Моладзь за адраджэнне дэмакратыі
11-12 ліпеня 2022 года ў Празе адбылася 4-я Моладзевая канферэнцыя Усходняга партнёрства “Моладзь за адраджэнне дэмакратыі”.
Грамадзянская супольнасць у рэгіёне УП працягвае сутыкацца з выклікамі, якія пагражаюць яго існаванню і фундаментальным прынцыпам. Дэмакратычная прастора і ўплыў грамадзянскай супольнасці становяцца ўсё больш абмежаванымі, з рэпрэсіямі сутыкаюцца як актывісты і актывісткі, так і праваабаронцы, якія заклікаюць да празрыстасці, свабоды, роўнасці і справядлівасці.
Моладзь з’яўляецца адной з пяці груп, якія найбольш часта падвяргаюцца замахам на асноўныя свабоды ў грамадзянскай прасторы. Адмысловую заклапочанасць у рэгіёне Ўсходняга партнёрства выклікае Беларусь — ліквідацыйная кампанія супраць арганізацый грамадзянскай супольнасці цалкам выключыла нас з якіх-небудзь працэсаў прыняцця рашэнняў. Гэты прывяло да таго, што сярод моладзевых актывістаў і актывістак апынулася больш за 800 палітвязняў.
У канферэнцыі прынялі ўдзел Дар’я Рублеўская і Лявон Марозаў, якія прадстаўляюць Савет і Сакратарыят РАДА. Старшынька РАДА Марго Ворыхава прыняла ўдзел у якасці эксперткі ў першай панэлі «Звужэнне грамадскіх прастор: забеспячэнне бяспечнага і спрыяльнага асяроддзя для ўдзелу моладзі ў парламенце Чэшскай Рэспублікі».
На панэлі абмяркоўваліся наступствы звужэння грамадзянскай прасторы для моладзевых актывістаў і актывістак, праваабаронцаў, асноўныя бар’еры і пагрозы для ўдзелу моладзі і магчымыя шляхі іх пераадолення. І, самае галоўнае, прадставілі рэкамендацыі па забеспячэнні больш бяспечных і спрыяльных грамадскіх прастор для моладзі, адрасаваныя шырокаму колу зацікаўленых бакоў.
«Мы назіраем нарастаючы разрыў паміж палітычнай супольнасцю свету і моладдзю. Нас выключаюць з усіх працэсаў прыняцця рашэнняў і лічаць неадукаванымі, нецярплівымі і некампетэнтнымі. Моладзь — гэта такія ж людзі, і да нас трэба ставіцца як да любых іншых роўных у любой сітуацыі ці кантэксце.”
Старшынька РАДА Марго Ворыхава