РАДА далучаецца да адкрытага звароту БНП з нагоды пандэміі COVID-19
Сёння ў Рубрыцы Савета Старшыня РАДА – Зміцер Герыловіч.
“Мы лічым, што існуючая на дадзены момант у краіне сітуацыя з адсутнасцю актуальнай інфармацыі з боку дзяржаўных органаў, а таксама адсутнасць плану дзеянняў у выпадку пагаршэння сітуацыі з захворваннем COVID-19 стварае атмасферу недаверу і панікі ў грамадстве.Мы падтрымліваем прадстаўніцтва Сусветнай арганізацыі здароўя ў тым, што актуальная і адкрытая інфармацыя пра сітуацыю з каронавіруснай інфекцыяй у Беларусі і свеце з’яўляецца настолькі ж важнай, як і іншыя супрацьвірусныя дзеянні. Найбольш аператыўны і адкрыты фармат – гэта стварэнне дзяржаўнага штабу па каардынацыі дзянняў у межах сусветнай пандэміі і вольны доступ журналістаў усіх СМІ. Мы заклікаем дзяржаўныя органы распаўсюдзіць інфармацыю пра тое, якія меры ўжываюцца зараз і якія будуць ужывацца ў тых ці іншых сцэнарах развіцця падзей з COVID-19, у тым ліку пры каранціне ў межах краіны. Аргументавана адказаць, па якіх крытэрах павінен быць уведзены каранцін у межах арганізацыі, горада і краіны і якія меры будуць ужыты. Мы заклікаем адказныя дзяржаўныя органы інтэнсіўна распаўсюджваць інфармацыю праз усе СМІ для людзей пра тое, як паменьшыць верагоднасць захворвання COVID-19, а таксама што рабіць у разнастайных сцэнарах развіцця сітуацыі. Мы бачым шмат намаганняў ад арганізацый ААН як сусветных, так і ў Беларусі, каб распаўсюдзіць гэтую інфармацыю, але іх аўдыторыя значна меньш, чым у СМІ.Мы заклікаем дзяржаўныя органы да распрацоўкі сумесна з прадстаўнікамі і прадстаўніцамі грамадскіх і бізнес структур сцэнароў і планаў дзеяння па пераадоленні наступстваў сусветнай пандэміі COVID-19 у розных сектарах, у тым ліку ў сферах адукацыі і працаўладкавання.Мы заклікаем мясцовыя улады быць смелымі і адказнымі ў супрацьвірусных дзеяннях: быць у кантакце з мясцовымі СМІ і людзьмі, каб пазбягаць панікі і распаўсюду чуткаў і неправеранай інфармацыі (фэйкаў), а таксама прымаць найбольш адэкватныя рашэнні ў змяняючыхся абставінах.Мы таксама вітаем усе формы падтрымкі, якія ўтварыліся ў межах краіны, па падтрымцы дактароў, хворых людзей, сталых людзей. Мы таксама вітаем усю міжнародную падтрымку, якая накіравана на дапамогу па пераадольванню наступстваў пандэміі COVID-19 у Беларусі”.
З тэкстам звароту Каардынацыйнага камітэта Беларускай нацыянальнай платформы Форуму грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства вы можаце пазнаёміцца па спасылцы.