Ці змяняюцца погляды ў беларускім грамадстве на карысць правоў чалавека?

Ці змяняюцца погляды ў беларускім грамадстве на карысць правоў чалавека?

У Беларусі на нацыянальным узроўні ЛГБТК+ персоны пазбаўленыя або абмежаваныя ў вялікай колькасці правоў. Яны не могуць мець сям’ю, публічна дэманстраваць свае пачуцці, нават жыць у бяспецы і абараняць сябе.

Апошнія гады беларуская дзяржава праводзіць гамафобную палітыку: ЛГБТК+ сутыкаюцца з дыскрымінацыяй, часта выкарыстоўваецца мова варожасці супраць ЛГБТК+, гвалт з боку службы бяспекі заахвочваецца дзяржавай. У беларускіх турмах зняволеныя ЛГБТК+ падвяргаюцца павышанаму ўзроўню гвалту, пераследу і жорсткага абыходжання. Яны сутыкаюцца з падвойным цяжарам рэпрэсій, паколькі  становяцца мішэнню не толькі за свае палітычныя перакананні ці дзеянні, але і з-за іх сэксуальнай арыентацыі або гендарнай ідэнтычнасці. Аб гэтым сведчаць вынікі справаздачы Міжнароднага камітэта па даследаванні катаванняў, падрыхтаванай у суаўтарстве з «Прававой ініцыятывай».

З чэрвеня 2023 года беларускія ўлады таксама разглядаюць магчымасць прасоўвання законапраекта аб забароне прапаганды ЛГБТК+ падобнага да расійскага заканадаўства. Гэты законапраект прадугледжвае адміністрацыйную адказнасць за «прапаганду нетрадыцыйных сэксуальных адносінаў, змены полу, педафіліі і чайлдфры».

Ці маюць гамафобныя законы ўплыў на беларускую моладзь? 

Летам 2023 года рэпрэзентацыя беларускай моладзі на прайдах у Еўропе, у прыватнасці ў Вільні і Варшаве, была моцная і заўважная. Прысутнічалі не толькі асобныя персоны, але цэлыя калоны са сцягамі і нават ружовым аўтаразакам. Ці значыць гэта, што на беларускую моладзь не ўплывае гамафобная палітыка дзяржавы?

62% апытаных ведае пра дзяржаўны ціск на ЛГБТК+ супольнасць. 

Тым не менш, сярод апытаных сустрэлася папулярнае сцвярджэнне аб тым, што “ў Беларусі ўсе пад ціскам”. Гэта сведчыць аб недастатковай інфармаванасці беларускай моладзі ад парушэннях правоў ЛГБТК+ людзей у Беларусі, а таксама аб недастатковай зацікаўленасці гэтай тэмай.

У даследаванні прынялі ўдзел людзі, якія карыстаюцца інтэрнетам і чытаюць незалежныя інфармацыйныя крыніцы. Аднак заўважна, што інфаполе, створанае беларускай афіцыйнай уладай, моцна ўплывае на ўсе групы насельніцтва, а незалежныя медыя ўдзяляюць недастаткова ўвагі тэме правоў чалавека, каб інфармацыйна перакрыць гамафобны дыскурс.

Менавіта гамафобныя законы могуць узмацняць прадузятасць і стэрэатыпы ў грамадстве. Яны даюць афіцыйны дазвол на дыскрымінацыю і негатыўнае стаўленне да ЛГБТК+ асоб, што можа прывесці да фарміравання і ўмацавання негатыўных уяўленняў. 

Так, у даследаванні былі выяўлены асноўныя стыгмы, якія існуюць сярод моладзі адносна ЛГБТК+ супольнасці. Сярод іх стыгмы аб тым, што існуе “прапаганда ЛГБТК+” і што “сэксуальную арыентацыю можна прапагандаваць ці навязаць”, у тым ліку праз маршы, а таксама аб тым, што гендарная ідэнтычнасць і сэксуальнасць ўплывае на сэксуальную арыентацыю і псіхіку дзяцей. Падобныя сцвярджэнні з’яўляліся ў беларускіх дзяржаўных медыя, а таксама прасоўваліся з боку беларускіх уладаў на працягу апошняга дзесяцігоддзя.

Раскол грамадства на “мы” і “яны” – аснова для мовы варожасці.

Дзякуючы гэтаму прыхільнікі_цы, па-першае, пачынаюць мацней ненавідзець супернікаў_ніц, а па-другое, як следства, гуртуюцца вакол сваіх каштоўнасцяў. Так, у артыкуле 2021 года ад MediaIQ “Як мова варожасці да ЛГБТ дапамагае прапагандзе дыскрэдытаваць пратэст”, вынесены фармуліроўкі афіцыйных СМІ папярэдніх гадоў, дзе назіраецца падмена паняццяў, мова варожасці, маніпулятыўныя выказванні, а ЛГБТК+ персоны ставяцца ў адзін шэраг з нацыстамі, маргіналамі. 

Нават актуальны законапраект сфармівараны так гамафобна, што ўспрымаецца як дадзенае: менавіта ў ім і з’яўляецца “прапаганда ЛГБТК+” і “нетрадыцыйныя сэксуальныя адносіны”, а ЛГБТК+ персоны стаяць у адным шэрагу з перафіліяй.

Забараняючы, дзяржава запугвае і адразае доступ да інфармацыі. Моладзь не ведае і баіцца цікавацца. Адна з рэспандэнтак глыбіннага інтэрв’ю (з даследавання ад ініцыятывы “Гэта ОКЕЙ”), Вольга, падзялілася думкамі:

“У мяне заўсёды была такая думка… шлюбы – гэта выдатна, дзеці – гэта таксама выдатна, але я не ведала, наколькі гэта ўплывае на дзіця і на фармаванне яго сэксуальнасці. Таму мне цяжка сказаць. Я ніколі ўнутры сябе не разбіралася ў гэтым пытанні, мне, мусіць, трэба да гэтага дайсці”.

Важна падкрэсліць, што прыведзеныя вышэй стыгмы не маюць навуковай падтрымкі і часта служаць падставай для дыскрымінацыі і парушэння правоў ЛГБТК+ грамадзян_ак. Імкненне да роўнасці і інклюзіўнасці павінна быць заснавана на павазе правоў кожнага чалавека, незалежна ад іх сэксуальнай арыентацыі або гендарнай ідэнтычнасці.

Што рабіць, каб беларуская моладзь ведала і паважала правы ўсіх людзей?

  1. Праводзіць адукацыйныя трэнінгі і мерапрыемствы, якія ўключаюць у сябе інфармацыю аб сексуальнай і гендарнай ідэнтычнасці, а таксама аб правах чалавека ў цэлым і аб выпадках іх парушэння з боку дзяржавы. 
  2. Прасоўваць значнасць мірных маршаў і акцый, накіраваных на абарону правоў ЛГБТК+ супольнасці і іншых уразлівых груп; ствараць медыя-кантэнт, які спрыяе фармаванню пазітыўнага іміджу ЛГБТK+ супольнасці і іншых меншасцяў, а таксама інфармуе пра іх правы і барацьбу за раўнапраўе. 
  3. Арганізоўваць адукацыйныя і культурныя мерапрыемствы, якія садзейнічаюць разнастайнасці культурных перспектыў і павышэнню павагі да адрозненняў паміж людзьмі.

Усе гэтыя дзеянні садзейнічаюць дэстыгматызацыі ЛГБТК+ супольнасці і стварэнню грамадства, заснаванага на прынцыпах правоў чалавека і інклюзіўнасці.


Артыкул напісаны паводле даследавання беларускай ініцыятывы “Гэта ОКЕЙ” на тэму стыгматызацыі ЛГБТК+ людзей у беларускім грамадстве.