Флэшмобы, акаунты ў Tinder і інтэв’ю ў СМІ
У першым тэксце мы разбіралі, што такое адвакатыўныя кампаніі і якімі яны бываюць. Цяпер разгледзім тры прыклады інфармацыйных кампаній, іх мэтавую аўдыторыя і што ў межах кампаній зрабілі актывісты і актывісткі.
Кампанія #freeviasna
17 верасня 2021 году праваабаронцы цэнтра “Вясна” запусцілі кампанію салідарнасці са сваімі затрыманымі калегамі і каляжанкамі #freeviasna. За мэту яны сабе паставілі вызваленне затрыманых праваабаронцаў, а таксама ўсіх палітзняволеных.
У межах кампаніі максімальна шырока распаўсюджваюць інфармацыю аб сітуацыі ў Беларусі і прыцягваюць увагу міжнароднай грамадскасці для таго, каб еўрапейскія прадстаўнікі і прадстаўніцы аказвалі ціск, у тым ліку праз санкцыі, для вызвалення палітычных зняволеных.
Мэтавая аўдыторыя
- Міжнародная грамадскасць, партнёрскія праваабарончыя арганізацыі, розныя місіі і спецдакладчыкі, дыпламаты, палітыкі, якія далучаліся да позвы Беларусі.
- Беларусы і беларускі, грамадзянскія актывісты і актывісткі, звычайныя людзі, якія падпалі пад рэпрэсіі, якія ведаюць пра “Вясну” і яе дзейнасць.
Дзеянні ў межах кампаніі
У дзень запуску кампаніі “Вясна” запусціла сайт freeviasna.org, які факусуецца на сямі калегах-палітзняволеных. На сайце вы знойдзеце стужку навінаў і кароткую біяграфію кожнага і кожнай з арыштаваных праваабаронцаў.
У розныя дні — напрыклад, міжнародны дзень правоў чалавека 10 снежня, дзень палітзняволенага 21 траўня — праваабаронцы ладзілі акцыі ў Вільні, Варшаве, Тбілісі і іншых гарадах. Таксама яны рэгулярна арганізоўваюць падпісванне паштовак для сваіх зняволеных калегаў і каляжанак, праз якія можна напісаць словы падтрымкі.
Таксама ў межах кампаніі ў зняволеных з’явіліся сімвалічныя “хросныя” сярод еўрапейскіх палітыкаў, якія да дня народзінаў зняволеных або да іншых важных датаў запісваюць відэазвароты і такім чынам падвышаюць бачнасць кампаніі за межамі Беларусі.
Праваабаронцы запусцілі петыцыю з заклікам вызваліць сваіх калег і каляжанак. Яны ўдакладняюць, што гэта ў першую чаргу спосаб распаўсюдзіць інфармацыю, бо цяпер петыцыя — гэта “вельмі ўмоўны інструмент”.
Акрамя таго, прадстаўнікі і прадстаўніцы “Вясны” рэгулярна даюць інтэрв’ю для СМІ па пытаннях адносна правоў чалавека, у тым ліку ёсць інтэрв’ю менавіта пра зняволеных калег і каляжанак.
Праваабаронцы працуюць з партнёрскімі арганізацыямі замежжа, якія распаўсюджваюць інфармацыю і, ў сваю чаргу, таксама ладзяць розныя актыўнасці. Да прыкладу, калі ў Марфы Рабковай у СІЗА пагоршыўся стан здароўя, а медычную дапамогу ёй не аказвалі, Amnesty International заклікала дасылаць звароты да пракурора з патрабаваннем прадаставіць праваабаронцы медычную дапамогу. З аналагічным патрабаванем выступіў і спецдакладчык ААН. Польская Amnesty таксама сабрала каля пяці тысяч подпісаў у падтрымку Марфы і аднесла іх у консульства Беларусі. Пасля гэтага пракуратура на сваім сайце дала адказ на “шматлікія звароты” пра тое, што Марфе правялі абследаванне і лячэнне.
Інфармацыйная кампанія «Поддержи подругу»
24 траўня 2022 году чатыры актывісткі з ўдзелам запрошаных спецыялістак і псіхалагіні запусцілі інфармацыйную кампанію «Поддержи подругу», у межах якой расказвалі пра віктымблэймінг і наступствы ігнаравання праблемы, а таксама распавядалі маладым дзяўчатам пра тое, як падтрымаць сваю сяброўку ў складанай сітуацыі.
Каналаў для інфармавання было тры: сайт, інстаграм-акаунт, таксама буклеты і паштоўкі ў мінскіх кавярнях.
Кампанія накіраваная на тое, каб паказаць сяброўкам, да чаго можа прывесці віктымблеймінг (перакладванне адказнасці за тое, што адбылося на пацярпелую ад гвалту), расказаць аб наступствах ігнаравання праблемы і даць інструменты для падтрымкі пацярпелай.
Мэтавая аўдыторыя
- Дзяўчыны і жанчыны 18-30 гадоў, жыхаркі гарадоў Беларусі.
Дзеянні ў межах кампаніі
На пачатку кампаніі актывісткі сфакусаваліся на буклетах і паштоўках, якія яны распаўсюжвалі па кавярнях — усяго ў Мінску яны супрацоўнічалі з дзесяцю кропкамі. Праз буклеты наведвальніцы кавярняў даведваліся пра ініцыятву і пераходзілі потым на матэрыялы, размешчаныя ў інтэрнэце, каб больш уважліва з імі азнаёміцца.
Да старта кампаніі актывісткі запусцілі сайт, для якога з удзелам псіхалагіні падрыхтавалі карткі з апісаннем відаў гвалту, віктымблэймінгу, сімптомах аб’юзіўных адносінаў і спосабах падтрымкі сябровак, якія трапілі ў складанае становішча. На сайце таксама размясцілі мапу з кавярнямі-партнёрамі ў Мінску і відэа з псіхалагіняй на тэму віктымблэймінгу.
Акрамя таго, выданне 34mag падрыхтавала інтэрв’ю з псіхалагіняй па тэму таго, як падтрымліваць сябровак, а разам з актывісткамі журналісты склалі тэст «Ці ўмееш ты падтрымаць сяброўку?».
У інстаграм-акаунце ініцыятыва распавядае пра саму кампанію, знаёміць з паняццямі кшталту гостынгу, лавбомбінгу, а таксама распавядаюць гісторыі падпішчыц пра падтрымку.
Актывісткі падзяліліся тым, як праходзіла кампанія і з якімі цяжкасцямі яны сутыкаліся: быў запушчаны хэштэг #поддержиподругу з мэтай заахвоціць дзяўчат і жанчын дзяліцца сваімі гісторыямі пра тое, як яны падтрымлівалі сваіх сябровак у складаны для іх час, але водгук аўдыторыі быў слабым. Таксама не атрымалася дамовіцца на супрацу з віцебскімі кавярнямі.
Кампанія салідарнасці з палітзняволенымі па “справе студэнтаў”
Кампанія па інфармаванні і салідарнасці з затрыманымі 12 лістапада 2020 году студэнцкімі актывістамі і актывісткамі запусцілі ў той жа дзень. Мэта кампаніі — інфармаванне, адвакатаванне і заклік да салідарнасці. Усяго да кампаніі за час яе правядзення спрычынілася ад 10 да 20 чалавек. Адначасова з ёй працуе і кампанія па падтрымцы ўсіх студэнтаў-палітзняволеных.
Мэтавая аўдыторыя
- Міжнародныя стэйкхолдэры: тыя, хто мог бы стратэгічна ўплываць на тыя ці іншыя дзеянні. Актывістам і актывісткам удалося знаёсці сімвалічных “хросных” для затрыманых і дамагчыся таго, каб дыпламаты і дыпламаткі прыйшлі на суд і пісалі лісты палітзняволеным.
- Студэнты і студэнткі збольшага з мінскіх універсітэтаў, якіх заклікаюць да салідарнасці і адвакатыўных дзеянняў.
- Прадстаўнікі і прадстаўніцы беларускага грамадства, якія падпісаны на дэмакратычныя выданні. У межах кампаніі да аўдыторыі намагаліся данесці тэзіс, што студэнты і студэнткі як сацыяльная група таксама пацярпелі і маюць патрэбу ў падтрымцы.
Дзеянні ў межах кампаніі
У першую чаргу дызайнеры і дызайнеркі ініцыятывы выпрацавалі візуальны стыль кампаніі, каб сярод навінаў пра палітзняволеных студэнты і студэнткі заўсёды выдзяляліся. Таксама актывісты і актывісткі запусцілі старонку, дзе публікавалі ўсе навіны па “справе студэнтаў” і перакладалі іх на ангельскую мову для замежных партнёраў. Таксама на сайце прапаноўваюцца дзеянні па падтрымцы затрыманых. Галоўным каналам для распаўсюду інфармацыі пра справу стаў тэлеграм-канал «Задзіночання Беларускіх Студэнтаў».
Актывісты і актывісткі стварылі Tinder-акаунты затрыманых, што, паводле словаў каардынатаркі кампаніі Дар’і Рублеўскай, патрабавала шмат высілкаў і рэсурсаў.
Акрамя таго, разам з “Моладзевым блокам” ініцыятыва выпусціла ва Ўкраіне калекцыйныя паштовыя маркі з выявамі зняволеных. Нават атрымалася даслаць некалькі марак непасрэдна самім зняволеным.
У межах кампаніі ў Telegram стварылі стыкер-пак на аснове малюнкаў Касі Будзько і Яны Арабейкі (асуджаныя па “справе студэнтаў” студэнткі), а сяброўкі зняволеных студэнтак стварылі інстаграм-акаунт, дзе публікавалі гэтыя малюнкі. У дадатак да гэтага, актывісты і актывісткі стварылі выявы салідарнасці для аватараў і фонаў у Zoom, якія маглі выкарыстоўваць студэнты і студэнткі пад час анлайн заняткаў.
Заўважнай была акцыя, пад час якой неабыякавыя людзі галілі галаву налыса ў падтрымку зняволеных. У акцыі паўдзельнічаў у тым ліку вакаліст NAVIBAND Арцём Лук’яненка.
Журналісты і журналісткі рэгулярна звярталіся да ініцыятывы па каментары або з запытамі, але часцей актывісты і актывісткі самі ініцыявалі камунікацыю з мэтай асвятліць сітуацыю — напрыклад, напісаць пра пачатак суда па “справе студэнтаў”.
Для працы з міжнароднай грамадскасцю актывісты і актывісткі прапаноўвалі кандыдатуры зняволеных у якасці намінантаў і намінантак на розныя прэміі і ліставаліся з еўрадэпутатамі, а ў карпаратыўным ліставанні заўсёды дадавалі ў ліст інфармацыю пра колькасць зняволеных студэнтаў і студэнтак. Паводле словаў Дар’і Рублеўскай, досыць часта еўрапейскія партнёры звярталі на гэта ўвагу і пыталі, чым яны могуць дапамагчы.
Тэкст: Глеб Ляпейка