Заява РАДА па прэзідэнцкіх выбарах 2020 у Беларусі

Заява РАДА па прэзідэнцкіх выбарах 2020 у Беларусі

Мы, саюз дваццаці сямі дэмакратычных моладзевых арганізацый Беларусі, створаны з мэтай кансалідацыі беларускіх моладзевых арганізацый грамадзянскай супольнасці дзеля прадстаўлення, прасоўвання і абароны агульных інтарэсаў, рэалізацыі права на свабоду мірных сходаў і іншых канстытуцыйных правоў, прадстаўленыя кіруючым органам – Саветам “РАДА”, выступаем з наступнай заявай:

З’яўляючыся часткай дэмакратычнай грамадзянскай супольнасці, сапраўднымі сябрамі і сяброўкамі еўрапейскай сям’і моладзевых арганізацый, прыхільнікамі і прыхільніцамі нормаў і прынцыпаў міжнароднага права, мірнымі абаронцамі асноўных правоў і свабод моладзі ў Беларусі, мы з самага пачатку прэзідэнцкай выбарчай кампаніі сочым за развіццём сітуацыі і прымаем усе законныя дзеянні для прадухілення і спынення парушэнняў правоў чалавека, выбарчых правоў, вызвалення палітычных зняволеных і інфармацыйных маніпуляцый (гл. Заява ад 13 траўня, Заява ад 25 чэрвеня).

Паколькі з траўня 2020 году за ўдзел у мірных акцыях пратэсту беларускай міліцыяй і людзьмі ў цывільным (без апазнавальных знакаў, формы) брутальна затрымана больш за 1300 чалавек, большая частка з якіх маладыя людзі, а больш за 200 з іх былі пакараныя адміністрацыйнымі арыштамі, улічваючы высокую ўцягнутасць моладзі ў працэсы, якія адбываюцца, мы агучваем пазіцыю беларускай моладзі аб бягучай выбарчай кампаніі:

Мы вельмі засмучаныя тым, што працягваюцца факты адвольнага і празмернага ўжывання сілы супрацоўнікамі органаў унутраных спраў да ўдзельнікаў і ўдзельніц мірных акцый. Нядаўнія выпадкі ў Слуцку і ​​Салігорску з’яўляюцца асабліва паказальнымі. У такім жа негатыўным ключы мы ўспрымаем і правакацыйныя прэвентыўныя затрыманні людзей, якія актыўна выказваюць сваю грамадзянскую пазіцыю і праяўляюць салідарнасць з затрыманымі.

Мы спадзяемся, што ўлады як мага хутчэй усвядомяць, што самі нарошчваюць узровень агрэсіі і правакуюць людзей на рэакцыю, якая будзе мець непрадказальныя наступствы для ўсіх удзельнікаў і ўдзельніц працэсу. Нагадваем, што прадстаўнікі і прадстаўніцы ўлады не абавязаныя выконваць заведама злачынныя загады і ўказанні — заўсёды можна адмовіцца ад іх выканання і патрабаваць гэтыя ўказанні ў пісьмовым выглядзе, каб абараніць сябе ў будучыні і не стаць злачынцам.

Мы абураныя і не згодныя з несправядлівымі рашэннямі судоў над удзельнікамі і ўдзельніцамі мірных акцый і абвінаваўчымі прысудамі, калі пратаколы і паказанні боку абвінавачання паўтараюцца як пад капірку, утрымліваюць недакладнасці, на якія паказваюць абвінавачаныя, якім не дазваляюць выкарыстоўваць усе даступныя прававыя метады для ўласнай абароны.

Мы ў вялікім здзіўленні ад рашэнняў Цэнтральнай выбарчай камісіі, місіяй якой з’яўляецца правядзенне выбараў на прынцыпах максімальнага ўключэння і поўнай галоснасці, абмежаваць колькасць назіральнікаў і назіральніц на ўчастках. Улічваючы адсутнасць міжнародных назіральнікаў і назіральніц у сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй, менавіта поўная адкрытасць працэсу галасавання і падліку галасоў з доступам усіх назіральнікаў і назіральніц можа вярнуць хаця б мінімальны давер і легітымнасьць працэсу. Замест гэтага мы бачым, як на некаторых назіральнікаў і назіральніц выклікаюць міліцыю, вытурваюць за межы выбарчых участкаў, а ў некаторых выпадках пазбаўляюць рэгістрацыі і арыштоўваюць.

Мы вельмі занепакоеныя адсутнасцю аб’ектыўнай і наяўнасцю заведама ілжывай інфармацыі ў дзяржаўных СМІ аб разнастайных з’явах грамадскага жыцця ў краіне, асабістых дадзеных затрыманых актывістаў і актывістак, кандыдатаў і кандыдатак у прэзідэнты. З дзяржаўных медыя гучаць толькі абвінаваўчыя выказванні ў адрас альтэрнатыўных палітычных сіл і ўдзельнікаў і ўдзельніц мірных сходаў, а іх мерапрыемствы не асвячаюцца зусім або падаюцца ў неаб’ектыўным ключы. Нагадваем журналістам і журналісткам дзяржаўных СМІ наконт журналісцкай этыкі, а таксама пра тое, што рашэнне аб вінаватасці таго ці іншага грамадзяніна ці грамадзянкі можа выказваць толькі незалежны суд.

І нарэшце крайнюю ступень абурэння выклікае шэраг аргументаў, якія кажуць пра гатоўнасць знешніх сіл умяшацца ва ўнутраныя справы Беларусі, а таксама заклік да Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі “падтрымаць правядзенне свабодных прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі і асудзіць антынародную і антырасійскую палітыку, якая праводзіцца беларускім рэжымам”. У гісторыі няма прыкладаў, калі знешнія інтэрвенцыі прыводзілі да вырашэння ўнутраных праблем дзяржаў, але ёсць 100% процілеглых, калі такія дзеянні толькі пагаршалі сітуацыю, прыводзілі да падзелу дзяржавы і спараджалі адкрытыя ўзброеныя супрацьстаянні. Ніякая цана, абяцаная за знешняе ўмяшанне, не можа раўняцца страце незалежнасці краіны.

У сувязі з гэтым мы, моладзь Беларусі, патрабуем ад:

  1. Супрацоўнікаў і супрацоўніц органаў унутраных спраў неадкладна спыніць прымяненне гвалту ў адносінах да ўдзельнікаў і ўдзельніц мірных сходаў.
  2. Дзяржаўных службаў неадкладна адпусціць усіх затрыманых у мірных акцыях пратэсту па палітычных матывах.
  3. Усіх дзяржаўных чыноўнікаў і чыноўніц, працаўнікоў і працаўніц памятаць пра свой абавязак служыць беларускаму народу і паважаць закон.
  4. Дзяржаўных судоў аднавіць прынцыпы вяршэнства права і роўнасці ўсіх перад законам.
  5. Дзяржаўных чыноўнікаў і чыноўніц забяспечыць рэалізацыю на тэрыторыі краіны ўсіх правоў у адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека 1948 і Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах 1966.
  6. Цэнтральнай выбарчай камісіі забяспечыць доступ усіх назіральнікаў і назіральніц без дадатковых умоў або абмежаванняў на ўчасткі для галасавання, у тым ліку на этап падліку галасоў.
  7. Журналістаў і журналістак, палітыкаў быць сумленнымі і адкрытымі пры распаўсюдзе інфармацыі і прадастаўляць магчымасць данесці сваю пазіцыю ўсім уцягнутым бакам пры асвятленні падзей.
  8. Прадстаўніцтваў дэмакратычных дзяржаў нагадаць уладам Рэспублікі Беларусь, што правы чалавека не з’яўляюцца ўнутранай справай, а таксама пра адказнасць за парушэнні правоў чалавека паводле міжнароднага крымінальнага права і ўніверсальнай юрысдыкцыі.
  9. Усіх палітычных сілаў у краіне спыніць маніпуляцыі і гандаль незалежнасцю Беларусі.

Толькі мы, Беларусы і Беларускі, з’яўляемся гаспадарамі краіны, і толькі нам, народу, належыць уся ўлада ў дзяржаве, незалежна ад узросту і іншых крытэрыяў.