне прасторы для моладзі, адмену смяротнага пакарання. Гэта дазваляе працаваць з такімі праблемамі на розных узроўнях — у тым ліку, Еўразвязу.

У гэтым годзе ўпершыню беларуская моладзь атрымала прадстаўніцтва ў маёй асобе ў Advisory Council on Youth — гэта структура пры Радзе Еўропы, якая складаецца цалкам з моладзі. Гэта дае нам магчымасць уплываць на працу Рады ў дачыненні да моладзі па ўсёй Еўропе.

Акрамя таго, я прымаю ўдзел у Кантактнай групе пры Радзе Еўропы: гэтая дзейнасць дае магчымасць палітычна ўплываць на інстытуцыю і рэгуляваць іх стратэгію ў дачыненні да Беларусі. Яшчэ адна больш палітычная пляцоўка — Кансультацыйная Рада Еўразвязу. Разам з прадстаўнікамі і прадстаўнічкамі дэмакратычных сіл і беларускіх арганізацый мы займаемся пытаннямі візаў, мабільнасці, супрацьдзеяння дыскрымінацыі. У Каардынацыйнай Радзе я прадстаўнічка фракцыі “Грамадзянская Салідарнасць”, у межах якой мы распрацоўвалі праекты будучых заканадаўчых актаў, стратэгіі пераходнага перыяду, стратэгіі узаемадзеяння з Аб’яднаным пераходным кабінетам.

Таксама я брала ўдзел у працоўных групах па розных напрамках: мы займаліся мабільнасцю беларускай моладзі ў межах праграм Erasmus і The European Solidarity Corps, бароліся з дыскрімынацыяй моладзі ў Беларусі і за мяжой, дамагаліся, каб моладзь уключалі ў працэсы прыняцця рашэнняў на розных узроўнях.

Савет "РАДА" на канферэнцыі "Новая Беларусь"

— Ці не баішся, што табе не хопіць часу, і ўдзел у некалькіх праектах будзе ўплываць на якасць вынікаў і размые фокус?

— Са мной заўсёды працуе каманда: часам нават не яна дапамагае мне, а я — ёй.

— Ці часта ты сутыкаешся са стэрэатыпамі, што ты занадта маленькая для такой працы і палітыкі?

— Вядома, гэта існуе нават з боку моладзі ці тых, хто з ёй працуе. Напрыклад, калі я прыйшла на пазіцыю старшынькі RADA 19-гадовай дзяўчынай, нават у сакратарыята былі пытанні, ці пацягну я такі пласт працы. Але цяпер у гэтым няма сумневаў, бо мяне ведаюць па маёй дзейнасці. Пакуль ты не пачынаеш дэманстраваць пэўны экспертны прадукт, заўсёды існуюць стэрэатыпы пра ўзрост. Гэтыя перакананні ствараюць бар’ер уваходу ў пэўную сферу.

Я бачу тут некалькі выйсцяў. Першае — асабістыя кантакты. Калі прыходзіш у больш узроставы калектыў, людзі з табой знаёмяцца, бачаць экспертнасць — і стэрэатыпы праходзяць. Напрыклад, тыя прадстаўнікі і прадстаўнічкі з Офісу ці Аб’яднанага пераходнага кабінету, з якімі я камунікавала, сталі адвакатамі моладзі праз нашую супрацу, бо мы знайшлі паразуменне. Другая прышчэпка грамадства ад дыскрымінацыі і ўстановак у адносінах да любых груп — адукацыя і адкрытасць да таго, каб вынаходзіць для сябе пэўныя групы людзей. Таксама важна, каб людзі шмат самарэфлексавалі наконт свайго стаўлення да іншых і былі гатовыя асэнсоўваць тое, што людзі маюць права быць рознымі і тымі, хто яны ёсць.

Вядома, аргумент пра недастатковасць у моладзі жыццёвага і прафесійнага досведу мае права існаваць. Але разам з тым у нас ёсць досвед жыцця ў пэўным кантэксце, што дае магчымасць па-іншаму глядзець на рэчы. Да таго ж, моладзь заўсёды больш адкрытая на новых ведаў, прагне набраць досвед, таму здабывае яго хутчэй і больш энергічна. Я па сабе бачу, што год працы ў моладзевым сектары — гэта 2-3 гады працы ў іншым. Гэта дазволіла мне набыць тую экспертнасць, якую я маю цяпер.

— Адчуваеш лі ты палітычны капітал і наогул ці ідэнтыфікуеш сябе як палітэсу?

— Раней у мяне было негатыўнае стаўленне да палітыкі як да працы, якая мусіць выконвацца вельмі вузкім колам людзей. Думаю, гэта вынікае з таго, што Лукашэнка і ягоныя прыбліжаныя закладаюць у разуменне грамадства, што сваёй дзейнасцю яны нібыта здымаюць гэты “бруд”, цяжар палітыкі з людзей, дазваляючы ім жыць сваім жыццём. Але насамрэч палітыка — нашмат больш шырокае поле. Гэта пра тое, якія рашэнні мы прымаем у жыцці і каму мы даем магчымасць іх прымаць на вышэйшых узроўнях, каго надзяляем сілай  нас прадстаўляць. Таму для мяне быць палітэсай — гэта магчымасць данесці галасы тых людзей і зрабіць іх гучнейшымі. І для мяне гэта адказнасць і вялікі гонар — называць сябе той, хто працуе ў палітычнай сферы.

— Ты адкрытая прадстаўнічка ЛГБТК+ супольнасці. Не баішся, што гэты факт адцягне ўвагу людзей ад дзейнасці і можа стаць дадатковай мішэнню для прапаганды?

— Так, гэта можа быць выклікам для людзей: прыняць, што ў нашым грамадстве ёсць тыя, каго ўлады спрабавалі не заўважаць амаль 30 гадоў. Але калі мы рушым у бок еўрапейскасці, у нас ёсць пэўныя абавязкі прыняць увесь пул гэтых каштоўнасцей: у тым ліку, недыскрымінацыю і інклюзію. Я разумею, што гэта можа быць і рычагом ціску, але для мяне вялікі гонар быць сабой і проста прызнаваць, што ў мяне ёсць іншыя перавагі ў людзях, чым прывык нармалізаваць гэта рэжым. Не ведаю, ці настроена я на гэта псіхалагічна: у маім жыцці заўсёды быў прывілей камунікаваць з людзьмі, якія падзяляюць гэтыя каштоўнасці. Але я разумею, што для беларускага грамадства гэты працэс яшчэ трэба прайсці. Спадзяюся, я з вытрымаю гэты выклік і буду добрым прыкладам для ЛГБТ-персонаў. 

Марго Ворыхава (злева)

— Ці згодная ты з тым, што беларуская моладзь – пасіўная?

— Сапраўды, можа складвацца ўражанне, што ўнутры Беларусі моладзь зараз пасіўная. Але ў РАДА мы назіраем, што нягледзячы на ўсе выклікі, моладзевыя арганізацыі жывуць і развіваюцца. Магчыма, таму што яны не абмежаваныя самацэнзурай, выбудоўваннем бар’ераў і наогул больш вынаходлівыя, чым прадстаўніцтва больш сталых арганізацый. Што наконт тых, хто выехаў, я бачу, што моладзь займае самыя актыўныя пазіцыі. Бачна, што яна лепш успрымае ўсе новаўвядзенні, хутчэй адаптуецца да асяродку і змяняе яго пад свае патрэбы.

Мяркую, трэба каб моладзі больш было на тых пазіцыях, дзе прымаюцца рашэнні. Нават у дэмакратычных колах сітуацыя з гэтым далёкая ад ідэалу, хаця гэта не так крытычна, як у рэжыме. Безумоўна, пытанне і ў тым, ці асэнсоўвае само грамадства, што моладзі нашмат цяжэй уступіць у пэўныя структуры праз тыя ж бар’еры. Таму я бачу працу ў тым ліку на будучыню Беларусі — сфармаваць у грамадства разуменне, што моладзь мусіць быць уключаная ў працэсы першапачаткова, мець прадстаўніцтва ў розных структурах. Мне падабаецца мото “нічога для нас без нас” — таму вельмі важна, каб у рашэннях былі рэпрэзентаваныя розныя групы: калі не будуць казаць яны, за іх дадумаюць, што ім важна. І нават калі нехта думае, што разумее, што баліць у моладзі, бо калісьці ён ці яна таксама былі моладдзю, гэта не так. Свет змяняецца так хутка, што нават я ўжо не разумею да канца, у якіх рэаліях жывуць 15-16-гадовыя. Падкрэслю, чым больш галасоў ад розных групаў мы чуем, тым больш устойлівыя рашэнні будзем прымаць.

— Як ты трапіла ў Офіс, ці быў гэта адбор ці суразмоўе?

— Цягам апошніх двух гадоў мы ў РАДА спрабавалі адвакатаваць пытанне, каб у Офісе з’явілася пазіцыя чалавека, які ці якая маглі б прадпрымаць пэўныя дзеянні ў напрамку аховы правоў моладзі і яе прадстаўлення. Але даволі доўга мы атрымлівалі адмову, і на пасадзе сімвалічна заставалася Алана Гебрэмарыям, якая ўвесь гэты час была ў зняволенні. Цяпер, калі яна на волі, у Офіса, пэўна, склалася разуменне, ці хоча яна працягваць працаваць у межах гэтай пазіцыі.   

Таму калі мы даведаліся, што ў Офіса ёсць намер прызначыць такога чалавека, сабралі нараду ў РАДА, каб абмеркаваць, хто б ад нас мог бы заняць такую пазіцыю, якімі паўнамоцтвамі валодаць. І толькі потым даведаліся, што ў Офіса ёсць прапанова прызначыць мяне: яны бачылі маю працу ў межах Кансультацыйнай рады Еўразвязу, мы мелі некалькі супольных камунікацый. Офіс убачыў, як моладзь можа ўплываць на працэсы, наколькі важным, у тым ліку, для Еўропы, з’яўляецца прадстаўленасць моладзі ў такіх структурах, як шмат мы можам прыўнесці. Таму мы ўзгаднілі маю асобу ў РАДА сумесна з нашымі сяброўскімі арганізацыямі і адказалі на прапанову Офісу.  

— Што ты плануеш прыўнесці ў Офіс у першую чаргу?

— Я пакуль не вельмі знаёмая з яго унутранай працай: гэта дастаткова закрытая структура. Але мая дзейнасць будзе ў першую чаргу накіраваная не на сам Офіс, а на моладзь. Сваёй экспертызай я хачу пашырыць кола групаў, якім мы можам дапамагаць. 

Я бачу ў межах маёй працы як прадстаўніцы па пытаннях моладзі шмат напрамкаў, якія яшчэ варта будзе прыятэрызаваць праз абмежаванасць рэсурсаў і майго асабістага ўплыву на пэўныя працэсы. Першы план — сканцэнтравацца на распрацоўцы моладзевай палітыкі менавіта як дакументу. Бачу гэты дакумент праграмным для Беларусі ў будучым, які потым можа выкарыстоўвацца на карысць дзяржавы. Астатні пул прыярытэтаў яшчэ мае ўзгадніцца з Офісам.

Бліц-апытанка для Марго

Кніга: Хуліо Картасар “Гульня ў класікі”
Музыка: французска-брэтонскі кампазітар Ян Ціерсен (Yann Tiersen)
Рэч: блёсткі (добра спалучаюцца з пінжаком!)
Страва: лімонны сарбет
Гістарычная падзея Беларусі: заснаванне Полацка
Ролевая мадэль у палітыцы: былая прэм’ер-міністрка Аўстраліі Джулія Гілард

Кароткая біяграфія

Ворыхава Маргарыта Паўлаўна
22 гады
Нарадзілася ў Полацку, Беларусь.

З’яўляецца прафесіяналкай у галіне прадстаўніцтва інтарэсаў моладзі і пашырэння яе правоў і магчымасцяў. Адукацыя ўключае навучанне ў Беларускім нацыянальным эканамічным універсітэце і Еўрапейскім гуманітарным універсітэце, таксама праходзіла спецыялізаваныя курсы па напрамках актывізму, кіравання арганізацыямі, уцягванні моладзі ў працэсы прыняцця рашэнняў ад Дэпартамента моладзі Рады Еўропы.

Удзельнічала ў дзейнасці інтэрнацыянальнай моладзевай арганізацыі Еўрапейскі моладзевы парламент, а таксама беларускай арганізацыі “Задзіночанне беларускіх студэнтаў”.

Цяпер з’яўляецца чаліняй Кантактнай групы Рады Еўропы па Беларусі, дзе асноўную ўвагу ўдзяляе ўзмацненню кампетэнцый моладзі і яе прадстаўленасці ў працэсах прыняцця рашэнняў.

Узначальвае Савет “РАДА” ў пазіцыі старшыні. У рамках “РАДА” займаецца работай па прасоўванні позвы моладзі Беларусі на міжнародным узроўні. Была абраная ў Каардынацыйную Раду па моладзі ў Радзе Еўропы ад Еўрапейскага Моладзевага Форума.

У рамках працоўнай дзейнасці займала пазіцыі па развіцці бізнэсу і праектным мэнэджменце ў беларускіх і міжнародных кампаніях.