Email-рассылкі для НДА: як ствараць прывабныя лісты, якія будуць чытаць?
- Што павінна быць у рассылцы?
- Як падрыхтаваць рассылку?
- Сэрвісы для рассылак навін
- Візуал
- Ацэньваем адпраўленыя рассылкі
- Як не трапіць у спам
Для чаго ўвогуле патрэбныя email-рассылкі, калі вакол столькі іншых, больш папулярных каналаў камунікацыі?
Падзяліцца навінамі? Прарэкламаваць падзею? Па факце ў рассылку можна змясціць і абнаўленні ў вашай арганізацыі, і кампаніі, і заклікі да дзеяння — галоўнае, каб інфармацыя была карысная і арыентаваная на вашу аўдыторыю.
Цяпер рассылкі могуць быць тонкай вяровачкай, якая звязвае арганізацыі з мэтавымі групамі.
Складаючы рассылку, важна разумець патрэбы вашай аўдыторыі. Таму не саромейцеся ладзіць апытанні: спасылку на гугл-форму можна даць непасрэдна ў лісце.
Карысна запытваць, што падабаецца ў рассылцы, якія тэмы цікавяць больш за ўсё, а таксама пажаданні па кантэнце. Бо калі чалавек падпісаўся на рассылку і адкрыў яе, значыць, яму сапраўды цікавая дзейнасць вашай арганізацыі. У такім выпадку не варта адцягваць яго ўвагу нязначнымі фактамі: камунікуйце толькі па справе.
Што павінна быць у рассылцы?
Калі вашая рассылка — гэта не толькі афіша (або зусім не афіша), тады для яе зручна прапісаць рубрыкі.
Расказваць можна, напрыклад, пра мясцовыя супольнасці, лепшыя практыкі арганізацыі, магчымасці, якія з’яўляюцца ў вашым полі дзейнасці, або прапаноўваць узяць удзел у мерапрыемстве/кампаніі.
Рубрыкатар вызначаеце індывідуальна, у залежнасці ад асаблівасцяў вашай арганізацыі. Не бойцеся часам яго змяніць або падладзіцца пад актуальныя падзеі: калі вашыя навіны моцна выбіваюцца з агульнага навіновага парадку дня, можна іх адаптаваць.
Добры рубрыкатар — гэта шкілет для кантэнт-плана і ідэй.
Мы расклалі схему, якая дапаможа прыдумаць эфектыўныя рубрыкі і пазбегнуць творчых затораў.
Як зрабіць рубрыкатар?
Зручны спосаб – адкрыць Excel і нарысаваць табліцу з трыма слупкамі.
Тып рубрыкі можа быць інфармацыйны, забаўляльны, адукацыйны або той, што прадае. Боль — гэта тое, што хвалюе вашую мэтавую аўдыторыю, а ў Ідэях вы прапісваеце гатовыя ідэі, каб спатоліць «боль» вашай аўдыторыі.
Варыянты кантэнту:
- Артыкулы (аналітыка, агляды)
- Інструкцыі
- Інфаграфіка
- Меркаванні экспертаў_ак
- Навіны арганізацыі
- Публікацыі ў СМІ
- Дасягненні або водгукі
- Тэсты, мемы
- Гісторыі
- Конкурсы
У рассылку лепей уключыць візуальны кампанент — відэа і выявы, якія будуць падтрымліваць тое, пра што гаворыцца ў рассылцы.
Незалежна ад таго, наколькі «сур’ёзнымі рэчамі» займаецца вашая арганізацыя, вы мусіце паклапаціцца пра чытачоў і чытачак, а менавіта спрасціць мову зносін з аўдыторыяй. Меней фармальнасцяў, канцылярызмаў у тэксце, кароткае оверв’ю ў пачатку і мінімум вады — лепшае, што вы можаце зрабіць з тэкстам, каб яго прачыталі.
Як падрыхтаваць рассылку?
Калі ўключаеце ў рассылку навіны арганізацыі, інфармацыю пра дабрачынныя кампаніі — тут усё зразумела: збіраеце і прапісваеце. Калі вы хочаце трымаць аўдыторыю ў курсе сусветных навін па вашай сферы дзейнасці, то шукаць іх можна ў іншых рассылках, telegram-каналах — любых рэсурсах, гэта не забаронена. Таксама можна запытваць навіны ў людзей: прапануйце падзяліцца з вамі навінамі, напрыклад, у telegram-канале.
Рыхтаваць рассылку можна камандай, разам шукаць, а затым узгадняць кантэнт. Калі значных навін на набралася або яны супярэчаць актуальнаму парадку дня ў краіне або свеце, лепей прапусціць рассылку, чым выпусціць недарэчны ліст.
Раім не публікаваць навіны, калі:
- яны на рэлігійную ці палітычную тэму (за выключэннем выпадкаў, калі вашая дзейнасць з гэтым звязаная);
- не атрымліваецца праверыць крыніцу ці яна адсутнічае;
- заклік, які змяшчаецца ў іх, можа паставіць людзей пад небяспеку;
- прапаноўваюць конкурс з сумнеўнымі прызамі;
- не адпавядаюць палітыцы арганізацыі.
Добры кейс — падпісваць рассылкі імем рэальнага чалавека, напрыклад, галоўнага рэдактара рэсурсу ці адказнага за PR арганізацыі. Гэта таксама дапаможа вам стаць бліжэй да чытачоў і чытачак.
Не забывайце натхняцца: нагледжанасць і начытанасць дапамогуць рабіць рассылкі больш адаптыўнымі і эстэтычнымі.
Сэрвісы для навіновых рассылак
Пры выбары сэрвісу для стварэння рассылак кіруйцеся, у першую чаргу, патрэбамі арганізацыі. Усе сэрвісы, якія мы прапануем у артыкуле, маюць бясплатны тарыф, што абмяжоўвае колькасць кантактаў, якім можна адправіць ліст, а таксама колькасць саміх лістоў.
Mailchimp
- некалькі тарыфных планаў,
- абмежаванні ў бясплатнай версіі да 2000 кантактаў і 1000 адпраўленняў лістоў,
- зразумелы інтэрфэйс на англійскай,
- шаблоны адаптаваныя пад мабільную версію,
- можна сегментаваць аўдыторыю.
SendPulse
- некалькі тарыфных планаў,
- бясплатна прапануе да 500 кантактаў і 15000 лістоў,
- інтэрфэйс на рускай мове,
- няма магчымасці інтэграцыі з Google Analytics і тэставання іншых інструментаў.
GetResponse
- прэміюм-функцыі можна выкарыстоўваць бясплатна да 30 дзён,
- 4 платныя тарыфныя планы,
- інтэрфэйс на рускай мове,
- ліміт — 500 кантактаў,
- зніжкі для дабрачынных арганізацый і НКА.
Візуал
Як мы ўжо казалі, каб палепшыць UX, рассылку неабходна суправадзіць як мінімум фота. Найлепшы варыянт — калі вы можаце публікаваць уласныя фотаздымкі, аднак таксама можна браць іх з бясплатных фотастокаў, у якіх можна знайсці выявы па вельмі шырокім коле тэмаў.
Звярніце ўвагу на:
- Pexels. Фота і відэа, спампаваныя з гэтага сайта, можна бясплатна выкарыстоўваць і рэдагаваць. Спасылка на крыніцу фота або фатографа не патрабуецца, але вітаецца.
- Unsplash. Усе матэрыялы можна таксама спампоўваць і выкарыстоўваць бясплатна з камерцыйнымі і некамерцыйнымі мэтамі. Спецыяльнага дазволу на выкарыстанне не патрабуецца, але пазначэнне аўтарства вітаецца.
Прыгледзьцеся таксама да рэсурсаў Freepik, Flaticon, Sidesgo, Storyset, Wepik. Знайсці там можна не толькі фотаздымкі, але і вектары, PSD-файлы з выявамі, іконкі.
Ацэньваем адпраўленыя рассылкі
Усе інструменты для стварэння рассылак, пра якія мы пісалі вышэй, даюць магчымасць таксама прааналізаваць статыстыку. Паглядзець можна працэнт адкрыццяў, клікаў, колькасць адпісак і новых падпісчыкаў_ыц, а таксама найбольш клікабельныя элементы ў вашым лісце.
Як не трапіць у спам
Важна разумець, што працэнт адкрыццяў можа стаць нашмат ніжэйшы за чаканы, таму што ліст трапіў у спам. І для гэтага можа быць некалькі прычын:
- скаргі — карыстальнікі_цы самі змяшчаюць ваш ліст у спам;
- паводзіны карыстальнікаў — менш пераходаў па спасылках;
- некарэктнае афармленне — невалідная HTML-структура ліста;
- зменлівасць — розны аб’ём рассылак, нерэгулярнасць.
Як выправіць сітуацыю:
- Правярайце базу на неактыўныя кантакты і памылкі.
- Сачыце за якасцю кантэнту і тэстуйце розныя спосабы залучэння, калі вашыя рассылкі перасталі адкрываць.