Заява БНМС “РАДА” ў сувязі з правядзеннем Усебеларускага Народнага Сходу

Заява БНМС “РАДА” ў сувязі з правядзеннем Усебеларускага Народнага Сходу

Мы, саюз дваццаці васьмі дэмакратычных моладзевых арганізацый Беларусі, створаны з мэтай кансалідацыі беларускіх моладзевых арганізацый грамадзянскай супольнасці дзеля прадстаўлення, прасоўвання і абароны агульных інтарэсаў, рэалізацыі права на свабоду мірных сходаў і іншых канстытуцыйных правоў, прадстаўленыя кіруючым органам — Саветам “РАДА”, выступаем з наступнай заявай:

11-12 лютага ў Мінску мусіць адбыцца 6 Усебеларускі Народны Сход (УНС). 2700 беларусак і беларусаў збяруцца ў прасторы Дварца Рэспублікі падчас эпідэміялагічнага і палітычнага крызісу ў грамадстве. Афіцыйнымі дастатковымі прычынамі такой рызыкі для ўдзельніц і ўдзельнікаў УНС з’яўляюцца разгляд і прыняцце “Асноўных палажэнняў праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2021-2025 гады і кірункаў грамадска-палітычнага развіцця”.

Першае, што варта адзначыць, гэта неактуальнасць прапанаванай павесткі УНС: на думку арганізатараў у спіс важных пытанняў грамадска-палітычнага развіцця не трапляюць ні палітычны, ні эпідэміялагічны крызісы 2020 году. Непаразуменне выклікае і тое, што “Асноўныя палажэнні” не змяшчаюць актуальных дадзеных і прагнозаў па ўплыву на жыццё грамадства пазначаных вышэй крызісаў. Моладзі ў дакуменце зноў адводзіцца пасіўная ды рэактыўная роля, у якасці аб’ектаў “патрыятычнай адукацыі”, а ўдзел у грамадска-палітычным жыцці хаця і ўзгадваецца, але не мае ніякіх акрэсленых форм, што не вырашае даўно актуальныя пытанні па развіцці і самарэалізацыі моладзі Беларусі.

Мы вымушаны канстатаваць, што УНС, які падаецца ўладамі як пляцоўка дыялогу, насамрэч з’яўляецца сустрэчай самых блізкіх прыхільніц і прыхільнікаў улады за кошт дзяржаўнага фінансавання.

З 2700 удзельніц і ўдзельнікаў не будзе нікога з тых, хто сваімі дзеяннямі і словамі прадстаўляе альтэрнатыву ўладзе, як і тых, хто падымае важныя для грамадства пытанні.

Таксама мы лічым, што УНС з’яўляецца спробай адцягнуць увагу ад актуальных праблем і выканання 3 галоўных патрабаванняў грамадства пасля 9 жніўня 2020: правядзенне новых выбараў, вызваленне палітычных зняволеных і расследаванне фактаў катавання і гвалту безумоўна і неадкладна.

Поўны тэкст Заявы ніжэй.