Ад чаго дапамагаюць антыдэпрэсанты і каму трэба іх піць?
Падаецца, ты цалкам спраўляешся – а потым знаходзіш сябе ў халодным поце сярод ночы. Ці раптоўна разумееш, што неяк вельмі цяжка ісці ў душ – і так кожны дзень. Героі_іні дзеляцца ведамі аб таблетках, дэпрэсіі і іншых захворваннях, іх каментуе псіхалагіня.
Гэтай публікацыяй мы працягваем серыю тэкстаў пра тых, хто змог – пра людзей, якія ў розныя моманты жыцця вырашалі свае псіхалагічныя праблемы самі або з дапамогай спецыялістак_аў.
Большасць з іх у розныя перыяды так ці іначай удзельнічалі ў жыцці грамадзянскай супольнасці. Некаторыя і цяпер знаходзяцца ў Беларусі, іншыя – з’ехалі ў самыя розныя краіны.
Яны дзеляцца асабістымі гісторыямі і драмамі (што для кагосьці з чытачоў можа стаць трыгерам). Апісаныя героямі сімптомы могуць сведчыць пра дэпрэсію ці іншае захворванне, але мы таксама пагаварылі са спецыяліст_камі, каб атрымаць прафесійную ацэнку.
Калі вы пазнаеце ў апавяданнях сябе, то добрая навіна – шлях назад ёсць. Часам ён не так ужо блізкі, але ў любым выпадку варты таго.
“Часам бачу дзіўную ідэю, што антыдэпрэсанты даюць “кайф”
Фота: асабісты архіў
Вера Моніна займаецца журналістыкай і лакальным актывізмам. Гісторыя Веры – не самая простая: спроба самагубства, таблеткі і псіхатэрапія, пасля – 2020 год і эміграцыя. Падтрымаць сябе каштавала грошай і заняло шэсць гадоў часу, але Вера ўпэўненая: зараз яна адчувае сябе добра.
“Я п’ю антыдэпрэсанты з 16 гадоў. Усё пачалося з цяжкага дэпрэсіўнага эпізоду на першым курсе ўніверсітэта, калі я амаль скочыла з 11 паверха. Дзякуючы дапамозе майго былога хлопца і яго бацькоў я змагла патрапіць на прыём да дзіцячага псіхіятра, і мне паставілі біпалярны афектыўны разлад.
Антыдэпрэсанты я пачала прымаць адразу пасля дыягназу, і першыя некалькі месяцаў хадзіла літаральна “ватная” – вельмі хацелася спаць, не было сілаў ні на што і здавалася, што зараз я страчу прытомнасць. Але яны спрацавалі – самабойчых думак стала менш, і актыўным самакалечаннем я не займалася.
Важна адзначыць, што мае бацькі першапачаткова былі вельмі супраць таго, каб я хадзіла да лекараў і прымала таблеткі, бо гэта магло негатыўна паўплываць на вобраз нашай сям’і, якую добра ведалі ў Берасці. Яны актыўна адмаўлялі існаванне праблемы.
У часы, калі мне было недастаткова адной медыкаментознай падтрымкі, я звярталася ў крызісны цэнтр на Мендзялеева 4. Гэта не самае прыемнае месца, але там можна было бясплатна хадзіць на групавую тэрапію, атрымліваць таблеткі, а таксама фізіятэрапію і кансультацыі ад псіхатэрапеўта.
Канешне, 2020 год, затрыманне, ціск ва ўніверсітэце і пераезд у Польшчу вельмі моцна падбілі маё псіхічнае здароўе. У мяне пачаліся панічныя атакі і кашмары, я прачыналася ўначы ад соннага паралічу і не магла нават звярнуцца па дапамогу, пакуль не атрымала нармальную страхоўку. Мне прыйшлося доўга працаваць з псіхатэрапеўткай, каб вярнуцца ў стан, у якім я магу нармальна функцыянаваць – і праца яшчэ не скончаная.
У той ці іншай форме я прымаю лекі амаль усе шэсць гадоў. Гэта былі вельмі розныя прэпараты – ад бензадыязепінаў і SSRI, якія мне выпісвалі ў Польшчы, да ўмоўнага Фенібута з вельмі слаба даказанай эфектыўнасцю. На жаль, змены таблетак даюць пра сябе ведаць рознымі непрыемнымі пабочнымі эфектамі: я набірала вагу, траціла апетыт, губляла лібіда, а часам нават атрымлівала сератанінавы сіндром, неўралгіі і сутаргі. На шчасце, зараз у майго спецыяліста атрымалася падабраць самае трапнае спалучэнне, і я добра сябе адчуваю.
Канешне, трэба заўсёды ўважліва сачыць за здароўем, здаваць аналізы і заўсёды правяраць як спалучаюцца антыдэпрэсанты з лекамі, якія прызначаюць іншыя лекары. Таксама вельмі непрыемны фінансавы аспект: за візіт да платнага псіхіятра і таблеткі на некалькі месяцаў я магу аддаць да 100 еўра, што вельмі адчувальна б’е па маёй кішэні.
Вельмі важна памятаць: антыдэпрэсанты не гарантуюць, што псіхічнае здароўе адбудуецца само па сабе. Важна пабудаваць руціну, займацца тэрапіяй (у групах ці індывідуальна), намагацца ўключаць у жыццё фізічную ці творчую актыўнасць.
Таксама часам я бачу вельмі дзіўную ідэю аб тым, што антыдэпрэсанты могуць даваць “кайф” і фармуюць залежнасць. Гэта абсалютны булшыт. Мы не вінавацім людзей з іншымі захворваннямі ў залежнасці ад жыццёва неабходных прэпаратаў. І менавіта таму мусім пашыраць думку пра тое, што антыдэпрэсанты – гэта вельмі важна.
“Калі я сядала ў машыну – на мне не было твару”
Камусьці баліць страўнік, нехта п’е гармоны – ну а хтосьці прымае антыдэпрэсанты, тлумачыць Крысціна Дробыш, была акторка Купалаўскага тэатра і стваральніца аўдыёкніг. Яна заўсёды лічыла сябе моцнай, але пасля 2020 года ў нейкі момант адчула, што не можа кантраляваць нічога, нават свае эмоцыі. І замест таго, каб спраўляцца самастойна, як заўсёды, Крысціна вырашыла прыняць дапамогу.
Фота: Еўрарадыё
“Калі людзі чуюць пра прыём антыдэпрэсантаў, то выказваюць спачуванне. Але для мяне гэта – як прыём звычайных таблетак: у кагосьці хворы страўнік, у іншага шчытападобная залоза барахліць. Нехта сядзіць на валяр’янцы – ну, а мяне яна ўжо не торкае.
Я заўсёды лічыла сябе моцным чалавекам, здольным вытрымаць патрасенні. Але 2020 год не задаўся: я згубіла шмат працы, якая прыносіла мне асноўны прыбытак. Дзіцё трапіла пад кавідныя абмежаванні, нас пакінулі на два тыдні дома. Дактары прыходзілі ў поўным абмундзіраванні, далі паперку, што калі я не буду прытрымлівацца правілаў, то гэта скончыцца адміністрацыйным пакараннем. Невядомая хвароба, могуць упаяць штраф – гэта пужала, і я пачала лавіць першыя моцныя панічныя атакі.
А потым здарылася лета 2020-га, я трымалася на адрэналіне і агульным пад’ёме. У сярэдзіне 2021 года пачала разумець, што не ў стане кантраляваць нічога, нават свае эмоцыі. Мне здавалася, што я не маю права паказаць людзям, што мне кепска, аддавала шмат энергіі ім і працы, а потым – такая пустэча ўнутры…
За кошт акторскай адукацыі я ўмею пераключацца так, што гэта не заўважна людзям і нават мне самой, гэта рэфлекторна. Мне пашанцавала, што адна малазнаёмая дзяўчына заўважыла гэта, калі я сядала ў машыну. Яна сказала, што на мне не было твару, і прапанавала дапамогу.
Я была ўпэўнена, што проста трэба час. Але памятаю, як пасля наступнага моцнага стрэсу прачынаюся ноччу, плачу, куру, уключаю кіно, каб пераключыцца… Зноў плачу, сплю. Я банальна перастала хадзіць у душ і разумела, што вялізнымі крокамі іду ў дэпрэсію. Тады я зразумела, што трэба дапамога.
[Псіхіятарка] апытала мяне, прапанавала некалькі варыянтаў антыдэпрэсантаў – і ў мяне выйшла знайсці свой прэпарат. Першыя два тыдні было цяжка, нібыта першы трыместр цяжарнасці: тармазіш, на мяжы ванітаў. Я злавіла сябе на тым, што еду за стырном пасярод горада з хуткасцю 30 кіламетраў на гадзіну.
Пасля я адчула, што мне – нармальна, пачуцці перасталі выбіваць з каляіны. Але адных антыдэпрэсантаў мала, лекамі мозг не лечыцца, і патрэбная тэрапія. Зараз я трэці год п’ю антыдэпрэсанты і прайшла тэрапію напрацягу паўтарох год у крызіснага псіхолага. Я прыйшла ў нармальны стан і трошку вырасла, але не дала б рады без прэпаратаў. Удалося прыйсці да таго, што можна перастаць іх піць – але пакуль я не гатова.
Думаю, [у крызісны момант] можна было дзейнічаць і іначай, выбар заўсёды ёсць. Пытанне ў тым, ці ты хочаш прынцыпова застацца самастойным – ці сапраўды вылезці з гэтага. Мая пазіцыя была прынцыповая, але я зразумела: навошта рвацца, калі можна ўсё ж прыняць дапамогу”.
“Я добра спраўляўся, але ў выніку выгарэў”
Грамадзянскі актывіст і праваабаронца Сяржук Рашэтнікаў нават у самыя цяжкія часы лічыў важным працягваць грамадскія справы, але дзякуючы псіхолагу і псіхіятру у лік яго прыярытэтаў дадаўся клопат аб самім сабе. Ён адкрыта расказвае пра эміграцію, спробу самагубства, адносіны і псіхаактыўныя рэчывы.
Фота: сямейны архіў
“Я прыйшоў да антыдэпрэсантаў напачатку 2023 года, зразумеўшы, што ўжо больш за два гады стаю на месцы і жыву наўпрост мінімальнымі запытамі на камфорт, жытло/ежа/нейкі адпачынак.
Псіхіатр паставіў папярэдні дыягназ — адаптацыйны разлад і рэакцыя на цяжкі стрэс. У цэлым, я лічу, прычынай маёй дэпрэсіі паслужыў шэраг падзей: я займаюся актывізмам з 2019 года, у 2020 годзе прымаў актыўны ўдзел у пратэстах, у тым ліку прысутнічаў каля станцыі метро Пушкінская літаральна ў момант забойства Тарайкоўскага. Двойчы затрыманы, адбываў адміністрацыйныя арышты.
У 2021 годзе прыняў рашэнне пакінуць краіну з-за сталай увагі супрацоўнікаў МУС, якія прыязджалі да мяне па месцы жыхарства кожную суботу і выклікалі кожную нядзелю ў РАУС.
Пазней, калі я [чарговы раз] збіраўся з Украіны ў Грузію, у дзень ад’езду сілавікі прыйшлі за маёй маці, яе абвінавацілі ў артыкуле 342.1, а праз дзьве гадзіны мне патэлефанавалі і сказалі, што памерла наша найблізкая сваячка. Я спазніўся на самалёт, і партнёрка прапанавала мне паехаць з ёй у Кракаў. Тут я і жыву.
Пасля пераезду я падтрымліваў сваю актыўнасць на мінімалках, але з пачаткам вайны быццам адкрылася другое дыханне. Я пайшоў валанцёрам у пункт дапамогі бежанцам з Украіны, на першую лінію кантакту, добра спраўляўся, але выгарэў. Недзе два тыдні я не быў здольны ні на што, але потым стала лягчэй і я вярнуўся. Праз тры месяцы зноў выгарэў і зрабіў перапынак на месяц. Ужо тады з горам папалам я вучыўся, але працаваць не мог.
Усё гэта суправаджалася таксічнымі стасункамі ад ліпеня 2021 года. Мяне доўгі час трымалі ў нявызначанасці, пад час якой ставілі нейкія незразумелыя ўмовы. Я іх намагаўся выконваць, яшчэ больш забіваючы на сябе, і ў такім рэжыме жыў да студзеня 2023 году.
Тады я скончыў валанцёрскую дзейнасць, але працягваў на альтруізме інфармацыйна дапамагаць беларусам, якія вымушана з’ехалі з краіны. У лютым 2023 я зразумеў, што час пайсці да псіхіятра.
Мне выпісалі сертралін, на пяты месяц я адчуў, што магу скончыць прыём прэпаратаў – і гэта было вялікай памылкай. Праз кароткі час мой стан зноў стаў горшым. Фінішам для мяне стала здрада каханага чалавека, пасля чаго ў мяне была спроба самагубства.
Я хутка зноў запісаўся да псіхіятра, мне зноў прапісалі сертралін і дадаткова квеціапін. У дадзены момант мой стан стаў значна лепей, я жартліва для сябе адзначыў 2024 год — годам самаклопату.
Магу ўпэўнена сказаць, што антыдэпрэсанты – гэта нармальна, хаця многія ўспрымаюць іх перадузята. Мая парада: калі адчуваеш, што ў жыцці нешта ідзе не так – не саромецца звяртацца да псіхіятра, бо наступствы могуць быць фатальнымі. Аднымі таблеткамі праблема не вырашаецца, але яны дапамагаюць ацаніць свой стан і шырэй паглядзець на прычыны праблем. У далейшым лічу неабходным працаваць з псіхолагамі.
Дадам, што можна размаўляць з рознымі людзьмі, падтрымка можа прыйсьці адкуль не чакаеш. На мяне шмат знаёмых злавалася за тое, што я ведаў, што яны ёсць, але моўчкі быў, калі было вельмі цяжка.
І яшчэ адзін нюанс: пад час усяго вышэй апісанага я рэгулярна спажываў розныя ПАР (псіхічна актыўныя рэчывы), частка з каторых таксама не вельмі добра уплывала на якасць жыцця. Зараз, я лічу, дзякуючы антыдэпрэсантам у мяне самая доўгатэрміновая рэмісія”.
Якія сімптомы ёсць у дэпрэсіі?
Як зразумець, наколькі аб’ектыўныя думкі аб дэпрэсіі і ці трэба ўжо ісці да псіхіятра? Тлумачыць і распавядае пра сімптомы Марта Скугарава, псіхатэрапеўтка.
“Псіхолагі не маюць права ставіць дыягназ або прызначаць прэпараты, аднак псіхолаг часта аказваецца чалавекам, які праводзіць першасную дыягностыку і [адукацыйную] гутарку.
Нярэдка стыгматызацыя лекавання, недастатковая інфармаванасць аб наступствах няслушнага лекавання і пабочныя эфекты лекаў, а таксама самі праявы расстройстваў (недахоп матывацыі, стамляючыя думкі рознага характару і іншае) прыводзяць да самастойнай адмены або бессістэмнага прыёму прэпаратаў.
У некаторых сітуацыях кліенту можа быць няпроста праходзіць размоўную тэрапію без медыкаментознай. Тады зварот за лячэннем з’яўляецца умовай працягу.
Ці прапанаваць кліенту пракансультавацца ў лекара-псіхатэрапеўта або псіхіятра, я вырашаю, абапіраючыся на дыягностыку ISD-11. На першай сустрэчы я праводжу інтэрв’ю з кліентам, што дапамагае і мне, і яму прыняць рашэнне аб сумеснай працы. Таму ўжо на гэтым этапе першая сустрэча можа скончыцца маёй рэкамендацыяй звярнуцца да ўрача або нават за лекаваннем у стацыянар.
Антыдэпрэсанты – гэта шырокая група прэпаратаў рознага дзеяння, не ўсе з іх гэта селектыўныя інгібітары зваротнага захопу сератаніна (SSRI). Напрыклад, ёсць інгібітары зваротнага захопу сератаоніна і норадрэналіна (SNRI), або трыціклічныя антыдэпрэсанты, інгібітары монаамінааксідазы (IMAO). Апроч таго, лекаванне растройстваў настрою (у тым ліку дэпрэсіі) можа праводзіцца і прэпаратамі іншых груп, напрыклад, прэпаратамі класа бензадыазепіны.
Яшчэ раз нагадаю, што лекаванне падбірае і праводзіць доктар. Пры выбары таго ці іншага прэпарата зазвычай ён кіруецца наборам сімптомаў ў пацыента.
Якія могуць быць сімптомы? Зборнік DSM-5 або ISD-11 можа даць інфармацыю для дыягностыкі. Напрыклад, калі кліент паведамляе, што ў яго ёсць мінімум пяць сімптомаў з дадзеных ніжэй дзевяці, якія захоўваюцца напрацягу двух тыдняў, а таксама калі ён ужо выключыў іншыя саматычныя прычыны (эндакрынныя праблемы, анемію і т.п) – тады я рэкамендую кансультацыю доктара.
Гэтыя сімптомы:
- паніжаны настрой;
- адсутнасць задавальнення і цікавасці;
- парушэнне апетыту і / або масы цела (напрыклад, схудненне);
- парушэнне сну;
- псіхаматорныя ўзбуджэнне або запавольванне;
- адчуванне стомленасці;
- нізкая самаацэнка і пачуццё віны;
- парушэнне канцэнтрацыі ўвагі;
- думкі пра смерць і / або самагубства.
Я таксама буду звяртаць увагу на саматычныя сімптомы дэпрэсіі:
- вобласць брушнай паражніны: колючыя болі, уздуцце, нетрыманне;
- вобласць грудзей: удушша, ціск, адчуванне цяжару, павярхоўнае дыханне і дрыжыкі;
- вобласць галавы: галавакружэнне, болі ў шыі, болі ў галаве (асабліва пасля разумовага напружання);
- вобласць шыі: удушша, адчуванне сціскання ў горле;
- цягліцавая сістэма: боль, слабасць;
- прыступыі патлівасці, ваганні настрою, сну, апетыту, менструацыі, вагі цела;
- астуджэнне канечнасцяў, нягледзячы на адсутнасць сасудзістых змен, і адсутнасць паляпшэння пасля награвання”
Ганна Валынец