Make peace not war? Як дзяржава пераследуе моладзь за тое, што яна супраць вайны
Год таму Расія напала на Украіну, а Беларусь сталі лічыць суагрэсарам. Аднак беларусы і беларускі кожны дзень учынкамі паказваюць сваю салідарнасць украінскаму народу словамі і дзеяннямі. У краіне, дзе ўжо трэці год запар людзей кожны дзень кідаюць за краты за любую нязгоду, беларусы і беларускі працягваюць ладзіць антываенныя маршы, ламаць абсталяванне чыгункі, каб перашкодзіць руху расейскай ваеннай тэхнікі, распаўсюджваць інфармацыю пра вайну.
Вядома не менш за 1000 затрыманых на “суткі” за антываенныя акцыі пратэсту і мінімум 50 крымінальных справаў, заведзеных за тую ці іншую спробу дапамагчы Украіне — сярод абвінавачаных нямала маладзёнаў.
Данута Перадня
22-гадовую студэнтку-выдатніцу факультэта рамана-германскай філалогіі аднаго з магілёўскіх вузаў асудзілі да 6,5 гадоў за перапост у чат тэкста, у якім у рэзкай форме крытыкаваліся дзеянні Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі па развязванні вайны ва Украіне. Вядома, што ў ейным выказванні быў заклік выступаць на вуліцы, а таксама канстатацыя адсутнасці перспектываў у беларускай арміі ў выпадку яе прамога ўступлення ў вайну. Відавочна, што нават не маючы тэкста каментару, дзяўчына заклікала да мірных метадаў супраціву — свабода мірных сходаў, напрыклад, гарантаваная Канстытуцыяй (артыкул 35) і Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах (артыкул 21). Таксама пераслед за пакінуты каментар парушае права Дануты распаўсюджваць сваё меркаванне — гэта неад’емная частка права на свабоду выказвання (артыкул 33 Канстытуцыі, артыкул 19 МПГПП і Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека).
Дзяніс Дзікун
30-гадовага Дзяніса Дзікуна асудзілі да 23 гадоў пазбаўлення волі паводле некалькіх артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Сярод іншага, яго абвінавацілі ў здрадзе дзяржаве і акце тэрарызму. Нагода для затрымання – падпал рэлейнай шафы на адным з участкаў чыгункі: праз гэта святлафоры і стрэлачныя пераводы перасталі працаваць. Справу Дзяніса і яшчэ мінімум дзевяці людзей па ўсёй краіне, якіх абвінавацілі ў гэтым, назвалі справай “рэйкавых партызанаў”. За невялікае пашкоджанне чыгункі чалавек асуджаны да агромністага тэрміну зняволення, а згодна з новымі папраўкамі ў законе, яму наогул магло б быць вынесена смяротнае пакаранне. Гэта відавочна непрапарцыйнае пакаранне, якое парушае права чалавека на справядлівы суд (напрыклад, згодна з артыкулам 9 МПГПП).
Юрый Ганцарэвіч
23-гадовага журналіста баранавіцкага выдання Intex-Press асудзілі да 2,5 гадоў пазбаўлення волі за фотаздымкі вайсковай авіятэхнікі ў Брэсце, якія ён адпраўляў СМІ, прызнаныя ў Беларусі “экстрэмісцкімі”. Мала таго, што тут парушаецца права Юрыя распаўсюджваць інфармацыю, але і паколькі яго судзілі за “садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці”, відавочна, што ўлады абмяжоўваюць людзей у крыніцах, з якіх можна атрымліваць навіны. Такім чынам, мы назіраем парушэнне дзяржавай свабоду выказвання меркавання з двух бакоў: журналісту забараняецца распаўсюджваць інфармацыю, а чытачам — яе спажываць. Хаця згодна з Канстытуцыяй (артыкул 33) і міжнароднымі пагадненнямі, цэнзура ў краіне забароненая. Таксама відавочна забарона на прафесію, бо Юрый – журналіст, і збіраць і распаўсюджваць інфармацыю – ягоны непасрэдны абавязак.
Акрамя таго, як і ў выпадку з Дзянісам Дзікуном, праўладныя каналы справаздачыліся пра затрыманне Ганцарэвіча відэа, на якім ён прызнаецца ў тым, што яму відавочна надыктавалі – парушэнне прэзумпцыі невінаватасці. Варта дадаць, што ўдзел у пакаяльных відэа таксама можна лічыць парушэннем права не сведчыць супраць сябе (артыкул 33 Канстытуцыі), а таксама не быць прымушаным агучваць пэўныя меркаванні і перакананні. Апошняе з’яўляецца цікавай вытворнай з права на свабоду выказвання, якое дае чалавеку магчымасць не толькі мець ці выказваць перакананні, але таксама і не рабіць гэтага.
Чаму наогул варта казаць пра парушэнне правоў людзей, якія выбіраюць тыя ці іншыя гвалтоўныя метады супраціву?
Правы і свабоды можна абмяжоўваць у некаторых выпадках, але нават калі віна чалавека ў самым страшным злачынстве даказаная ў судзе, ён усё адно з’яўляецца носьбітам пэўных правоў і свабодаў. Некаторыя з іх — напрыклад, свабода ад катаванняў — дзяржава не можа абмежаваць ні ў якім разе. Але вядома, што Дзяніса Дзікуна моцна збівалі пры затрыманні — гэта прамое парушэнне свабоды ад катаванняў, гарантаванае Канстытуцыяй (артыкул 25), МПГПП (артыкул 7) і УДПЧ (артыкул 5). Неўзабаве пасля затрымання з маладзёнам выклалі “пакаяльнае” відэа, што з’яўляецца прамым парушэннем прэзумпцыі невінаватасці (напрыклад, артыкул 26 Канстытуцыі).
Больш за тое — праваабаронцы падкрэсліваюць: калі дзяржава парушыла свае абавязкі падтрымліваць мір, бяспеку і належны правапарадак, грамадзяне вымушаныя здзяйсняць фармальна супрацьпраўныя дзеянні, каб абараніць свае правы і свабоды. Урад Лукашэнкі прыняў рашэнне ўдзельнічаць у вайне, не атрымаўшы падтрымкі большасці насельніцтва краіны. А гэта, у сваю чаргу, парушае права кожнага і кожнай браць удзел у вядзенні дзяржаўных справаў (арт. 25 МПГПП), а таксама права народа свабодна вызначаць свой палітычны статус і свабодна забяспечваць сваё эканамічнае, сацыяльнае і культурнае развіццё (арт. 1 абодвух Пактаў).
Такім чынам бачна, як пачатак вайны стаў моцным трыгерам для беларусаў і беларусак выказваць сваю нязгоду з дзеяннямі дзяржавы, што справакавала новую хвалю рэпрэсій. Кожны дзень камеры беларускіх ізалятараў папаўняюцца маладзёнамі, якія апублікавалі сторыз у падтрымку Украіны ці вывесілі жоўта-блакітны сцяг. Спявачку, якая выканала на вуліцы песню “Акеан Эльзы”, некалькі месяцаў пратрымалі ў СІЗА, і асудзілі да “хатняй хіміі”. Гэта паказвае, наколькі любое, нават самае мірнае “не”, сказанае вайне, улады могуць расцаніць як парушэнне закону.