Што будуе моладзь?
Нядаўна Лукашэнка заявіў, што маладыя палітыкі наўрад ці захочуць будаваць “новы СССР” у выглядзе СНД. Таму, маўляў, іх нельга “дапускаць да ўлады”. Прадстаўніцтва розных грамадскіх і палітычных аб’яднанняў часам таксама сумняецца ў здольнасцях моладзі і не давяраюць ёй. Таму мы вырашылі запытаць непасрэдна ў моладзі: ці сапраўды яна цяпер пасіўная? Што замінае ёй быць актыўнай? Якую будучыню бачыць для Беларусі?
Лізавета Пракопчык, “Моладзевы блок”, Каардынацыйная рада
— Я не думаю, што беларуская моладзь цяпер больш пасіўная, чым 5-10 гадоў таму. Мне падаецца, яна больш актыўная і зацікаўленая ў тым, каб добрыя змены адбываліся ў свеце і Беларусі. Няхай гэтыя змены нават не будуць рэвалюцыйнымі — якія, як падаецца, усім цяпер патрэбныя. Я не бачу вялікай розніцы ў ступені актыўнасці паміж тымі, хто застаўся ў Беларусі, і хто з’ехаў. Частка людзей з’ехала па палітычных матывах, яны як былі больш палітычна актыўныя ў Беларусі, так і працягваюць гэта цяпер. Але шмат людзей з’ехала і па эканамічных матывах, таму я не думаю, што яны сталі нашмат больш актыўныя ў палітыцы з ад’ездам. Падаецца, што не ва ўсіх людзей ёсць патрэба казаць і быць пачутым. Шмат хто хоча проста жыць сваё жыццё і ўладкаваць яго лепш, чым гэта было ў Беларусі.
Мне падаецца, тым, хто знаходзіцца за мяжой і хоча быць актыўным, бракуе інфармацыі. У той жа час, думаю, гэта не задача чалавека — знайсці арганізацыі, а задача арганізацый — дапамагчы чалавеку знайсці нас. Таму варта выкарыстоўваць класічныя метады тыпу калабарацый паміж арганізацыямі, адукацыйных школаў, якія не абмежаваныя вузкай дзейнасцю, каб даць новым людзям знайсці нас.
Цяпер мой актывізм пераўтварыўся ў сядзенне за камп’ютарам. У Беларусі было трошкі весялей. У “Моладзевым блоку” мы больш займаемся медыя-працай: актыўна вядзем сацсеткі, запісваем відэа пра палітыку ці грамадскі лад у розных краінах, робім адукацыйныя школы, на якія запрашаем людзей з Беларусі. І робім розныя праекты рэформаў, пішам полісі – гэта праца на будучыню. Лічу, нам трэба зрабіць нармальную Канстытуцыю. Таксама першасныя змены мусяць датычыцца судовай рэформы ўвогуле, адмены размеркавання студэнтаў і студэнтак, рэформы ўсеагульнага прызыву ў армію і рэформы артыкула 328 Крымінальнага кодэксу.
Я ўсё жыццё актывістка, таму мне заўсёды хочацца рабіць нешта патрэбнае. Я адчуваю гэтую сусветную несправядлівасць, якая звалілася на беларусаў і беларусак, і вельмі хочацца нешта з гэтым зрабіць, дапамагчы сабе і іншым. Зараз усё трошкі цяжэй, але несправядлівасці толькі больш, таму толькі больш хочацца нешта рабіць.
Ян Рудзік, Рух беларускіх нацыяналістаў
— Я не лічу беларускую моладзь дастаткова актыўнай — нават тую, хто знаходзіцца ў замежжы. Людзі ўсё яшчэ не разумеюць, як і навошта актыўнічаць, не бачаць перспектыў і актуальных напрамкаў, у межах якіх яны б маглі самаактуалізоўвацца. Аднак варта адзначыць, што пачатак паўнавартаснага ўторгнення Расеі ва Украіну прастымуляваў развіццё нацыянальнай ідэі. Таму многа маладзёнаў прыядналася да шэрагаў нацыяналістаў.
Я займаюся дзейнасцю ў межах арганізацыі “Рух беларускіх нацыяналістаў” як адзін з яе сукіраўнікоў. Нашы галоўныя мэты – гэта захоўванне беларушчыны, прасоўванне ідэй Міжмор’я і выбудова супрацы з нацыянальна-арыентаванай моладдзю Польшчы, Украіны і Літвы.
Чаму для мяне важна быць актыўным? Праз сваю дзейнасць я атрымаў у Беларусі 19 гадоў узмоцненнага рэжыма турмы, і таму ў мяне не застаецца іншага выбару.
Я бы хацеў бачыць Беларусь беларускай. Гэта будзе моцным падмуркам для таго, каб ворагі нашай нацыі зноў не зацягнулі нашую краіну ў пекла расейскага Мордара.
Аляксандр Паршанкоў, кіраўнік камісіі па справах студэнцтва Каардынацыйнай Рады, дактарант Карлавага універсітэта (Чэхія)
— На мой погляд, моладзь – увогуле не пасіўны элемент грамадства, а самы актыўны. Мы бачылі гэта і падчас пратэстаў 2020 году, калі моладзь адыгрывала вялікую ролю, нягледзячы на тое, што асобныя актары дэмакратычнага руху казалі адваротнае. На сёння нашая актыўнасць крыху спала. Перш за ўсё, напэўна, гэта звязана з расчараваннем ад таго, што адбылося і адбываецца, і з неабходнасцю ўладкоўвацца ў жыцці, рабіць свае ўласныя справы. Таксама ў нас няма выразных лідараў, ёсць адарванасць ад агульнай масы.
Таму, на мой погляд, нам бракуе каардынацыйнага цэнтру і разумення таго, што мы робім агульную справу. Мы не здолелі дамовіцца паміж сабой наконт пэўных пунктаў: напрыклад, што мы не прымаем Лукашэнку і супраць вайны і гвалтоўных дзеянняў рэжыму. Здаецца, гэта ўсе разумеюць, але гэта не так. Трэба фармуляваць думкі і каштоўнасці і збіраць моладзь пад імі. Варта ствараць падкасты, хадзіць на перадачы, запрашаць моладзь у СМІ, каб мы маглі дзяліцца сваімі думкамі. Гэтага цяпер недастаткова. Гэтаксама недататкова прапрацаваныя сувязі з тымі, хто ўнутры Беларусі. Там хапае смелых актыўных людзей, якія гатовыя працаваць. Гэтыя людзі знаходзяцца пад ціскам, пад пагрозай штодзённага знішчэння.
Я займаюся навуковымі, грамадскімі і адукацыйнымі праектамі. Перш за ўсё яны накіраваныя на каардынацыю беларускай моладзі і дапамогу рэпрэсаванаму студэнцтву. Праца ідзе марудна, цяжка, але хутчэй на валанцёрскіх пачатках працаваць немагчыма. Я ўдзельнічаю ў распрацоўцы некаторых дарожных мапаў. Я думаю аб рэформах, але хацеў бы, каб яна пачалася ўжо сёння.
Мне цяжка і балюча, калі я бачу нежаданне камунікаваць, таму для мяне галоўная рэформа — данесці да людзей, што выйсце ёсць, што можна нават у сённяшніх умовах рабіць нешта карыснае для Беларусі. Трэба адстойваць правы моладзі, мы павінны дамагчыся прызнання за моладдзю ўсіх правоў, яна мусіць быць вылучаная ў асобную катэгорыю для разумення іх патрэбаў. Нам патрэбныя стыпендыі для навучання ў найлепшых універсітэтах, каб нашыя людзі былі канкурэнтнымі. Нам патрэбныя магымасці для выдання кніг, развіццё моладзевых медыя, парламентарызма, праца над прадстаўленнасцю моладзі, а не кішэнныя структуры, якія сёння існуюць у Беларусі. Калі вы бачыце, што моладзь за год працы не высунула ні адной крытычнай заўвагі — відавочна нешта не тое.
Для мяне важна быць актыўным, бо я ўвязаўся ў гэтую барацьбу і маю адказнасць за тыя рэчы, якія я стварыў, дзе быў і ёсць актывістам. Напрыклад, за “Вольны прафсаюз студэнтаў БДУ”. Я адчуваю сябе салідарным з тымі, хто быў несправядліва асуджаны па “справе студэнтаў”. Я лічу, што маю абавязак рабіць усё, што ад мяне залежыць, каб больш не было гэтых бязлітасных прысудаў людзям, якія не зрабілі нічога дрэннага.
Цяпер у мяне дзясятак сяброў у турме ў Беларусі, мае думкі вакол гэтыя людзей, я мару, каб яны былі на свабодзе. Мая матывацыя – словы Ларысы Геніюш: “Як жыць — дык жыць для Беларусі, а без яе – зусім не жыць”. Я не бачу на сёння магчымасці рэалізавацца ў іншай краіне. Я магу стаць чэшскім прафесарам – але навошта? Я хачу рэалізавацца як прадстаўнік свайго народу і не магу прызнаць, што мяне перамог Лукашэнка. Калі я складу зброю і стану замежным навукоўцам, гэта значыць, што я здаўся на літасць Лукашэнкі. Мяне гэта не задавальняе. Таму мая матывацыя – перамога. Але пад перамогай я маю на ўвазе нават выдаць кніжку ці прачытаць даклад на беларускай мове. Гэта рэальная перамога ў нашай рэчаіснасці.