Моладзь пад рэпрэсіямі. Кастрычнік

Моладзь пад рэпрэсіямі. Кастрычнік

Рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца кожны месяц, тыдзень, дзень і знаходзяцца на ранейшым узроўні. Апошнім часам увагу уладаў прыцягнулі прыватныя адукацыйныя ўстановы, якія масава зачынялі. Артыкулы на гэту тэму вы можаце знайсці ў нашым раздзеле Крызіс 2020.

ПАЛІТЫКА РЭЖЫМУ

6 кастрычніка Міністэрства адукацыі апублікавала палажэнне «Аб установе вышэйшай адукацыі». Згодна з ім для ўстановаў вышэйшай адукацыі зараз будзе абавязковым і прыярытэтным ідэалагічнае выхаванне моладзі. Гэтая задача ставіцца ведамствам не толькі перад кіраўніцтвам ВНУ і факультэтаў, але і перад кафедрамі. Больш за тое, рэалізацыя палажэння мяркуе стварэнне ў вучэбных установах спецыяльных «упраўленняў», якія будуць здзяйсняць функцыю ідэалагічнага выхавання.


22 верасня Міністэрства адукацыі зацвердзіла «Інструкцыі аб правядзенні выхаваўчай працы педагагічнымі работнікамі ў пазаўрочны час з навучэнцамі». Згодна з новым дакументам, выхаваўчая праца школьнікаў_ніц і студэнтаў_ак, якая ставіцца ў абавязак педагогам у вольны ад заняткаў час, вызначаная, у першую чаргу, як «фармаванне ў навучэнцаў пачуцця патрыятызму, грамадзянскасці, павагі да памяці абаронцаў Айчыны».


3 кастрычніка Лукашэнка даў распараджэнне «мабілізаваць усіх» на сельска-гаспадарчыя работы па зборы ўраджаю, уключаючы навучэнцаў_ак школаў і ВНУ. Па яго меркаванні, прыцягненне дзяцей і моладзі да такой працы мае важнае выхаваўчае значэнне.


Па дадзеных інфармацыйна-аналітычнага партала banki24.by, за 8 месяцаў 2022 г. у Беларусі розніца паміж колькасцю звольненых супрацоўнікаў_ніц установаў адукацыі і колькасцю прынятых на працу склала 17 тыс. чалавек. Гэта сведчыць пра беспрэцэдэнтна буйны адток кадраў у сферы адукацыі.


У Мінску пасля інцыдэнта каля школы «Смарт скул» і абвінавачванняў Лукашэнкі на адрас прыватных школаў было зачынена больш за тры дзясяткі прыватных навучальных установаў (г.зн. амаль усе). Працу працягваюць толькі тры прыватныя школы, заснавальнікі_цы як мінімум дзвюх з іх з’яўляюцца набліжанымі да Лукашэнкі. У выніку закрыцця школаў каля дзвюх тысячаў дзяцей у Мінску сутыкнуліся з неабходнасцю знайсці новае месца вучобы ў тэрміновым парадку. Для прыёму дзяцей на вучобу адміністрацыі сталічных дзяржаўных школаў былі вымушаныя працаваць у выходныя дні.


У пачатку кастрычніка стала вядома, што беларускія ўлады зачынілі Хрысціянскі сацыяльны цэнтр «Місія добрага самараніна», пры якім з 2018 г. працавала школа для дзяцей. Цэнтр і школа з’яўляліся ўстановамі Рымска-каталіцкага касцёла Беларусі.


Начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Руслан Абрамчык назваў дзеянні бацькоў, якія не хочуць уладкоўваць сваіх дзяцей на навучанне ў дзяржаўныя школы ў сувязі з закрыццём гродненскай прыватнай школы, «перашкодай атрыманню дзяцьмі адукацыі». Па словах чыноўніка, гэта з’яўляецца нагодай для пастаноўкі сям’і на ўлік па сацыяльна-небяспечным становішчы.


У дзіцячым аздараўленчым лагеры «Зубраня» з’явіўся мемарыяльны стэнд расійскага ваеннаслужачага Аляксандра Крыніна. Крынін ўдзельнічаў у ваенных дзеяннях супраць Украіны і загінуў на яе тэрыторыі ў сакавіку 2022 г. Прычынай з’яўлення стэнда стала тое, што ён раней адпачываў у гэтым лагеры. Паказальна, што стэнд зроблены па ўзоры і ўсталяваны побач з мемарыяльным стэндам Героя Беларусі Мікіты Куканенкі. Куканенка — беларускі лётчык, які загінуў у 2022 г., адводзячы самалёт, які падае, ад жылых кварталаў г. Баранавічы.


ГРАМАДЗЯНСКАЯ СУПОЛЬНАСЦЬ І АДУКАЦЫЯ

Прадстаўніца па нацыянальным адраджэнні Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі Аліна Коўшык і прадстаўніца Офіса Святланы Ціханоўскай па адукацыі і навуцы Таццяна Шчытцова прынялі сумесную заяву ў адказ на публікацыю Міністэрствам адукацыі палажэння «Аб установах вышэйшай адукацыі». У заяве гаворыцца пра тое, што ў моладзі немагчыма сфармаваць грамадзянскасць і патрыятызм на падставе «ідэалогіі, якую прасоўвае Лукашэнка і ягоныя прапагандысты». Таксама ў заяве змяшчаецца заклік да выкладчыкаў_чыц абмежаваць уплыў дзяржаўнай ідэалогіі на навучэнцаў_ак.


Прэс-служба ЕГУ паведаміла, што сёлета, у параўнанні з папярэднім годам, універсітэт прыняў на вучобу ўдвая больш студэнтаў_ак. 70% з іх — беларусы_кі. Паказальна, што самай запатрабаванай спецыяльнасцю стала «Інфарматыка», адкрытая сёлета ў партнёрстве з беларускай ІТ-кампаніяй EPAM.


РЭПРЭСІІ

3 кастрычніка была затрыманая былая дацэнтка МДЛУ, вядомая выкладчыца італьянскай мовы Наталля Дуліна, раней звольненая з універсітэта за ўдзел у пратэстах. На яе заведзеная крымінальная справа па арт. 342 КК за «перакрыццё праезнай часткі» падчас пратэстных маршаў 2020 г., а таксама за рэгістрацыю ў плане «Перамога» ды інтэрв’ю «Еўрарадыё», якое прызнанае беларускім рэжымам «экстрэмісцкім». Гэта ўжо шостае затрыманне Дулінай за яе ўдзел у пратэстах.


Ганна Тукава, якую затрымлівалі 1 верасня на школьнай лінейцы ў Наваполацку за выказванне пратэсту супраць мілітарызму, з’явілася перад судом ужо ў трэці раз. Яе абвінавацілі ў тым, што на яе закрытай старонцы ў Інстаграм была размешчаная выява ўкраінскага сцяга, што было кваліфікавана як незаконнае «пікетаванне». Суддзя Зінаіда Балаболава прызнала Тукаву вінаватай у парушэнні арт. 23.34 КоАП і прысудзіла ёй штраф памерам у 100 базавых велічыняў. Улічваючы папярэднія штрафы, жанчына павінна будзе заплаціць 7360 рублёў.


У кастрычніку КДБ уключыў палітзняволенага Андрэя Пятроўскага ў спіс асобаў, «датычных да экстрэмісцкай дзейнасці». Пятроўскі працаваў настаўнікам гісторыі і грамадазнаўства ў школах і гімназіі Смаргоні. У сакавіку 2022 г. мужчына паказаў 11-класнікам_цам на ўроку відэаролік «Канстытуцыя сышла ў прастытуцыю!». Па даносе аднаго з вучняў ён быў затрыманы і ў далейшым прызнаны вінаватым у парушэнні ч. 1 арт. 367 Крымінальнага кодэкса («паклёп на прэзідэнта»). Суддзя Людміла Міхневіч прысудзіла Пятроўскаму паўтара гады калоніі агульнага рэжыму.


Крыніца: дайджэст “Асвета” офіса Святланы Ціханоўскай