Ціск на студэнцтва: дзе вучыцца, калі вас адлічылі
За мінуўшыя амаль шэсць месяцаў навучальнага году Задзіночанне беларускіх студэнтаў і Студэнцкая ініцыятыўная група сабралі сведчанні пра 415 затрыманых студэнтаў і студэнтак, 135 фактаў адлічэнняў.
Дадзеныя за 09/02/2021. Крыніца zbsunion.by.
Адміністратыўны ціск не быў асноўнай мэтай аналітыкі, але тым не менш былі атрыманыя паведамленні пра як мінімум 273 кейсы, 135 з якіх скончыліся адлічэннем. Пры гэтым, 19 студэнта_к БДМУ былі па факту адлічаныя, але пазьней адноўленыя.
Прадстаўніца Святланы Ціханоўскай па адукацыі Вольга Шпарага нагадвае, што беларускія студэнты і студэнткі могуць атрымаць дапамогу ў замежных універсітэтах. І вось якую:
- Віленскі ўніверсітэт да канца лютага 2021 года працягвае прыём студэнтаў і студэнтак, якія не могуць працягнуць навучанне ў Беларусі з-за пераследаў па грамадзянскіх і палітычных прычынах. Самыя таленавітыя студэнты і студэнткі атрымаюць стыпендыю ў памеры € 300 у месяц на працягу першага года навучання.
- У рамках ініцыятывы “Салідарнасць з Беларуссю” Польскае нацыянальнае агенцтва акадэмічных абменаў абвясціла 150 стыпендый студэнтам і студэнткам, 25-навукоўцам і 15-рэпрэсаваным выкладчыкам і выкладчыцам.
- 11 універсітэтаў у Чэхіі адкрылі спецыяльныя стыпендыяльныя праграмы для беларускіх студэнтаў і студэнтак з верасня 2021 года.
- Каўнаскі ўніверсітэт імя Вітаўта Вялікага дае 50 стыпендый для беларускіх студэнтаў і студэнтак, якія былі вымушаныя пакінуць краіну або не могуць працягнуць навучанне ў Беларусі з-за пераследу па грамадзянскіх і палітычных прычынах.
- Сумленны ўніверсітэт і BeSSa прадастаўляюць акадэмічную, юрыдычную і матэрыяльную дапамогу.