“Рэспект Бацьке за наяўнасць смяротнага пакарання”
10 кастрычніка штогод адзначаецца як Міжнародны дзень супраць смяротнага пакарання. Мы адкрылі скрыню Пандоры і паглядзелі каментары да відэа ВВС “Смяротны прыгавор для ўсёй сям’і. Як жывуць сваякі асуджаных на пакаранне смерцю ў Беларусі”. Ніжэй спрабуем адказаць тым, хто падтрымлівае смяротнае пакаранне.
“Людзі, якія самі забіваюць бязвінных людзей, не павінны жыць за кошт родных забітых і падаткаплацельшчыкаў”
У краінах, дзе смяротнае пакаранне дазволена, існуе інстытут легальных забойцаў, якія здзяйсняюць наўмыснае забойства.
Любая інфармацыя пра спосабы прывядзення ў выкананне смяротнага прысуду ў Беларусі з’яўляецца дзяржаўнай таямніцай. Аднак былы начальнік менскага СІЗА № 1 Алег Алкаеў, дзе ўтрымліваюцца прысуджаныя да выключнай меры пакарання, падрабязна апісаў кім і якім чынам выконваецца гэтая праца. З яго кнігі «Расстрэльная каманда»:
“У групу падбіраліся проста фізічна дужыя мужчыны, з устойлівай псіхікай і дужымі нервамі. Камплектавалася «расстрэльная» каманда, як правіла, за кошт дзеючых супрацоўнікаў СІЗА, але ў мэтах забеспячэння бяспекі дазвалялася прыцягваць да супрацоўніцтва і іншых грамадзянаў.
Усе члены групы ў працоўны час займаліся выкананнем сваіх звычайных службовых абавязкаў”.
Яны забіваюць ад нашага імя, за наш кошт.
“Брава каментарам! Усім па заслугах. Дзіўна шукаць спагады для забойцаў… Асабліва мамам, якія выгадавалі і выхавалі монстраў, сорамна павінна быць на камеру высоўвацца”
Грамадства павінна ўсведамляць, што вынесены смяротны прысуд тычыцца не толькі вінаватага, але і прыносіць жорсткія пакуты яго сваякам.
Згодна з КК Беларусі, блізкія і сям’я пакаранага пазбаўлены магчымасці пахаваць роднага чалавека і потым наведваць яго магілу – целы пасля смяротнага пакарання родным не выдаюцца, і месца пахавання не паведамляецца.
У пасведчанні аб смерці ў графе «прычына смерці» ставяць прочырк. Па сведчаннях былога начальніка менскага СІЗА Алега Алкаева, ён «бачыў шмат пакутаў і істэрык». У інтэрв’ю Amnesty International таксама ўзгадваў і пра пакуты асуджаных – аднойчы ў камеры апынуліся два асуджаныя да смяротнага пакарання, спачатку павесіўся адзін, затым другі дастаў яго з пятлі і ў ёй жа павесіўся. Дзяжурны позна заўважыў, што адбываецца, і не паспеў іх выратаваць. Цела самагубцаў былі перададзеныя родным за два дні да даты, на якую было прызначанае выкананне прысуду.
“Ніякага памілавання, няхай іншым будзе прыклад!!!”
У грамадстве існуе меркаванне, што смяротнае пакаранне стрымлівае злачыннасць. Такія заявы часта робяць урады, якія ўжываюць смяротнае пакаранне. Аднак няма такіх статыстычных або іншых дадзеных.
Тых людзей, якія сапраўды загадзя плануюць злачынства, стрымлівае не суровасць пакарання, а верагоднасць таго, што іх зловяць і асудзяць. Калі плануецца злачынства, злачынец звычайна засяроджаны на тым, каб пазбегнуць арышту і абвінаваўчага прысуду, а не на ступені суровасці пакарання. Пагроза нават самага суровага пакарання не стане перашкодай для тых, хто ўпэўнены ў тым, што не будзе злоўлены.
Ключ да стрымлівання – гэта не больш суровае пакаранне, а сур’ёзная верагоднасць таго, што асобы, якiя здзяйсняюць злачынства, будуць выяўленыя, арыштаваныя і асуджаныя.
Гэта азначае, што намаганні па папярэджанні злачыннасці павінны быць накіраваны на павышэнне эфектыўнасці працы праваахоўных органаў. Упэўненасць грамадскасці ў тым, што злачынствы будуць неадкладна і прафесійна расследаваныя, а злачынцы паўстануць перад судом, мае прынцыпова важнае значэнне для стрымлівання злачыннасці. Гэта ўключае ўмацаванне даверу паміж грамадствам і праваахоўнымі органамі, а таксама павышэнне аўтарытэту сістэмы правасуддзя.
“Нізкі паклон краіне, у якой прымаюць такія рашэнні ў судзе! Цяжка Зямлі такіх нелюдзей насіць”
Нельга забываць пра судовыя памылкі і немагчымасць іх выпраўлення.
Пазбегнуць памылак немагчыма. Незалежна ад таго, якія працэсуальныя гарантыі ўбудаваны ў судовую сістэму і якімі б ні былі дасягненні навукі і тэхналогіі, гэтай сістэмай заўсёды будуць кіраваць людзі – а людзям уласціва памыляцца. І гэтыя памылкі адбываюцца нашмат часцей, чым гэта сабе ўяўляе большасць.
Віцебская справа – cправа Міхасевіча
19 траўня 1987 г. Судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда СССР прызнала Генадзя Міхасевіча вінаватым у наўмысных забойствах 33 жанчынаў у перыяд 1971-85 гг. на тэрыторыі Віцебскай вобласці. Некаторыя жанчыны былі згвалтаваныя. Міхасевіч быў прысуджаны да смяротнага пакарання, прысуд не абскардзіў. Быў расстраляны 19 студзеня 1988 г.
Доказы былі бясспрэчнымі – супадаў не толькі почырк на пакінутай злачынцам цыдулцы, група крыві і іншыя доказы, абвінавачаны таксама беспамылкова паказаў месца пахавання, дома былі знойдзеныя асабістыя рэчы забітых.
У выніку замест 22 нераскрытых забойстваў, ён распавёў пра 43 (у судзе было даказана 33), у тым ліку 13 забойстваў, за якія былі асуджаныя 14 невінаватых.
“Лічу правільным прысуд. Ніколі з іх не будзе нармальных людзей”
Крымінальная адказнасць, як і правасуддзе ў цэлым, не павінна быць актам помсты або запалохвання, забіты чалавек не можа ўсвядоміць свае ўчынкі і раскаяцца.
З ліста пакаранага Андрэя Жука: «Міністр юстыцыі, выказваючы свой пункт гледжання за захаванне смяротнага пакарання, гаворыць, што разглядаючы гэтае пытанне, можна спытаць, што лічаць родныя загінулых. Эмоцыі, помста – гэта не правасуддзе. У такім выпадку і суды не патрэбныя. Хай дадуць тым самым сваякам у рукі зброю і суд Лінча…».
Смяротнае пакаранне цалкам адмаўляе прынцып рэабілітацыі ў грамадстве і захаванне правоў чалавека. Стаўленне да злачынцаў як да непажаданых элементаў, якіх трэба выкараніць у грамадстве, — гэта жорсткі і таталітарны падыход да папярэджання злачыннасці, няварты цывілізаванага грамадства.
Злачынцы не з’яўляюцца нелюдзямі, а людзьмі, якіх спарадзіла само грамадства.
Грамадства ўспрымае гэта як акт правасуддзя і, адпаведна, мае абсалютна скажонае паняцце пра рашэнне праблемы злачыннасці. Грамадзянам пачынае здавацца, што праблемы са злачыннасцю сапраўды могуць быць вырашаныя праз забойства, і яны не задумваюцца аб прычынах, якія заахвочваюць або якія дазваляюць грамадзянам здзяйсняць цяжкія злачынствы.
Досвед многіх краін, якія адмовіліся ад смяротнага пакарання, сведчыць аб тым, што небяспечных злачынцаў можна надзейна ізаляваць ад грамадства, не звяртаючыся да пакарання смерцю. Асобы, якія падвяргаюцца смяротнай кары, складаюць толькі невялікую долю ад усіх злачынцаў. Пакаранне ў асноўным накіраванае на тое, каб пазбавіць жыцця чалавека і не даць яму здзейсніць злачынства ў будучыні – пры гэтым пераважная большасць такіх людзей у любым выпадку гэтага б зноў не зрабілі.
“Больш будзе злачынстваў без такога пакарання”
Заявы аб тым, што вышэйшая мера пакарання стрымлівае злачынцаў, зыходзяць з таго, што тыя людзі, якія здзяйсняюць забойствы і іншыя злачынствы, што караюцца пакараннем смерцю, загадзя рацыянальна думаюць пра верагоднасць таго, што іх караюць смерцю.
Асноўнымі фактарамі, якія правакуюць злачыннасць, з’яўляюцца беднасць, неадукаванасць, няроўнасць у грамадстве, псіхічныя адхіленні канкрэтнага злачынцы.
Смяротнае пакаранне ніяк не можа ўплываць на названыя прычыны.
“Бацька красава, захаваў вышэйшую меру сацыяльнай абароны грамадзян!”
Дзяржава, якая падтрымлівае смяротнае пакаранне, заяўляе аб тым, што забойства з’яўляецца прымальным спосабам вырашэння праблемаў грамадства. Няма чалавека – няма праблемы.
Крымінальны пераслед апанентаў улады, удзельнікаў і ўдзельніц пратэсных выступаў і іншадумцаў па-ранейшаму застаецца найбольш жорсткай і запатрабаванай уладамі формай рэпрэсій. Безумоўна бачныя рысы пераследу паводле палітычных матываў дазваляюць ацэньваць іх як злачынства супраць чалавечнасці.
Колькасць палітвязняў, прызнаных такімі праваабарончай супольнасцю, за верасень склала 44 чалавекі, іх агульная колькасць па стане на 1 кастрычніка склала 1 324 чалавекі.
Працягваюцца адвольныя затрыманні грамадзян за рэалізацыю сваіх грамадзянскіх правоў, за верасень “Вясна” мае інфармацыю пра 413 затрыманых і пра не менш за 237 судовых пасяджэнняў паводле адміністрацыйных спраў, па якіх вядома пра накладзеныя не менш за 35 штрафаў і не менш за 46 адміністрацыйных арыштаў.
З 29 траўня ў Беларусі пачалі дзейнічаць папраўкі ў Крымінальны кодэкс: цяпер за замах на здзяйсненне актаў тэрарызму можа пагражаць выключная мера пакарання — растрэл.
Каго ў Беларусі лічаць тэрарыстамі_камі?
У “Пералік фізічных асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці” Камітэт дзяржаўнай бяспекі амаль за два гады ўключыў 172 асобы, якія “маюць дачыненне да пратэснай дзейнасці”.
Сярод іх 70-гадовы пенсіянер з Нясвіжа і 21-гадовы студэнт педагагічнага факультэта, настаўніца музыкі з Ліды і сківічны хірург з Мінска, былы памочнік пракурора і хворая на эпілепсію маці маленькай дзяўчынкі.
КДБ лічыць тэрарыстамі_камі тых, хто пакідаў каментары ў сацсетках пра міліцыянтаў і прадстаўнікоў_ніц улады, з’яўляўся адміністратарам_кай тэлеграм-каналаў, удзельнічаў_ла ў акцыях пратэсту, а таксама тых, хто адкрыта выступае супраць дзеючай улады за мяжой.
10 чэрвеня статус тэрарысткі ад КДБ атрымала і 20-гадовая студэнтка з Кіраўска Данута Перадня. Суд Кіраўскага раёна 1 ліпеня прысудзіў ёй 6,5 гадоў калоніі. У віну дзяўчыне паставілі тое, што яна перапосціла ў адзін з чатаў тэкст, у якім у рэзкай форме крытыкаваліся дзеянні Пуціна і Лукашэнкі па развязванні вайны ва Украіне. Таксама там змяшчаўся заклік да вулічных выступаў і канстатавалася адсутнасць перспектыў у беларускай арміі ў выпадку яе далучэння да вайны.
Чаму смяротнае пакаранне павінна быць адменена
Смяротнае пакаранне было і застаецца вострай эмацыйнай тэмай, асабліва ў час пагрозы тэрарызму або падчас узброеных канфліктаў. Праваабаронцы прыводзяць свае аргументы, заснаваныя на досведзе 140 краін свету і праведзеных даследаваннях.
Таксама паслухайце, што кажа Каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” Андрэй Палуда пра памылкі пры вынясенні смяротных прысудаў, чаму смяротны прысуд — гэта катаванні родных абвінавачанага.