«Ідэалагізацыя беларускай адукацыі: змест, механізмы, альтэрнатывы»
27 студзеня 2021 года Офіс па адукацыі кабінета Святланы Ціханоўскай сумесна з «Сумленным універсітэтам» і Задзіночаннем беларускіх студэнтаў правялі другую публічную дыскусію з серыі «Адукацыя для новай Беларусі».
У дыскусіі прынялі ўдзел больш за 50 чалавек. Праграма дыскусіі складалася з двух блокаў:
1. Экспертны блок, у якім спецыяліст_кі ў галіне вышэйшай, сярэдняй і дашкольнай адукацыі распавялі аб адукацыйных і выхаваўчых механізмах ажыццяўлення дзяржаўнай прапаганды на ўсіх узроўнях сістэмы адукацыі і адказалі на пытанні ўдзельнікаў і ўдзельніц дыскусіі.
2. Блок абмену досведам, у якім удзельнікі і ўдзельніцы падзяліліся паспяховымі практыкамі барацьбы з панаваннем дзяржаўнай ідэалогіі ў адукацыйнай сферы.
У ходзе абмеркавання ўдзельні_цы пазначылі наступныя механізмы насаджэння дзяржаўнай ідэалогіі:
1. У сегменце вышэйшай адукацыі:
- Адсутнасць акадэмічнай свабоды. У 2009 годзе гэта паняцце прыбралі з Закона аб адукацыі, што мае на ўвазе невыкананне асноватворных універсітэцкіх прынцыпаў: права на свабоду выкладання і публікацый, права студэнт_ак на выбар прадметаў і выкладчы_ц, права на навуковую мабільнасць.
- Парушэнне базавых правоў чалавека, замацаваных палажэннямі ЮНЕСКА: права на свабоду выбару палітычных поглядаў, права на свабоду слова і меркаванняў.
- Легалізацыя панавання дзяржаўнай ідэалогіі ў адукацыі: у артыкуле 18 Кодэкса аб адукацыі прапісана, што «выхаванне павінна грунтавацца на ідэалогіі беларускай дзяржавы», што ўступае ў супярэчнасць з арт. 4 дзеючай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь аб свабодзе ад панавання той ці іншай ідэалогіі.
- Добраахвотнае падпарадкаванне ідэалагічнай прапагандзе (напрыклад, у форме самацэнзуры) і прызнанне «натуральнасці» наяўнага сацыяльнага парадку.
2. У сегменце школьнай адукацыі:
- Шматлікія мерапрыемствы патрыятычнай і ідэалагічнай накіраванасці. Класныя і інфармацыйныя гадзіны таксама выкарыстоўваюцца для трансляцыі дзяржаўнай ідэалогіі.
- Прымус работнікаў і работніц школ уступаць у прафсаюзы і праўладныя партыі («Белая Русь»).
- Абавязковы з пятага класа факультатыў ШАГ (Школа актыўнага грамадзяніна), на які запрашаюць праўладных дэпутат_ак, журналіст_ак і іншых лаяльных рэжыму прадстаўні_ц розных прафесій.
- Абавязковая падпіска на газеты і часопісы ад Міністэрства адукацыі.
- Ідэалагічна вывераны змест падручнікаў.
3. У сегменце дашкольнай адукацыі:
- Мерапрыемствы, прысвечаныя дзяржаўным святам.
- Прымус педагогаў уступаць у прафсаюзы і праўладныя партыі.
- Гульні, якія прапануюць дзецям у дашкольных установах, таксама змяшчаюць ідэалагічны кампанент.
- Абавязковае наведванне платных гурткоў, што з’яўляецца фінансавым прымусам з боку дзяржавы.
Ідэалагічны дыктат у сферы адукацыі — адзін з асноўных інструментаў рэжыму для падаўлення волі грамадзян з самага ранняга ўзросту. Самы згубны ўплыў, які ідэалогія аказвае на вучняў — гэта адсутнасць здольнасці крытычна думаць і фарміраванне вузкай карціны свету. Такія грамадзяне зручныя рэжыму, на іх ён і трымаецца. На шчасце, усё больш беларуса_к усведамляюць гэта і пачынаюць супрацьстаяць насаджэнню дзяржаўнай ідэалогіі.
Асноўнымі метадамі барацьбы на дадзены момант могуць быць:
- Супрацьдзеянне на месцах: уплыў на тэматыку ідэалагічных класных гадзін, зварот увагі навучэнцаў на супярэчлівыя моманты, дапамога ў развіцці крытычнага мыслення.
- Стварэнне супольнасці аднадумцаў і свабодных адукацыйных прастор.
- Стварэнне курсаў па «рэабілітацыі» выкладчы_ц, на якіх яны б асвойвалі методыкі навучання, пабудаваныя на ліберальных прынцыпах.
- Дэананімізацыя ўсіх чыноўнікаў у сферы адукацыі, якія распрацоўваюць законы для падтрымкі рэжыму.
- Стварэнне альтэрнатыўнай (дыстанцыйнай) адукацыйнай платформы.