Як стварыць эфектную прэзентацыю, калі вы не дызайнер_ка?
- Дзе стварыць прэзентацыю?
- Як зрабіць, каб «было прыгожа»?
- Як вылучыць інфармацыю на слайдзе?
Першы слайд у прэзентацыі — гэта першае ўражанне, якое вы ствараеце ў слухача ці слухачкі не толькі пра саму тэму выступу, але і пра вас як лектара_ку. Які_ая я спікер_ка? Гэтае пытанне варта задаць сабе, перш чым садзіцца афармляць прэзентацыю.
Калі збіраецеся прэзентаваць тэму сур’ёзна, прыводзіць навуковыя доказы, то дызайн прэзентацыі таксама варта зрабіць лаканічным і стрыманым (не значыць сумным), а калі весела і з гумарам — адпаведна яскравым і пацешным.
Паглядзіце, як тэма сучаснага мастацтва ўвасобілася ў розных стылістычных варыянтах.
Ад 1-й прэзентацыі мы яўна чакаем, што лекцыя будзе цікавай і, галоўнае — карыснай. Прыкладна такія ж чаканні выклікае першы слайд 5-й прэзентацыі, толькі больш з намёкам на навуковую падачу. Вясёлы і матывацыйны аповед чакаеш ад лектаркі на 2-й прэзентацыі, а 3-я і 4-я — відавочна зробленыя ва ўстанове адукацыі, прычым 4-я ніяк не адлюстроўвае тое, пра што будзе гаворка ў прэзентацыі, такім чынам прымушаючы сумнявацца ў кампетэнтнасці лектара_кі.
Дзе стварыць прэзентацыю?
У першую чаргу вам неабходна выбраць інструмент, у якім будзеце працаваць. Лепей за ўсё для стварэння прэзентацый падыходзяць Powerpoint, Keynote, Canva, Crello, Prezi, Tilda.
Рэкамендуем не карыстацца стандартнымі шаблонамі, напрыклад, у Powerpoint: яны не толькі часта састарэлыя, але і надта агульныя, а значыць, не змогуць адлюстраваць характару вашай прэзентацыі. Бясплатна і легальна шаблоны можна спампаваць:
- Gumroad.com. Наладзьце фільтр free+powerpoint. Калі захочаце ўнутр праекта, у графе «кошт» пазначце 0. Шаблон прыйдзе на пошту.
- 24slides.com. Шаблоны даступныя пасля рэгістрацыі на сайце.
- Free-powerpoint-menplates.com
- Smiletemplates
Як зрабіць, каб «было прыгожа»?
Памятайце, што няма прыгожага і непрыгожага дызайну, ёсць той, што пасуе, і той, што не пасуе. Але каб дамагчыся візуальнай суладнасці, палепшыць успрыманне тэксту, выконвайце пэўныя правілы.
Гуляйцеся са шрыфтамі
У любога шрыфту ёсць характар, які можна падабраць пад агульны характар прэзентацыі.
Праграмы звычайна прапаноўваюць стандартны шрыфт тыпу Arial або Times New Roman — іх адразу варта замяніць на прыемны і добра чытэльны. Вядома, Times New Roman — акуратны і добра чытаецца, але вы рызыкуеце не пазбавіцца ад яго канцылярскага налёту.
Параўнайце на малюнках ніжэй: які шрыфт выглядае больш бадзёра? Відавочна, што правы болей сучасны, а левы (Times New Roman) нібыта толькі хоча такім падавацца.
Дзе ўзяць шрыфты? Існуе многа бясплатных рэсурсаў, якія прапануюць шрыфты як для асабістага, так і для камерцыйнага выкарыстання: толькі правярайце ўмовы, перш чым спампаваць які-небудзь шрыфт. Раім скарыстацца:
Сачыце за памерам тэксту і выроўніваннем
На адным слайдзе памер тэксту павінен быць або аднолькавы, або заўважна розны, каб чытачы і чытачкі адрознівалі галоўныя і другасныя элементы.
Параўнайце, як успрымаецца левы слайд, дзе памер шрыфту адрозніваецца нязначна і выкарысталі рознае выроўніванне, і адфарматаваны правы. Злева лёгка згубіцца, праўда?
Выкарыстоўвайце адзін (рэдка два) тыпы выроўнівання тэксту на адным слайдзе.
Напрыклад, увесь тэкст можна размясціць па левым краі або па цэнтры, альбо загаловак па цэнтры, а астатні тэкст па левым краі, але выроўніваць розныя кавалкі тэксту рознымі спосабамі не варта.
Часам можна выратаваць слайд, проста зрабіўшы аднолькавай вышыню кегля і адкарэктаваўшы вылучэнне.
Як вылучыць інфармацыю на слайдзе
Існуе шмат спосабаў вылучыць тэкст у прэзентацыі, галоўнае — не «вырабляцца», то-бок не перабольшыць. Вылучаць тэксты варта акуратна, не карыстацца мноствам розных колераў, падсвечваць.
1. Карыстайцеся адным (максімум двума) тыпамі вылучэння на слайдзе.
Мяшанка з розных вылучэнняў тэксту на адным слайдзе не дапамагае звярнуць увагу на важныя дэталі, а наадварот — ускладняе ўспрыманне.
А найгоршую службу вам саслужаць «эфекты», напрыклад, абводкі і цені. Гэта састарэлыя прыёмы, якія да таго ж перашкаджаюць чытанню.
Каб вылучыць тэкст, можна выкарыстоўваць: падкрэсліванні, напаўтлусты нарыс (класіка), курсіў, моцнае разрэджванне літар, каляровы фон (плашкі), рамачкі, колеравае вылучэнне, іконкі (маленькія піктаграмы ў тэксце), знак з вынасам (NB!), Caps Lock — калі вылучыць трэба асобныя словы або невялікі кавалак тэксту.
Ніколі не выкарыстоўвайце для вылучння тэксту: абводку, каляровую абводку, «святлафор» (абводку рознымі колерамі), многа Caps Lock’а, іншы шрыфт унутры абзаца.
2. Вылучанага тэксту павінна быць значна менш, чым нявылучанага.
Каб падабраць колеры, якія ўдала лягуць у вашую асноўную палітру, скарыстайцеся сэрвісамі: color.romanuke.com, coolors.co, colorsafe.co, color.adobe.com.
3. Бярыце малюнкі добрай якасці.
Для ілюстрацыі прэзентацый выдатна падыдуць фатаграфіі з бясплатных, якасных стокавых рэсурсаў, напрыклад, pixabay.com, freepik.com, search.creativecommons.org, unsplash.com, freeimages.com, flaticon.com (іконкі).
Шукаць і спампоўваць выявы можна ў шырокім дыяпазоне тэм. Калі якасць малюнку неабходна палепшыць, скарыстайцеся letsenhance.io.
4. Каманда «Паветра!»
Пакідайце заўважныя палі з усіх чатырох бакоў. А тэксту на слайдзе павінна быць не болей, чым вы зможаце прачытаць за адзін выдых. Гэтае правіла асабліва актуальнае для прэзентацый, якія вы расказваеце, бо чалавек не можа слухаць і чытаць адначасова.
Калі ж вы толькі рассылаеце прэзентацыю, то на слайды можна дадаць болей тэксту, але захапляцца не варта: выберыце самае галоўнае.
Цікавы трэнд, які перакачаваў з інстаграма — рабіць прэзентацыю па тыпе каруселі. Наратыў у такіх прэзентацыях будуецца так, нібыта чалавек чытае гісторыю. Таксама ў трэндзе анімаваныя прэзентацыі, для стварэння якіх, вядома, патрэбны пэўны навык.
5. Вытрымлівайце агульны стыль.
Прааналізуйце і знайдзіце, на чым заснаваны стыль, якія элементы паўтараюцца, або стварыце яго. Старайцеся камбінаваць іх па-рознаму на розных слайдах, чаргуйце.
Паглядзіце, як працуюць элементы ў прэзентацыі пра экалагічнае спажыванне: ты я ж чорныя і зялёныя прастакутнікі, белы фон, малюнак на блакітным фоне, але скамбінаваныя па-рознаму, яны ствараюць адчуванне цэласнасці і суладнасці, і пры гэтым не даюць засумаваць.
Хочаце пад канец правіла, якое дазволіць ніколі не памыляцца ў лагічным выбудоўванні выявы?
Яно называецца правіла прыбліжанасці, або тэорыя блізкасці, і гучыць так: чым болей элементы звязаныя па сэнсе, тым болей яны павінны быць звязаныя візуальна ў параўнанні з іншымі.
У наступным прыкладзе наўрад ці можна зразумець, якая выява да якой кавы адносіцца, а значыць, задумка рэкламы правалілася.
Абавязкова вытрымлівайце адлегласць. Блокі інфармацыі, звязаныя адзін з адным, групуйце, а паміж незвязанымі пакідайце «паветра».