Заява БНМС “РАДА” у сувязі з ракетнымі ўдарамі па тэрыторыі Украіны

Мы, саюз трыццаці чатырох дэмакратычных моладзевых арганізацый Беларусі, створаны з мэтай кансалідацыі беларускіх моладзевых арганізацый грамадзянскай супольнасці дзеля прадстаўлення, прасоўвання і абароны агульных інтарэсаў, рэалізацыі права на свабоду мірных сходаў і іншых канстытуцыйных правоў, прадстаўленыя кіруючым органам – Саветам “РАДА”, выступаем з наступнай заявай:
Увечары нядзелі 9 кастрычніка, Уладзімір Пуцін высунуў заяву, у якой выбух на Крымскім мосце быў прызнаны тэрактам, а вінаватымі ў ім абвешчаныя ўкраінскія спецслужбы. Наступнай раніцай выбухі былі чутныя па ўсёй тэрыторыі Украіны: ад Львова да Кіева — расейскія войскі ўдарылі ракетамі па цэнтры сталіцы.
Аляксандр Лукашэнка афіцыйна выказаў падтрымку ваенным дзеянням і дамовіўся аб разгортванні сумеснай рэгіянальнай групоўкі войскаў, матываваўшы сваё рашэнне абвастрэннем на заходніх граніцах Саюзнай дзяржавы.
РАДА чарговы раз пацвярджае сваю пазіцыю аб недапушчальнасці ваеннай агрэсіі Расіі на тэрыторыі Украіны і ўдзеле ў ёй Беларусі. Беларуская моладзевая грамадзянская супольнасць не прызнае ніякіх рашэнняў, прынятых рэжымам, і нагадвае пра важнасць падзелу гэтых дзвюх груп і радыкальнае адрозненне ў падзяляемых каштоўнасцях. Такім чынам, мы зноў адзначаем, што рэжым Лукашэнкі нелегітымны і не мае паўнамоцтваў прымаць падобныя рашэнні ад імя беларускага грамадства.
Мы заклікаем таксама звярнуць увагу на тое, што беларуская моладзь не падтрымлівае вайну і рэжым Лукашэнкі, аднак знаходзіцца ва ўразлівай сітуацыі, без права на выказванне свайго меркавання і свабоды асацыяцый і пад сталай пагрозай рэпрэсій з боку аўтарытарнага праўлення. Мы нагадваем, што на дадзены момант у Беларусі 1348 палітычных зняволеных, больш за 800 з якіх — маладыя людзі. Таксама нагадваем, што ў Беларусі дзейнічае смяротнае пакаранне — прысуд з вышэйшай формай пакарання можа выносіцца ў тым ліку і за спробу здзяйснення акта тэрарызму.
Мы зноў выказваем падтрымку нашым калегам і каляжанкам, сябрам і сяброўкам з Украінскага моладзевага савета (NYCU) і яго сяброўскіх арганізацый, а таксама ўсяму ўкраінскаму народу. Падчас войн і канфліктаў маладыя людзі падвяргаюцца асаблівай рызыцы. Мы салідарныя з усімі людзьмі ў рэгіёне, якія з’яўляюцца часткай грамадзянскай супольнасці і працуюць у імя міру, правоў чалавека і дэмакратыі.
У сувязі з гэтым, мы:
- Заклікаем палітычных прадстаўнікоў і прадстаўніц суседніх краін аказаць падтрымку маладым людзям Беларусі, якія выступаюць супраць вайны і спрабуюць пазбегнуць мабілізацыі шляхам садзейнічання ў іх выездзе з Беларусі;
- Аднаўляем нашыя патрабаванні да палітычных актараў і актарак пазбягаць прыраўноўвання грамадзянскай супольнасці Беларусі да кіруючага нелегітымнага рэжыму;
- Заклікаем прадстаўнікоў і прадстаўніц беларускіх дэмакратычных сіл актыўна прадстаўляць пазіцыю беларускага народа адносна ўдзелу ў іх Беларусі і садзейнічаць нівеляванню нарастаючага руху дыскрымінацыі беларусаў і беларусак;
- Заклікаем улады Расіі неадкладна спыніць ваенную агрэсію на ўсёй тэрыторыі Украіны;
- Заклікаем Еўрапейскі моладзевы форум, яго арганізацыі-сябры і еўрапейскую моладзь выказаць поўную салідарнасць з Украінай і Нацыянальнай моладзевай радай Украіны.