Дзень Правоў чалавека

Дзень Правоў чалавека

Актуальнасць тэмы правоў чалавека ва ўмовах палітычнага крызісу.

Вось ужо паўтара года ў Беларусі ва ўсім, што тычыцца сферы заканадаўчага рэгулявання, стала модным прымяняць тэрмін “прававы дэфолт”. 

У краіне 908* палітычных зняволеных, ліквідавана больш за 280 арганізацый грамадзянскага сектара, тысячы беларусаў і беларусак сталі фігурантамі і фігуранткамі адміністрацыйных і крымінальных спраў.

Таму ў Міжнародны Дзень правоў чалавека важна было б падкрэсліць актуальнасць такой тэмы, як Правы чалавека ў Беларусі. 

На жаль, мы жывём у такім свеце, дзе правы чалавека парушаліся заўсёды, і наша краіна не з’яўляецца выключэннем. У пост выбарчы перыяд гэта праблема абвастрылася. І таму асабліва важна памятаць аб тым, што ключавым суб’ектам гуманізма з’яўляецца чалавек. Чалавек ёсць мера ўсіх рэчаў, і ўсё, што мы робім, накіравана не толькі на грамадства ў цэлым, але на кожнага чалавека як асобу.

Права на адукацыю, права на працу, права на свабоду асацыяцыі, права на справядлівы суд, права на свабоду веравызнання — сотні і тысячы актывістаў і актывістак праваабарончага і моладзевага сектара кожны дзень працуюць над тым, каб рэалізацыя нашых з вамі правоў ажыццяўлялася ў поўным аб’ёме. 

І нават ва ўмовах, калі ціск з боку дзяржавы становіцца проста невыносным, важна не апускаць рукі, уносіць нават невялікі, але свой уклад у пабудову новай Беларусі і абараняць свае правы ўсімі даступнымі спосабамі.

5 снежня быў Міжнародны дзень валанцёра. Нацыянальны моладзевы савет “РАДА” хацеў бы павіншаваць з гэтым днём нашу сяброўскую арганізацыю і вернага сябра, Валанцёрская служба ПЦ “Вясна”.

Валанцёры і валанцёркі з Вясны 2012 года працуюць па наступным напрамках:

– удзел у грамадскіх назіраннях (за судамі, выбарамі, масавымі мерапрыемствамі);

– распрацоўка крэатыўных ідэй па тэматычных кірунках;

– арганізацыя адукацыйных мерапрыемстваў;

– дапамога ў грамадскай прыёмнай арганізацыі (напісанне скаргаў, зваротаў і т. д.);

– журналісцкая і дызайнерская праца па стварэнні ўнікальных матэрыялаў.

У 2020 годзе Валанцёрская служба не засталася ў старане і дапамагла тысячам беларусаў і беларусак адстойваць свае правы, калі дзяржава дзейнічала па мадэлі “часам не да законаў”.

Заклікаем усіх неабыякавых беларусаў і беларусак улівацца ў дзейнасць валанцёрскіх і праваабарончых арганізацый! Толькі разам мы зможам зламаць гэтую спружыну гвалту, дапамагчы тым, хто ў бядзе, і зрабіць голас моладзі чутным і важным.

*на 10 снежня 2021

#FreeViasna