Сторыс у яблычак: як зачапіць чалавека за пару секунд?
- Як афармляць сторыс?
- Кампазіцыя: як размяшчаць аб’екты ў сторыс
Сторыс — адзін з самых маладых элементаў візуальнага сторытэлінгу ў сацсетках, што не перашкаджае яму быць адным з самых папулярных. Ды што там казаць: згодна з даследаваннямі, сторыс — галоўны спосаб камунікацыі з аўдыторыяй. Яны дапамагаюць наладжваць лаяльнасць да кампаніі або паслугі, прадукту ці эксперта, а значыць, умеюць прадаваць. Менавіта гэты інструмент усё болей (хаця куды ўжо?) папулярызуецца блогерамі і блогеркамі, і прываблівае маладую аўдыторыю.
Аднак гэта не значыць, што «гісторыю» немагчыма сапсаваць.
Сторыс выконваюць свае функцыі толькі тады, калі выглядаюць зразумелымі для чытача і чытачкі, не зліваюцца з агульнай масай.
Так што памятайце, што вы ствараеце іх для:
- Прыцягнення ўвагі. У вас ёсць толькі 2—15 секунд, каб вылучыцца і зацікавіць аўдыторыю — рабіць сумна і нецікава часу няма.
- Пазіцыянавання. Як элемент візуальнага маркетынгу сторыс транслююць, на якім узроўні брэнд знаходзіцца ў галаве ў МА. Напрыклад, калі на экране ўсяго паболей, паярчэй, то гэта асацыюецца з танным дызайнам.
- Вылучэння. Неабходна візуальна аддзяліцца ад канкурэнтаў, паказаць на кантрасце, што ваш праект або арганізацыя — іншыя.
Як афармляць сторыс?
Сторыс — гэта элемент міні-дызайну, а галоўная задача дызайнера або дызайнеркі — вырашыць праблему, а не стварыць прыгожую рэч. Паклапаціўшыся пра афармленне, вы праяўляеце павагу да вашай аўдыторыі і яе часу, а таксама даяце шанец зрабіць яе вопыт узаемадзеяння з вамі прыемным.
Клопат пра спажыўца або спажывальніцу тут ў тым, каб ён ці яна хутка зразумелі інфармацыю, а значыць, паднесці яе трэба даступна.
- Колер
Падабраўшы ўдалую палітру, прасачыце, каб яна паўтаралася ў сторыс, бо колеры — адзін з важных якараў для аўдыторыі, па якім яна вас зможа адрозніць.
Калі мы выносім нашыя колеры ў інфапрастору і будзем паўтараць іх даволі доўга, аўдыторыя пачне асацыяваць іх з намі. Для гэтага важна ўспрымаць праекты і арганізацыі як брэнды, а не як нешта адцягнутае.
Каб вызначыць палітру, якая будзе пасаваць, вазьміце колер (або колеры) з лога, падбярыце да яго спалучальныя або кантрастныя: сэрвіс Colors.co вам з гэтым дапаможа.
Затым вызначце сталы фільтр для фота або стыль апрацоўкі. Без фільтраў цяпер посціць таксама модна, як і заніжаць экспазіцыю. Калі робіце сторыс з фота, то паспрабуйце загадзя паклапаціцца, каб на фатаграфіі прысутнічалі колеры, блізкія да фірмовых. Часцей за іншыя паўтарайце дамінантны колер або падганяйце элементы пад яго.
- Шрыфты
Уявіце, што ў крамы дзіцячых тавараў «Антосік», лагатып будзе напісаны строгім Times New Roman з засечкамі? А юрыдычны дакумент — гуллівым Comic Sans, які мы любілі выкарыстоўваць у Word версіі 2001 года, калі хацелі напісаць нешта прыкольнае? Пагадзіцеся, што ў гэтых сітуацыях такія шрыфты недарэчныя.
Глабальна можна вылучыць шрыфты:
- з засечкамі — болей падобныя на старыя друкарскія, строгія. Іх лягчэй чытаць і лепей выкарыстоўваць для людзей са слабым зрокам.
- без засечак — выглядаюць менш афіцыйна і фармальна, найбольш звычныя ў разнастайных медыя.
Але і ўнутры кожнай катэгорыі ў кожнага шрыфту свой настрой, характар і месца, якія неабходна спалучаць з характарам брэнда. Тады шрыфт стане для аўдыторыі надзейным якарам.
Калі ж не ведаеце, які шрыфт ужыць у канкрэтнай сітуацыі, а напісаць трэба тэрмінова, скарыстайце Futura або Helvetica — гэта класічныя і найбольш універсальныя варыянты.
- Як выбраць шрыфтавую пару?
Па-першае, пару для сторыс неабходна выбраць толькі адну, бо гэта тое, з чым мы будзем асацыявацца, з дапамогай чаго несці інфармацыю.
Па-другое, менавіта пару, бо адзін шрыфт пойдзе для загалоўкаў, а другі (ён дамінуе) — для асноўнага тэксту.
Каб стварыць удалую пару шрыфтоў, лепей за ўсё спалучаць:
- шрыфты з засечкамі з тымі, што без засечак,
- тлустыя шрыфты з лёгкімі і тонкімі,
- складаныя шрыфты (калі вырашылі імі карыстацца) з простымі, бо два складаныя — гэта табу.
Базавых шрыфтоў у Instagram звычайна дастаткова для iPhone, а на Android некаторыя могуць адлюстроўвацца некарэктна.
Але галоўнае пытанне ў любым выпадку — не ЯКІЯ шрыфты выбраць, а ЯК іх выкарыстоўваць. А для гэтага трэба ведаць іх асаблівасці.
Напрыклад, міжрадковая адлегласць: чым яна большая, тым больш недарэчна выглядае шрыфт. Адлегласць не павінна быць большая, чым памер самога шрыфту. Таксама дрэнна, калі курсіў спалучаецца з некурсівам, абодва абраныя шрыфты — тлустыя, калі ў адным з іх няўмела выкарыстаная падложка, а таксама няма іерархіі паміж галоўным і дадатковым шрыфтам.
Іерархія — найважнейшае пытанне ў працы са шрыфтамі, бо чалавек не будзе чытаць палатно. Выканаць іерархію — значыць вылучыць важныя і другасныя тэкставыя блокі, абазначыўшы такім чынам, што за чым трэба чытаць. Важнасць вызначае тып шрыфту (той, што вы абралі для загалоўкаў — першасны), памер і тлустасць.
Памятайце, што блокі нельга склейваць — пакідайце паміж імі паветра. Тое ж самае датычыць фота, якія разбаўляюць тэкставыя блокі. У сказе можна вылучаць таксама асобныя важныя словы, на якія чалавек адразу зверне ўвагу, за якія зачэпіцца.
Як бонус можаце выкарыстаць дадаткі: Fonts: For Instagram Stories іStudio (раней называўся Go Daddy). Загрузіць у дадаткі можна любыя шрыфты з інтэрнэту, колеры лога і іншыя элементы. Апошні дадатак дазваляе таксама па-рознаму працаваць з тэкстам: выгінаць яго, круціць, мяняць перспектыву і г.д.
Кампазіцыя: як размяшчаць аб’екты ў сторыс
Мэта кампазіцыі пры стварэнні сторыс — упарадкаваць элементы, аб’ядноўваючы іх па сэнсе. Фатаграфіі варта размяшчаць побач з тымі абзацамі, да якіх яны адносяцца, туды ж дадаваць эмодзі, якое пасуе па сэнсе.
Галоўнае, чаго варта пазбягаць — сувязі выпадковых элементаў. Усе аб’екты павінны быць структураваныя і згрупаваныя паміж сабой.
- Фарматы
Вызначыце, якія тыпы гісторый вы часцей за ўсё выкарыстоўваеце, каб прадумаць іх дызайн загадзя і кожны раз не вынаходзіць ровар.
Напрыклад, у вас могуць паўтарацца: галовы, што гавораць, інфармацыйныя гісторыі, анонсы, квізы, факты, спісы для праверкі, рэпосты, водгукі — усё, чым карыстаецеся. Для кожнага з іх варта прадумаць унікальную тэму, каб для кожнай публікацыі мяняць толькі фотаздымак і тэкст, не размяшчэнне. Такі падыход не толькі палегчыць вам працу, але і дазволіць чытачу хутка зразумець, што за кантэнт перад ім.
Афармленне для разнастайных фарматаў зручна падбіраць у дадатках Studio і Canva. Там можна захоўваць самыя ходкія фарматы і шаблоны, што значна зэканоміць час.
Неблагія інструменты таксама — 500 Stories for Instagram і InStories: будзе час — вывучыце. Раім таксама ўсе вашыя фоны, дадатковыя элементы, эмодзі і іншыя артэфакты захаваць у асобную тэчку на тэлефоне, каб доўга іх не шукаць.
Некалькі парад, перш чым вы паляціце рабіць ашаламляльныя сторыс.
Першае. Аналізуйце сторыс, якія вам спадабаліся. Разбірайце іх на малекулы, запытвайце сябе: а чаму гэта выглядае так крута? Магчыма, штосьці зможаце скарыстаць у сябе.
Другое. Не думайце, што «трушны» кантэнт значыць той, у які не трэба ўкладацца. Зрабіць сторыс абы як — гэта тое ж, што прынесці падарунак, абматаны скотчам, а не ў прыгожай абгортцы.
Памятайце: добры дызайн — гэта не той, у якога няма чаго адняць, а той, у які няма чаго дадаць.
Задавайце пытанне: што можна адняць у гісторыі, каб яна не страціла ў якасці? Калі болей адымаць няма чаго, то віншуем: здаецца, у гісторыі ёсць ўсе шанцы быць паспяховай.