Чаму важна ўлічваць голас моладзі?

Чаму важна ўлічваць голас моладзі?

Міжнародны дзень моладзі (International Youth Day) адзначаецца штогод 12 жніўня з мэтай нагадаць аб ролі маладых людзей у развіцці і пабудове свету і паўсядзённых праблемах, якія стаяць на іх шляху.

Дзень моладзі быў ініцыяваны Генеральнай Асамблеяй ААН 17 снежня 1999 года.

Згодна са статыстычнай інфармацыяй, колькасць моладзі ва ўзросце 14-30 гадоў у Беларусі на 1 студзеня 2022 года складала 1 663 261 чалавек. Кожны_ая пяты_ая жыхар_ка Беларусі з’яўляецца прадстаўніком_цай моладзі.

Мэта Міжнароднага дня моладзі ў 2022 годзе – актывізацыя дзеянняў прадстаўнікоў і прадстаўніц усіх пакаленняў для дасягнення мэтаў у галіне ўстойлівага развіцця, не пакідаючы нікога ззаду. 

Важнай задачай таксама з’яўляецца распаўсюджванне інфармацыі аб пэўных бар’ерах на шляху забеспячэння салідарнасці пакаленняў, у прыватнасці, аб эйджызме (дыскрымінацыя па ўзросце). Гэта небяспечная з’ява закранае як маладых, так і пажылых людзей, аказваючы негатыўны ўплыў на грамадства ў цэлым.

Эйджызм – гэта сур’ёзная праблема, якая закранае многія сферы жыцця, у прыватнасці ахову здароўя, правы чалавека і развіццё.

У Глабальным дакладзе па эйджызме, прадстаўленым ААН у 2021 годзе, падкрэсліваецца, што маладыя людзі працягваюць паведамляць аб узроставых бар’ерах, з якімі яны сутыкаюцца ў розных сферах жыцця, такіх як працаўладкаванне, удзел у палітычным жыцці, ахова здароўя і правасуддзе.

Разам з арганізацыяй “ІншыЯ” спыталі ў моладзевых актывістак, ці адчуваюць яны выключанасць моладзі з працэсаў прыняцця рашэнняў, ці сутыкаліся з дыскрымінацыяй і/ці стыгматызацыяй адносна сябе як прадстаўніц моладзі і як можна змяніць існуючую сітуацыю ў лепшы бок?

Марына Штрахава, арганізацыя “ІншыЯ”

Я адчуваю выключэнне моладзі з працэсаў прыняцця рашэнняў, бо моладзь у прынцыпе рэдка прысутнічае ў органах, якія прымаюць рашэнні. Нават у тых органах, якія прымаюць рашэнні непасрэдна пра моладзь, напрыклад, у Міністэрстве адукацыі. 

Важна, каб моладзь адчувала свой уплыў на сітуацыю і адказнасць за яе, магла мяняць яе так, як сапраўды патрэбна ёй, а не так, як думаюць пра гэта старэйшае пакаленне.

Я памятаю, як студэнткай шукала працу, то шмат хто мне адмаўляў, бо я вельмі маладая, а значыць (па меркаванні працадаўцаў) без адпаведных ведаў/досведу і хутка захачу нарадзіць дзяцей.

Як можна змяніць гэтую сітуацыю? Моладзь можна ўключаць у прыняцце рашэнняў у самых розных фарматах: ствараць кансультацыйныя моладзевыя рады, кансультавацца з моладзевымі арганізацыямі, рабіць апытанні і г.д. Калі ёсць жаданне, то заўжды можна знайсці эфектыўны і зручны для ўсіх фармат. Таму жаданне і разуменне важнасці ўключэння моладзі перад усім.

Марына Нікіфарэнка,
ГА “Цэнтр інфармацыйнай падтрымкі грамадскіх ініцыятыў “Трэці Сектар”, прадстаўніца Савета “РАДА

Маладыя людзі – гэта велізарная сацыяльная група, вялікая колькасць людзей з пэўнымі інтарэсамі і патрэбамі. Як мінімум таму моладзь павінна быць улічаная ў прыняцці рашэнняў. Сёння свет мяняецца вельмі хутка, і інтарэсы і патрэбы моладзі 20 гадоў таму будуць адрознівацца ад сённяшніх. Таму важна пастаяннае прадстаўніцтва моладзі пры прыняцці рашэнняў.

У Беларусі не прадугледжана ніводнага інстытута дзяржкіравання, які б фарміраваўся маладымі людзьмі. У моладзі, па факце, няма рычагоў уплыву на прыняцце рашэнняў, у тым ліку якія датычацца іх саміх. З ліквідацыяй грамадзянскай супольнасці ў маладых людзей зніклі нават самыя нязначныя шанцы быць пачутымі. Хочацца спадзявацца, што дэмакратычныя сілы ўлічаць гэтую праблему і забяспечаць удзел моладзі ў прыняцці рашэнняў. Але на сённяшні дзень пытанне застаецца адкрытым.

Звярну вашу ўвагу на складанасці пошуку працы для маладых людзей, неаплатныя стажыроўкі ці аплачаныя ніжэй рынкавага кошту працоўныя месцы. У грамадстве па-ранейшаму ёсць стэрэатып аб некампетэнтнасці маладых людзей, нягледзячы на ​​адукацыю і досвед.

На мой погляд, праблема магла б быць вырашана ўстанаўленнем кворуму на прадстаўніцтва моладзі ў органах кіравання (напрыклад, 30%), а таксама стварэннем інстытутаў, якія прадставілі б інтарэсы моладзі. Наданне БНМС “РАДА” статусу афіцыйнага нацыянальнага моладзевага савета з вынікаючымі функцыямі і паўнамоцтвамі, па прыкладзе Еўропы, магло б істотна палепшыць становішча моладзі ў беларускім грамадстве і дэмакратычнай дзяржаве. Моладзевыя грамадскія арганізацыі павінны атрымаць доступ да рычагоў прыняцця дзяржаўных рашэнняў.

Іра Лукашэнка, актывістка

На дзяржаўным узроўні і на высокіх пазіцыях моладзь не бярэ ўдзел у прыняцці рашэнняў. Моладзі рашэнні паведамляюць па факце. Важна ўлічваць меркаванне ўсіх слаёў насельніцтва, усіх тыпаў насельніцтва, бо ніхто за іх не можа ведаць, як ім будзе лепш, ніхто за іх не можа вырашаць, як ім трэба жыць. Моцны бок моладзі – гэта свежы погляд, гэта будучыня, якой і жыць з вынікамі прынятых рашэнняў.

Самае балючае для мяне – гэта непрызнанне дзяржавай ініцыятывы і ўцягнутасці моладзі Беларусі ў падзеі, звязаныя з палітычным жыццём краіны, пераслед за меркаванне, адсутнасць навучання моладзі правам чалавека. І яшчэ хочацца згадаць сферу аховы здароўя, дзе спецыялістаў і спецыялістак не навучаюць працы з моладдзю, таму часта гавораць прадстаўніку або прадстаўніцы маладога пакалення лішняе або проста вырашаюць не мець зносін.

Якое рашэнне бачу я? Пры прыняцці рашэнняў трэба выслухоўваць меркаванні і прапановы тых бакоў, каго дадзенае рашэнне наўпрост ці ўскосна закранае. Неабходна запрашаць прадстаўнікоў і прадстаўніц моладзі ў фокусныя групы/камісіі.

Дар’я Рублеўская, Задзіночанне беларускіх студэнтаў, прадстаўніца Савета “РАДА

Ці адчуваю я выключанасць моладзі з працэсаў прыняцця рашэнняў? На жаль, так. Мне сумна гэта канстатаваць, але нават новыя дэмакратычныя сілы пайшлі па шляху выбудаванай дзяржаўнай вертыкалі ўлады, дзе голас моладзі – гэта голас, якога няма. На самым простым і відавочным прыкладзе: Канферэнцыя Новая Беларусь мела 0 прадстаўнікоў_іц моладзевага сектару ў якасці спікераў_ак, ні ў адной з панэлі не абмяркоўвалася стратэгічна важная праца з моладдзю як з асобнай – і вельмі вялікай – мэтавай групай. 

Ні ў адной існуючай палітычнай структуры няма дзеючых прадстаўнікоў_іц па моладзі / моладзевай палітыцы, з чаго вынікаюць сістэмныя памылкі ў падыходах да працы як з асобнымі запытамі моладзі, так і ў цэлым з гэтай вялікай групай.

Моладзь – гэта адна з найвялікшых сацыяльных груп, якая, пры слушна расстаўленых прыярытэтах працы з ёй, можа стаць вялізнейшым актывам для якасных зменаў у грамадстве. І я тут не пра масавую радыкальную палітызацыю, а ў тым ліку пра лакальныя, але вельмі важныя кропкавыя дзеянні: ад адрамантаванай дарогі каля інтэрната да захавання беларускамоўных школ у горадзе.

Таму важна прымаць палітычныя рашэнні, працаваць над унутраным эйджызмам і часцей падсвечваць удзел моладзі ў грамадска-палітычных працэсах.

Маргарыта Ворыхава, старшынька Савета РАДА

Для мяне з’яўляецца відавочным недапушчэнне моладзі да працэсу прыняцця рашэнняў у дзяржаўных органах рэжыму: ад мясцовых і інстытуцыйных установаў да палітычных працэсаў (усе мы памятаем, як выглядаюць сустрэчы па абмеркаванні пытанняў моладзі).

Аднак сітуацыя не адрозніваецца і ў арганізацыях дэмакратычных сілаў – моладзь не прадстаўлена як група ў працэсах фарміравання стратэгій, адсутнічае фокус на моладзі як асобнай мэтавай аўдыторыі, спатрэбілася празмерна шмат намаганняў толькі для таго, каб пачаць дыялог у гэтым напрамку, але вынікаў усё яшчэ няма.

Уцягванне моладзі ў працэс прыняцця рашэнняў – не проста крок на шляху да стварэння больш інклюзіўнага грамадства. Менавіта моладзь стала рухавіком зменаў, якія адбыліся за апошнія гады. Менавіта моладзь цяпер развівае большую частку праектаў, дае магчымасці нефармальнай адукацыі, засноўвае арганізацыі. Мы ствараем платформу для выбудоўвання таго грамадства, да якога ўсе так імкнуліся. Мы не проста павінны быць уключаныя ў працэс прыняцця рашэнняў. Мы заслужылі сваё месца і гатовы за яго змагацца.

Калі казаць пра асабісты досвед, то ўзрост – гэта пэўны комплекс, які выяўляецца ва ўжо звыклым уяўленні “Прывітанне, мяне клічуць Марго, мне 21”. Гэта заўсёды пра адносіны не на роўных, пра адчуванне адрэзанасці ад дыскусій, пра пастаянную вымушанасць праходзіць праз большую колькасць забабонаў і заваёўваць магчымасць выказаць каментар і прадставіць сваю мэтавую групу. Быць маладой натхняе, але роўна ў такой жа ступені і вымотвае, бо заўсёды даводзіцца спачатку даказваць, што ты такі ж чалавек, як і ўсе астатнія.

Цяпер як ніколі важна займаць праактыўную пазіцыю і запрашаць да дыялогу ўсіх, на каго паўплываюць вынікі прынятых рашэнняў. Калі мы хочам жыць у Беларусі будучыні, моладзь павінна стаць яе часткай.

Надзея Сядун, Задзіночанне беларускіх студэнтаў

Выключанасць моладзі адчуваецца. Асабліва, калі на канферэнцыі ў Вільні фактычна не было спікераў да ~30 год. Так, магчыма, і мы, як моладзь, не патрэбныя дэмсілам як частка грамадства? А што яны будуць у, так званай, Новай Беларусі, рабіць без нас? У моладзі свежы погляд на свет, нашае жыццё і будучыню. Калі не ўлічваць нашыя патрэбы, запыты і прапановы, то і для нас краіна не будзе такой прывабнай для жыцця. 

У нашым грамадстве квітнее эйджызм. Я ўсё часцей адчуваю яго ў адносінах да сябе і сваёй дзейнасці. Асабліва цікава чуць «ты занадта маленькая для…» (усяго). Нібыта для таго, каб выказваць сваё меркаванне і прасоўваць свае ідэі, трэба дасягнуць пэўнага ўзросту. 

Трэба ісці на дыялог з моладдзю, даваць выказвацца ў публічнай прасторы, слухаць і чуць. Што казаць, калі ў размове са Святланай Ціханоўскай пра моладзь і меркаванне моладзі, журналістка вырашыла страціць палову часу на абмеркаванне «сварак» паміж рознымі часткамі дэмсілаў.