Як прамываюць мазгі моладзі? 

Як прамываюць мазгі моладзі? 

Прапаганда чыніць шкоду не толькі праз тэлевізар. “Правільнаму” мысленню ў Беларусі пачынаюць вучыць са школы, і апошнім часам дзяржава знаходзіць для гэтага процьму новых метадаў. Каб зразумець, у чым яны палягаюць, мы пагутарылі з настаўнікамі_цамі з некалькіх гарадоў і вёсак, пагарталі вучэбныя планы і склалі спіс імпрэзаў, з дапамогай якіх моладзі ў беларускіх школах цяпер прамываюць мазгі. 

Павага да дзяржсімвалаў

Цяпер у беларускіх школах любое больш-менш урачыстае мерапрыемства пачынаецца з выканання гімна і гэтым жа заканчваецца. Спяваць мусяць як вучні_цы, так і настаўнікі_цы – яго адмыслова для гэтага прымушаюць вучыць. Кожная лінейка (нават падчас дзіцячых летнікаў) у школах пачынаецца з дзяржаўнага сцягу. Калі ва ўстанове адукацыі ёсць флагшток, яго ўрачыста ўздымаюць, калі не – проста выносяць. Гэта рэгламентуецца спецыяльнымі дакументамі – “Рэкамендацыямі па выкарыстанню дзяржаўных сімвалаў ва ўстанове адукацыі”. Згодна з імі, у школах таксама мусяць з’явіцца “знамённые группы”, асаблівыя пункты датычацца іх фармавання.

Фота: brest-edu.gov.by

Патрыятычныя ўрокі

Перыядычна ў школах ладзяць патрыятычныя ўрокі на розныя тэмы. Напрыклад, сёлета першага верасня ў школах абмяркоўвалі тэму “Беларусь и я: диалог мира и созидания”. Штотыдзень па-ранейшаму ладзяцца класныя і інфармацыйныя гадзіны, якія таксама рэгламентуюцца метадычнымі рэкамендацыямі. Тэмы “спускаюцца” зверху і часцей за ўсё звязаныя з дзяржаўнай палітыкай: урокі памяці да Дня Перамогі, Дня яднання народаў Беларусі і Расеі, Дня народнага адзінства і гэтак далей. Сярод актуальных кірункаў такіх інфармацыйных гадзін першасна прапісанае “ідэалагічнае, грамадзянскай і патрыятычнае выхаванне”. У шосты дзень ухваляюцца экскурсіі, але па аб’ектах, якія прапісалі ў спісе дзяржустановы. Часам рэкамендацыі могуць “спусціць” не толькі адукацыйныя захады, але і пракуратура, міліцыя.

Фота: БРСМ: live

Патрыятычныя клубы

Разам з іншымі мерапрыемствамі ў суботу прапануюць арганізоўваць патрыятычныя клубы і пошукавых атрадаў, каб вывучаць ваенную гісторыю малой радзімы. Арганізоўваць іх у метадычцы прапануюць сумесна з Міністэрствам унутраных спраў і Міністэрствам абароны. Таксама прапануюць удзельнічаць у рэспубліканскіх акцыях “Беларусь помнит”, “К защите Отечества готов!”, “Служим Беларуси”.  

Школа актыўнага грамадзяніна 

Акром гэтага, у школах ладзіцца так званая Школа актыўнага грамадзяніна (ШАГ). У межах гэтага вучням_цам 8-11 класаў прапануюць пагутарыць пра “Беларусь у асобах”. Разам са знакамітымі спартсменамі_камі, культурнымі дзеячамі_камі, працаўнікамі_цамі прамысловасці і сельскай гаспадаркі, сярод прапісаных тэмаў – “Преданные делу и стране”. У межах яе школьнікі_цы мусяць распавядаць пра дзяржаўных дзеячаў_чак і прадстаўнікоў_ніц органаў дзяржкіравання.

Актывісты_кі БРПА

Шмат патрыятычных мерапрыемстваў стала ладзіцца ў школах і ў суботу, калі звычайна праводзяцца выхаваўчыя мерапрыемствы. Звычайна ў “шосты дзень” працуе і педагог-арганізатар, які курыруе працу піянерскай арганізацыі для малодшых школьнікаў_ніц і БРСМ – для старэйшых. Так, яны ўсё яшчэ існуюць і ў іх па-ранейшаму ўступаюць часцей з-пад палкі. Настаўнікі адзначаюць, што статуты гэтых арганізацый няшмат змяніліся па зместу і накіраванасці з часоў СССР.

Фота: БРСМ: live

Выхаванне дарослых

Акрамя школьнікаў_ніц, пакетам у Беларусі ідзе патрыятычнае выхаванне іх бацькоў і настаўнікаў_ніц. Класныя кіраўнікі_цы мусяць весці грамадзянска-патрыятычную асветніцкую працу з бацькамі ў межах так званых “Родительских университетов”. Разам з размовамі пра асаблівасці выхавання дзяцей, пасля 2020 году яны абмяркоўваюць таксама і адказнасць бацькоў за ўдзел школьнікаў_ніц у “несанкцыянаваных мерапрыемствах”, “сімволіку” і гэтак далей. Аднак праз загружанасць настаўнікаў_ніц гарой уласнай працы і справаздачаў такія фарматы часта застаюцца на паперы. А каб “вырасціць патрыётаў_ак” было прасцей, ладзяцца цэлыя педканферэнцыі для настаўнікаў_ніц.  

Фота: belta.by

Кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні

Каб усе гэтыя імпрэзы праводзіліся ладна, пасля 2020 году ў школах увялі пасаду кіраўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні. Сярод патрабаванняў да кандыдатаў – каб пасаду займаў настаўнік, які прайшоў службу ў арміі. Часам каб закрыць патрэбу ў іх, школы скарачаюць штат педагогаў-псіхолагаў.

Рэвізія школьных падручнікаў

Прапагандысцкія медыя радасна справаздачацца, як шмат правак сёлета ўнеслі ў падручнікі. Паведамляюць, што пяць з 217 выданных назоваў патрабуюць поўнага карэктавання. Відавочна, што праўкі звязаныя не з факталагічнымі памылкамі ў іх – хутчэй за ўсё гэта выпраўленні, якія дазволяць падручнікам быць “ідэалагічна правільнымі”. Акрамя таго, Мінадукацыі падрыхтавала да новага навучальнага года тры выдання пра генацыд беларусаў у гады ВАв… сумесна з Генпракуратурай.

Гэта ўсё адбываецца ў кантэксце страшэннага недахопу кадраў. Сітуацыя пагоршылася цягам апошніх двух-трох гадоў на вёсках: калі педагогаў для гарадоў яшчэ знаходзяць, то ў вясковых школах гісторыі можа вучыць географ, а біялогіі – фізік. Таксама ў сельскай мясцовасці “дзіркі” закрываюць пенсіянерамі. Настаўнікі_цы мусяць здаваць грошы на падпіску на дзяржаўныя газеты. Нават ва ўмовах фармальнай забароны паступаць замяжу, шмат таленавітых дзяцей з’язджаюць. Да наступстваў ягога масштабу гэта ўсё можа прывесці – пакуль застаецца невядомым.