Заява “РАДА” супраць ціску на моладзь і моладзевыя арганізацыі Беларусі
Мы, саюз дваццаці васьмі дэмакратычных моладзевых арганізацый Беларусі, створаны з мэтай кансалідацыі беларускіх моладзевых арганізацый грамадзянскай супольнасці дзеля прадстаўлення, прасоўвання і абароны агульных інтарэсаў, рэалізацыі права на свабоду мірных сходаў і іншых канстытуцыйных правоў, прадстаўленыя кіруючым органам — Саветам “РАДА”, выступаем з наступнай заявай:
Пачынаючы з 9 жніўня ў Беларусі затрымана больш за 20 000 чалавек, якія выйшлі на вуліцы беларускіх гарадоў, каб скарыстацца правамі на свабоду меркавання і мірных сходаў, гарантаваных Канстытуцыяй і Міжнародным пактам аб грамадскіх і палітычных правах. Гэтыя парушэнні маюць вялікі маштаб і мы звярталі ўвагу на гэта ў мінулай заяве — ад 2 лістапада, але за апошнія два тыдні мы фіксуем новую хвалю ціску, якая накіравана супраць моладзевых арганізацый і ініцыятыў.
Так, ноччу 1 лістапада на закрытае мерапрыемства ў прыватным доме, дзе былі прадстаўнікі ЛГБТК+ супольнасці, уварваліся супрацоўнікі АМАП, учынілі ператрус і запужвалі ўдзельніц і ўдзельнікаў мерапрыемства. Усіх затрымалі на 7 гадзін, вазілі здаваць аналізы на наркотыкі, саставілі пратаколы пра спажыванне і абарот наркотыкаў, беспадстаўна пагражалі крымінальнай справай па абароце наркатычных рэчываў, якіх у доме і пры аналізах не знайшлі. На дадзены момант усе затрыманыя на волі.
12 лістапада адбыліся ператрусы па месцы жыхарства ў 7 сябраў і сябровак студэнцкай арганізацыі “Задзіночанне беларускіх студэнтаў”, а таксама ў іх офісе. Для 5 чалавек — Ксеніі Сырамалот, Аланы Гебрэмарыям, Ягора Канецкага, Яны Арабейкі і Касі Будзько — ператрусы скончыліся затрыманнем і змяшчэннем у СІЗА КДБ у якасці падазраваных па крымінальнай справе (арт. 342 Крымінальнага кодэксу). Адвакатаў да іх дапусцілі толькі на наступны дзень.
16 лістапада, выламаўшы дзверы ў кватэры, дзе жыве Віктар Клімус, прадстаўнік берасцейскай арганізацыі “Грунт”, супрацоўнікі Следчага камітэту правялі ператрус. На момант, калі выбівалі дзверы, Віктара ў кватэры не было, але была яго жонка і малое дзіцё. Былі канфіскаваны 2 сцяга і кампутар.
Усе пералічаныя выпадкі адбыліся на працягу кароткага прамежку часу і сведчаць аб тым, што аб’ектамі мэтанакіраванага пераследу сталі сябры і сяброўкі моладзевых арганізацый.
Мы абураныя гэтымі падзеямі і расцэньваем іх як мэтанакіраваны пераслед прадстаўніц і прадстаўнікоў моладзевых арганізацый з-за іх актыўнай грамадскай пазіцыі, што з’яўляецца парушэннем Канстытуцыі і міжнароднага пакту аб грамадскіх і палітычных правах. Мы разглядаем гэтую сітуацыю як агрэсіўную, аднабаковую, неканструктыўную і правальную спробу дзяржаўных органаў адказаць на грамадскую актыўнасць моладзі, якая паўстала з-за сфальсіфікаваных выбараў, гвалту ў дзеяннях ворганаў унутраных спраў і рэпрэсій па палітычных матывах.
У сувязі з гэтым мы:
- Выказваем падтрымку і салідарнасць усёй моладзі, якая патрапіла пад ціск і рэпрэсіі з боку дзяржаўных органаў;
- Заклікаем адміністрацыі навучальных устаноў і Міністэрства адукацыі спыніць гвалт і рэпрэсіі у дачыненні да студэнтаў і студэнтак, спрыяць аднаўленню адлічаных і садзейнічаць вызваленню затрыманых;
- Патрабуем ад Міністэрства унутраных спраў і Камітэта дзяржаўнай бяспекі неадкладнага вызвалення затрыманых актывістаў і актывістак моладзевых арганізацый і іншых людзей, якія сталі ахвярамі палітычна матываванага пераследу;
- Патрабуем ад Следчага камітэта і Камітэта дзяржаўнай бяспекі спыніць пераслед прадстаўнікоў і прадстаўніц моладзевых арганізацый і іншых арганізацый грамадскай супольнасці па палітычных матывах;
- Патрабуем ад усіх дзяржаўных устаноў Беларусі спыніць гвалт і іншыя формы ціску і парушэння Канстытуцыі, грамадскіх і палітычных правоў у дачыненні да моладзі і народу Беларусі;
- Заклікаем беларускую моладзь да ўсеагульнай салідарызацыі і сумеснага негвалтоўнага адстойвання сваіх патрабаванняў;
- Заклікаем міжнародную супольнасць выказаць салідарнасць з беларускай моладдзю і народам супраць гвалту і пераследу з боку дзяржаўных органаў;
- Звяртаемся да Балонскага камітэту запатрабаваць ад Міністэрства адукацыі Беларусі спынення гвалту і рэпрэсій у дачыненні да студэнтаў і студэнтак і аднавіць адлічаных.