Гісторыя пераследу Марфы Рабковай

Гісторыя пераследу Марфы Рабковай

Марфа Рабкова — каардынатарка Валанцёрскай службы “Вясны”, праваабаронца.

Пры яе актыўным удзеле былі арганізаваны дзясяткі назіранняў за мірнымі сходамі грамадзян_ак, праведзены маніторынгі больш як 100 судовых пасяджэнняў па адміністрацыйных справах над затрыманымі ўдзельнікамі_цамі мірных акцый, арганізоўваліся трэнінгі для новых валанцёраў_ак.

У 2020 годзе Марфа Рабкова займалася наборам і навучаннем кароткатэрміновых назіральнікаў_ніц для кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”. Падчас і пасля выбарчай кампаніі актыўна ўдзельнічала ў арганізацыі дапамогі рэпрэсаваным актывістам_кам і іх сем’ям, прымала ўдзел у дакументаванні сведчанняў ахвяр катаванняў і здзекаў з боку сілавікоў у першыя дні пратэстных акцый.


Марфа была затрымана 17 верасня 2020 года па дарозе дадому пасля ўрачыстага ўручэння “Вясне” прэміі “Арол” імя Яна Карскага. З таго часу яна ўжо два гады знаходзіцца ў СІЗА-1 па вул. Валадарскага ў Менску.

25 верасня Марфе прад’явілі абвінавачанне па ч. 3 арт. 293 Крымінальнага кодэкса – “Навучанне або іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў масавых беспарадках, або фінансаванне такой дзейнасці”. У гэты ж дзень Amnesty International аб’явіла тэрміновую акцыю, патрабуючы ад беларускіх уладаў неадкладнага вызвалення актывісткі ПЦ “Вясна” Марфы Рабковай.

7 кастрычніка FIDH і 41 сяброўская арганізацыя выступілі з сумеснай заявай, у якой запатрабавалі ад беларускіх уладаў пакласці канец усім формам пераследу актывістаў_ак грамадзянскай супольнасці, у тым ліку Марфы Рабковай.

У кастрычніку 2020 года праваабаронцы “Вясны” правялі кампанію па зборы подпісаў за Марфу Рабкову: 190 беларусаў і беларусак заявілі аб гатоўнасці ўзяць паручальніцтва над праваабаронцай.

Партрэт Марфы Рабковай з’явіўся на магістральных вуліцах Прагі на вялікіх білбордах з тэгам #BelarusHeroes.

Білборд з выявай Марфы Рабковай. Фота з сайта belarusheroes.info

У рамках кампаніі #WeStandBYyou у Марфы Рабковай з’явілася сімвалічная хросная – намесніца кіраўніка парламенцкай групы “Альянс 90/Зялёныя” ў нямецкім Бундэстагу Агнешка Бругер. А Amnesty International абвясціла акцыю “Марафон лістоў” у падтрымку праваабаронцы “Вясны”.

11 лютага Марфе Рабковай прад’явілі новыя абвінавачанні па ч. 3 арт. 130 (распальванне сацыяльнай варожасці групай неўстаноўленых асоб) і ч. 2 арт. 285 Крымінальнага кодэкса (удзел у злачыннай арганізацыі). Таксама каардынатарку Валанцёрскай службы “Вясны” па-ранейшаму абвінавачваюць у фінансаванні і навучанні ва ўдзеле ў масавых беспарадках (ч. 3 арт. 293 КК).

30 красавіка 2021 года Марфу паставілі на прафілактычны ўлік як “схільную да экстрэмісцкай і іншай дэструктыўнай дзейнасці”.

Марфа Рабкова падчас сустрэчы з адвакаткай Наталлі Мацкевіч сказала: “…прачытала: “Не людзі выбіраюць часы, у якіх жыць, а часы выбіраюць людзей”. Калі час выбраў нас, мы павінны справіцца».


25 ліпеня 2021 года Марфа Рабкова на прагулцы ў СІЗА-1 страціла прытомнасць.
“Вясне” таксама стала вядома, што на працягу двух месяцаў Марфа Рабкова мае патрэбу ў стаматолагу. Яна пісала заяву, але Следчы камітэт ёй у гэтым адмовіў. Яшчэ ў чэрвені праваабаронца таксама губляла прытомнасць з-за недахопу паветра і задухі ў камеры. Аказаная медыцынская дапамога выглядала так: прыйшоў урач і даў таблетку цытрамону.

У жніўні 2021 года ў Марфы Рабковай памёр бацька. Апошнія паўтара года ён хварэў на анкалогію. Марфа шмат разоў падавала хадайніцтвы на змяненне меры стрымання з узяцця пад варту на хатні арышт або падпіску нявыездзе — для таго, каб яна магла даглядаць бацьку. Пры гэтым да хадайніцтва прымацоўваліся ўсе неабходныя медыцынскія заключэнні. Але ёй заўсёды адмаўлялі. Таксама следчыя заўжды адмаўлялі Марфе ў заявах на яе спатканне з роднымі.

Акрамя гэтага, “Вясне” вядома, што зімой ад COVID-19 памерла бабуля Марфы Рабковай.


17 верасня — у гадавіну затрымання Марфы Рабковай — праваабаронцы запусцілі кампанію #FreeViasna, каб прыцягнуць больш увагі да зняволеных калег і каляжанак.

Сама праваабаронца пісала з СІЗА: “Мне таксама не верыцца, што прайшоў год. Часам ад гэтага становіцца сумна, як падумаеш аб тым, колькі часу ты ў зняволенні. Час хутка ідзе, і чым далей – тым хутчэй. Ведаць бы, колькі яшчэ цярпець, нават калі дзень вызвалення не хутка, хацелася б яго ведаць. Так прасцей чакаць, невядомасць вымотвае. Следства скончыцца і наперадзе будуць цікавыя падзеі ў выглядзе азнаямлення з матэрыяламі справы і суды. Артыкулы будуць страшныя, але молат зараз і не куе іншыя».

У кастрычніку мінулага года Марфе Рабковай упершыню дазволілі спатканне з мужам Вадзімам Жаромскім.

17 лістапада 2021 года Amnesty International заклікала звяртацца да генпракурора РБ з патрабаваннем аказаць Марфе Рабковай медыцынскую дапамогу.

А ўжо 28 лістапада 2021 года Марфа паведаміла сваякам, што ёй прад’яўлены канчатковыя абвінавачанні па 11 артыкулах Крымінальнага кодэкса.

10 снежня 2021 года Марфа Рабкова стала лаўрэаткай Нацыянальнай прэміі за дасягненне ў сферы правоў чалавека ў намінацыі “Праваабаронца года”

Калі праваабаронца даведалася пра гэта, яна напісала ў лісце:

“Да мяне прыходзіла адвакатка амаль перад самым НГ, і я даведалася, што стала праваабаронцай году. Гэта такі гонар, я таксама расплакалася 🙂 Але мне здаецца, што ёсць больш годныя людзі, якія ў дадзены момант могуць непасрэдна дапамагаць людзям. Я толькі са боку за ўсім назіраю і пішу лісты 🙂
Але ўвогуле, гэтая падзея вельмі мяне натхніла, пішу табе гэтыя радкі і ўсміхаюся 🙂 Перадавай ад мяне вялікую падзяку і нізкі паклон за гонар насіць такое высокае званне. Я буду рабіць усё, што ад мяне залежыць, адукоўваць, несці веды і абараняць правы чалавека незалежна ад межаў, часу і месца. Незалежна ад усіх абставін”.

6 студзеня 2022 года Марфа Рабкова сустрэла сваё 27-годдзе ў СІЗА. Гэта другі дзень нараджэння, які яна адзначае ў няволі.


Увесну гэтага года стала вядома, што ў Марфы сур’ёзна пагоршылася здароўе: у яе боль у жываце, запалёныя лімфавузлы, крышацца зубы. Марфе патрабуецца тэрміновае абследаванне, але медыцынскую дапамогу ў належным аб’ёме ёй не даюць.

6 красавіка 2022 года Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў заклікала ўлады Беларусі аказаць Марфе неабходную медыцынскую дапамогу.

А ўжо 12 красавіка Генпракуратара адмовілася адказваць на масавыя звароты наконт неналежнага ўтрымання Марфы Рабковай.

У адказ на гэта 15 красавіка юрысты “Вясны” праінфармавалі спецдакладчыкаў ААН аб пагаршэнні здароўя Марфы Рабковай.


25 красавіка 2022 года ў Мінскім гарадскім судзе пачаўся разгляд крымінальнай справы Марфы Рабковай і яшчэ 9 палітвязняў. Суд зрабілі закрытым. Вядома, што Марфе прад’яўлены абвінавачанні па 10 крымінальных артыкулах за падзеі 2016-2020 гадоў.

Крыніца spring96.org

Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі выступілі з сумеснай заявай, у якой запатрабавалі вызваліць Марфу Рабкову і ўсіх зняволеных праваабаронцаў у Беларусі.

Марфа Рабкова ў лісце распавяла аб сваім настроі ў першы дзень суда:

“Я так жахліва стамілася, не было нават моцы казаць. Столькі інфармацыі, асоб, рухаў і ўражанняў. Я ад гэтага ўжо адвыкла.
Трохі няёмка ехаць у аўтазаку, таму што кайданкі ззаду і рэжуць рукі, але дзякуй богу, што іх не моцна зацягваюць. І добра, што іх здымаюць у клетцы. Калі ехала ў аўтазаку, то думала аб тым, дзе мы праязджаем мой дом. Горка ад гэтых думак. Але я супакойвала сябе фразай: усё, што нас не забівае, робіць мацнейшым. І яшчэ я ціхенька спявала “Купалінку”, каб не было страшна.
У судзе, калі апынулася і ўбачыла шмат людзей, мне так захацелася дадому. Проста ўзяць і выйсці за дзверы. І ў мяне было пачуццё, быццам і не было гэтых 19 турэмных месяцаў, што ўсё гэта мне прыснілася. Але гэта таксама былі горкія думкі. Трэба перажыць і вытрываць гэты цяжкі перыяд”.

Спецдакладчыца па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн у сваім чарговым дакладзе, які быў прадстаўлены на 50-й сесіі Савета па правах чалавека ААН, асобную ўвагу надала зняволеным праваабаронцам “Вясны”. У тым ліку яна запатрабавала вызваліць Марфу Рабкову:

“Улічваючы жахлівыя ўмовы ўтрымання пад вартай і адсутнасць адэкватнай медыцынскай дапамогі, Спецыяльны дакладчык заклікала неадкладна вызваліць праваабаронцу Марфу Рабкову і яшчэ каля 60 чалавек, якія адвольна ўтрымліваюцца пад вартай, каб пазбегнуць сур’ёзнай рызыкі для іх здароўя”.

У сярэдзіне траўня Amnesty International Polska сабрала больш за 5000 подпісаў пад петыцыяй за вызваленне Марфы Рабковай. Іх аднеслі ў беларускую амбасаду.

У чэрвені 2022 года Марфа даслала ліст, у якім падзялілася сваімі навінамі:

“Імкнуся не думаць аб тым, колькі часу я ўжо правяла ў зняволенні. Я наогул глушу ў сабе ўсе падобныя думкі, каб не хвалявацца лішні раз. Гэта ўсё контрпрадуктыўна. Трэба верыць, што ўсё зменіцца. Бо не магу я думаць аб дрэнных варыянтах развіцця свайго жыцця.
Я спадзяюся на добры канец гісторыі, а не трагедыю. Аб гэтым немагчыма думаць. Гэта як бот, які разарваў тваю грудзі (амаль радкі Летава) і будзе раздзіраць вечна (гэта ўжо Оруэл). Жывем паміж Летавым і Оруэлам, але павінна быць і месца Роўлінг, у якой у канцы абавязкова перамагае дабро”.

Партрэты Марфы Рабковай з’явіліся ў двух мастацкіх праектах — “Палітвязынкі” і “Непражытае жыццё”, а таксама ў праекце #FramedInBelarus.

Напярэдадні абвяшчэння прысуду на сайце польскага выдання Tygodnik Powszechny выйшла вялікае інтэрв’ю з мужам каардынатаркі Валанцёрскай службы “Вясны” Марфы Рабковай — Вадзімам Жаромскім і яе каляжанкай Наталляй Сацункевіч.

Таксама “Вясна” сабрала ўспаміны аб Марфе яе сукамерніц і тых, з кім яна сустракалася падчас зняволення.

5 верасня 19 праваабарончых арганізацый з розных краін выступілі з сумеснай заявай у падтрымку Марфы Рабковай і Андрэя Чапюка, якой аб’явяць прыгавор у Мінскім гарадскім судзе 6 верасня ў 15.00.


Марфу Рабкову асудзілі да 15 гадоў калоніі.