Лізавета Пракопчык — новая генеральная сакратарка “РАДА”!
Каму як не беларусам_кам ведаць, як важна пераемнасць і зменнасць улады. 5 год сакратарыятам “РАДА” кіравала Ганна Дапшэвічуце, зрабіла немагчымае — не толькі захавала арганізацыю ў крызісныя часы, а нават узмацніла! Але надышоў час зменаў — вітаем новую генеральную сакратарку “РАДА” Лізавету Пракопчык!
Лізавета Пракопчык
Я пачынала як студэнцкая актывістка яшчэ ў 2018 годзе. Увогуле гэта неяк заўсёды было са мной: я хацела нешта рабіць, а паўсядзённыя задачы мне падваліся занадта сумнымі. Моладзевы сектар з галавой пакрывае ўсе мае жаданні ў прыгодах апошнія 5 гадоў.
Праз свой актывізм я так і не скончыла ўніверсітэт, і яшчэ засталася вінная дзяржаве, але гэта ніяк не паўплывала на маё жаданне працягваць працаваць на карысць моладзі і Беларусі.
Канешне ж, маёй асноўнай мэтай будзе дапамагчы беларускай моладзі не згубіцца ў перыпетыях палітычнага крызісу. Не даць палітычнаму рэжыму ў Беларусі альбо дзяржаўным межам стаць паміж жаданнем лепш разумець адно аднаго, развівацца, дапамагаць.
Палітычны крызіс можа цягнуцца гады, і тая моладзь, з якой паспее папрацаваць РАДА і яе сяброўскія арганізацыі, — будзе на чале зменаў.
Я кожны дзень захапляюся тымі ініцыятывамі, якія ладзяцца беларускай моладдзю ў Беларусі і за яе межамі. Наша моладзь — нашае золата. Гэта свабодныя людзі, нягледзячы на тое, што яны выраслі з большага ў несвабодных умовах. Я кожны дзень бачу, што я не адна ў змаганні за лепшую будучыню і адзіная мая місія — дапамагчы гэтай будучыні дасягнуць. І няма для гэтага лепшага месца за РАДА.