Што не так з адпрацоўкай?

Што не так з адпрацоўкай?

Цяперашні міністр адукацыі Андрэй Іванец заявіў, што, паводле іх меркавання, адпрацоўваць пасля атрымання адукацыі павінны не толькі «бюджэтнікі», але і «платнікі». Прычынай ён лічыць тое, што дзяржава ў любым выпадку вытрачае грошы на пакрыццё коштаў адукацыі.

Напрыканцы Лукашэнка заявіў, што яны ўсё вырашылі: трэба падымаць тэрміны адпрацоўкі аж да 5–7 гадоў, каб спецыялісты і спецыялісткі заставаліся працаваць на выгоду дзяржавы, якая дала ім адукацыю.

Мы бачым вялікую праблему ў такіх зменах і распавядаем, што з імі не так з розных пунктаў погляду.

Лізавета Даўгулевіч, прадстаўніца Савета «РАДА», сакратарка знешніх сувязяў ЗБС

— Лепшая антырэклама размеркавання – пабачыць, як выпускнікі_цы плачуць, калі выходзяць з кабінета камісіі па размеркаванні. Рэжым стрэліць сабе ў нагу, калі адправіць і «платнікаў» адпрацоўваць пасля ўніверсітэта: такая практыка толькі павялічыць адток маладых людзей з Беларусі на Захад. Хто ведае, магчыма такая тэндэнцыя набліжае нас да Туркменістана з забаронай для маладых людзей на выезд з краіны.

Марго Ворыхава, Старшыня Савета «РАДА», дарадчыца Святланы Ціханоўская па моладзі

— Ідэя ўвядзення абавязковай адпрацоўкі для платнікаў сведчыць аб імкненні рэжыму Лукашэнкі абмежаваць свабоду выбару і мабільнасць моладзі. Гэта абмежаванне права на свабоду перамяшчэння і выбару месца працы для студэнтаў_ак і выпускнікоў_ніц, і, акрамя таго, гэта спроба ўтрымаць маладых спецыялістаў_ак унутры краіны, ігнаруючы іх уласныя жаданні і амбіцыі.

Павелічэнне тэрміну адпрацоўкі да пяці ці нават сямі гадоў стварае для маладых людзей доўгатэрміновыя абавязальніцтвы перад рэжымам, што можа негатыўна адбіцца на іх кар’ерных і асабістых перспектывах. Гэта парушэнне іх права на свабоду і самавызначэнне.

Таксама варта ўлічваць, што беларуская адукацыя знаходзіцца пад ціскам з-за вымушанай эміграцыі выдатных спецыялістаў_ак у адукацыйнай сферы, пастаянных рэпрэсій у дачыненні да студэнтаў_ак і выкладчыкаў_чыц, а таксама абмежаванняў на ўдзел у міжнародных канферэнцыях і абмене досведам з краінамі Еўрасаюза. У выніку гэтага якасць адукацыі ў краіне ставіцца пад сумнеў.

Замест абвінавачанняў маладых людзей у неадпаведнасці кошту сваёй адукацыі, урад павінен праяўляць цікавасць да павышэння яго якасці і забяспечваць моладзі магчымасці для паўнацэннага развіцця. Мы перакананыя, што такія выклікі могуць быць паспяхова пераадолены праз падтрымку адукацыйнага асяроддзя і ўмацаванне сувязей з сусветнай адукацыйнай супольнасцю.

Гэтае рашэнне лішні раз падкрэслівае адсутнасць гатоўнасці беларускага рэжыму падтрымліваць моладзь і развіваць краіну.


А вось, што гавораць нашыя сябры і сяброўкі з Задзіночання беларускіх студэнтаў.