Што еўрапейская моладзь ведае пра сітуацыю ў Беларусі?

Што еўрапейская моладзь ведае пра сітуацыю ў Беларусі?

У верасні ў Страсбургу адбыўся шасцідзённы трэнінг для моладзі па адвакацыі дэмакратыі і правоў чалавека, арганізаваны Саветам Еўропы і Еўрапейскім моладзевым форумам у межах праекта «Democracy here. Democracy now».

Мэтай было пазнаёміць моладзь са стандартамі Савета Еўропы і навучыць будаваць стратэгіі адвакацыі, заснаваныя на Human Rights Based Approach (падыход, заснаваны на правах чалавека).

Сваімі ўражаннямі пра ўдзел з намі падзялілася актывістка Юля Ралко.

“Што вельмі цікава і адметна, я і Люба Ланіна (прадстаўніца савета “РАДА”) прадстаўлялі Беларусь, якая на сённяшні дзень не ўваходзіць у Савет Еўропы (бо ў нас ўсё яшчэ прымяняюць смяротнае пакаранне). Я бачу для сябе і для моладзі ўвогуле задачай зрабіць магчымым сяброўства нашай краіны ў Савеце Еўропы.

Было вельмі прыемна ўсвядоміць, што дасведчанасць пра Беларусь, якую мы ўбачылі, з’яўляецца вынікам працы нашай моладзі ў Еўрапейскім моладзевым форуме і прадстаўніцтве ў іншых арганізацыях.

Падчас сустрэчы мы шмат гутарылі пра тэму смяротнага пакарання ў Беларусі. Гэта тема застаецца незразумелай для маладых еўрапейцаў – для іх яна далёкая і зусім “не пра Еўропу”. Я распавядала, што стаіць за словамі “смяротны прысуд”, мы спрабавалі ўявіць, што адчувае чалавек, якога прыгаварылі да вышэйшай меры пакарання ў Беларусі. Вось толькі падумайце, што калі ён чуе крокі па калідоры, незразумела, магчыма ідуць за ім – і так кожны дзень.

Самыя частыя пытанні былі пра тое, за што выносяць смяротны прысуд і як адбываецца працэдура. Страшна ўжо ад таго, што беларусы_кi такое ведаюць”.

Якія тэмы хвалююць моладзь у Еўропе 

“Вельмі папулярнай была кампанія Vote16, таксама тэма свабоды выказвання меркаванняў і сэксуальная адукацыя, адмена неаплочваемых стажыровак. Для ўдзельнікаў_ніц з Украіны было актуальным пачаць кампанію па заахвочванні студэнтаў_ак, вымушаных з’ехаць праз вайну ў Еўропу, вярнуцца ва Украіну і больш удзельнічаць у палітычным і грамадзкім жыцці. 

Вельмі шмат здзіўлення выклікаў факт таго, што “РАДА” як нацыянальны савет Беларусі не падтрымліваецца дзяржавай. Кожны з нацыянальных моладзевых саветаў у Еўропе атрымлівае дзяржаўную фінансавую, інфармацыйную і якую заўгодна яшчэ падтрымку. Усім здавалася нечым неверагодным, што “РАДА” лічыцца ледзь не экстрэмісцкай арганізацыяй (нагадаем, што наш сайт і сацсеткі прызнаны экстрэмісцкімі матэрыяламі)”.

Розніца ў падыходзе да пытання адукацыі

“Сярод удзельнікаў_ніц была дзяўчына з Мексікі, якая вучыцца ў Ірландыі, дзяўчына з Фінляндыі, якая вучыцца ў Брусэлі, італьянцы_кі – у Швейцарыі і Францыі. Для студэнтаў_ак адкрытыя гарады, універсітэты, спецыяльнасці.

Іх выбар робіцца не з таго, што ёсць, як гэта адбываецца ў Беларусі, а з таго, што ім падабаецца. Яны плануюць наперад свой шлях: спачатку я вучуся тут, магістратуру хачу там. Для нас жа вучоба за мяжой здаецца непад’ёмнай ні фінансава, ні з пункту гледжання падрыхтоўкі, моўнага бар’ера. А для еўрапейскай моладзі гэта нешта штодзённае, яны мне наогул падаліся нейкімі вясёлымі па жыцці, лёгкімі))

Я сустрэла людзей, якія да 23 скончылі магістратуру і ў 27 пішуць доктарскія, мой бакалаўрыят у 31 іх вельмі здзіўляў!”

Навошта вам гэта?

“Мы дастаткова шмат расказвала пра палітвязняў_ніц, пра тэрміны за лайкі і каментары, пра праверкі на мяжы, пра vpn, без якога страшна, напрыклад, адкрыць нават сайт rada.fm, пра Марфу Рабкову, пра пазбаўленне НДА рэгістрацыі і ідэолагаў з КДБ ва ўніверсітэтах.

На самае частае і для мяне галоўнае пытанне я не змагла адказаць дакладна. “Чаму вы, нягледзячы на столькі цяжкасцей і перашкод, усё роўна працягваеце працаваць? Вы ж з’ехалі, усе вы ўжо не ў Беларусі, можна ўжо не думаць пра тое, што там”.

Мяне ў такія моманты накрывала шчымлівае пачуццё несправядлівасці, нязгоды, злосці, гонару. У такім інтэрнацыянальным крос-культурным асяроддзі я яшчэ больш адчувала сваю прыналежнасць да таго, што мы перажылі ў 2020 і перажываем да гэтага часу. У мяне няма адказу чаму… Таму што па-новаму не будзе, калі мы ўсё забудзем.

У апошні вечар у нас быў абмен лістамі адзін аднаму, пісалі, клалі ў канверт з імем адрасата. Я адкрыла свой у аэрапорце.

“I have lot of respect to you for you” – было на адной запісцы. Я думаю, што гэта адрасавана нам усім, маладым людзям Беларусі, і не важна, з’ехалі мы, засталіся, галоўнае – што мы робім і ва што верым”.