Марш — у турму!
Дагэтуль адной з самых распаўсюджаных прычын затрымання беларусаў і беларусак з’яўляецца іх удзел у Маршах, якія праходзілі па ўсёй краіне ў 2020 годзе. Людзей пачалі затрымліваць як непасрэдна на пратэстах — некаторых з іх адразу абвінавацілі паводле крымінальных артыкулаў, і працягваюць затрымліваць цяпер — напрыклад, калі знаходзяць кагосьці на фотаздымках з Маршаў.
Два самыя папулярныя артыкулы, паводле якіх затрымліваюць за Маршы – артыкулы 293 і 342 Крымінальнага кодэксу. Вядома мінімум пра 504 чалавекі, якіх асудзілі паводле іх у 2022 годзе. Сярод іх вялікі адсотак моладзі, якая прагнула пераменаў і хацела дамагчыся, каб яе голас пачулі: вядома, што ў дэмакратычным грамадстве мірныя сходы — найлепшы сродак для гэтага.
Што не так?
Свабода мірных сходаў — адно з фундаментальных правоў кожнага чалавека. Яно не мусіць абмяжоўвацца ніякім чынам, акрамя выключных выпадкаў, звязаных з бяспекай: такія абмежаванні мусяць суправаджацца законам, які патлумачыў бы іх неабходнасць. У Беларусі гэтага не было зроблена, таму шматлікія арышты паводле артыкулаў 293 і 342 Крымінальнага кодэксу — грубае парушэнне артыкула 21 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах і 35 артыкула Канстытуцыі.
Кожны і кожная з фігурантаў і фігурантак справаў, падчас якіх судзілі за ўдзел у мірных пратэстах, сутыкнуўся з парушэннем права на справядлівы суд (напрыклад, артыкул 10 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека), некаторыя ўдзельнікі і ўдзельніцы былі пакараныя за адзін і той жа эпізод двойчы — паводле адміністрацыйнай і крымінальнай справы. Гэта таксама з’яўляецца грубым парушэннем заканадаўства.
Часта ўлады спрабуюць тлумачыць пакаранні пратэстоўцаў тым, што яны нібыта парушалі спакой іншых грамадзянаў і грамадзянак, а таксама выходзілі на дарогі і перашкаджалі рухацца грамадскаму транспарту — гэта палягло ў аснову шматлікіх абвінавачанняў па пратэсных артыкулах. Аднак згодна з Кіруючымі прынцыпамі свабоды мірных сходаў, магчымае абмежаванне руху транспарту ці перашкода іншым людзям не можа быць прычынай абмяжоўваць свабоду мірных сходаў. Таму што грамадская прастора ў той жа ступені належыць пратэстоўцам, што і транспарту ці іншым людзям, і выказаць сваё меркаванне іншым спосабам, не прыцягваючы ўвагу, немагчыма. Гэтаму таксама судзейнічаюць прынцыпы “чутнасці” і “бачнасці”, згодна з якімі мірныя пратэсты можна праводзіць такім чынам, каб мэтавая аўдыторыя, да якой звяртаюцца пратэстоўцы, чула і бачыла іх. Так, падчас Маршаў 2020 года для беларусаў і беларусак такімі мэтавымі групамі былі як іншыя людзі, так і прадстаўнікі і прадстаўніцы ўлады. За што ж судзяць моладзь, якая ўдзельнічала ў пратэстах?
Віталія Бандарэнка
20-гадовую Віталію асудзілі да чатырох гадоў зняволення за ўдзел у адным з брэсцкіх маршаў. Тады яе паранілі светлашумавой гранатай, а яна стала адзінай дзяўчынай, якую судзілі за той дзень.
Калі яна даведалася пра крымінальны пераслед удзельнікаў і ўдзельніц мірных сходаў, то спачатку з’ехала за мяжу, але неўзабаве вярнулася — праз тры дні яе затрымалі. Меркавана, яна хацела пабачыць сям’ю і свайго каханага хлопца Дзяніса Хазея, якога ў тыя дні судзілі паводле той жа крымінальнай справы.
На судзе Віталія казала, што кінула ў бок міліцыянтаў “кавалак зямлі”, які ні ў каго не патрапіў. Бабуля дзяўчыны распавядала пра яе: “Яна пайшла абараняць справядлівасць”.
Дэвід Масціцкі
22-гадовы Дэвід Масціцкі трапіў у турму на пяць з паловай год, бо аднойчы выйшаў на Марш. Хлопец стаў адным з самых маладых фігурантаў так званай “пінскай справы” — калі ў ноч з 9 на 10 жніўня жыхары Пінску, нязгодныя з вынікамі выбараў, якія абвесцілі ўлады, сабраліся каля мясцовага райвыканкаму і пасля правакацыі міліцыі далі адпор: нехта кінуў у бок супрацоўнікаў пластыкавую бутэльку, нехта — ударыў палкамі. Ніхто з іх не атрымаў сур’езных пашкоджанняў. Дэвід заяўляў на судзе, што толькі двойчы ўдарыў па міліцэйскім шчыце — гэта каштавала яму пяці з паловай гадоў волі. Вядома, што ў Дэвіда ёсць трохгадовае дзіця: хлопчыку было восем месяцаў, калі тату арыштавалі.
Хтосьці можа сказаць, што сходы такога кшталту не былі мірнымі, але кожны з такіх кейсаў супраціву мусіць разглядацца асобна — напрыклад, ці не было гэта самаабаронай ад непрапарцыйных дзеянняў міліцыянтаў?
Вядома, што фігурантаў “пінскай справы” збівалі пры затрыманні, а прысуды вынесеныя непрапарцыйна здзейсненаму.
Аляксандра Рыбчык
29-гадовую Сашу Рыбчык затрымалі за фотаздымак з Маршу, які яна выклала ў Tinder. На ім яна стаіць на дарозе з бела-чырвона-белым сцягам. Праўладныя каналы выклалі відэа, дзе дзяўчына адразу пасля затрымання прызнаецца ва ўдзеле ў масавых мерапрыемствах. Акрамя ўжо вышэй апісаных парушэнняў правоў, пераслед за фотаздымак у прыкладанні для знаёмстваў можна лічыць парушэннем права на свабоду меркавання (напрыклад, артыкул 33 Канстытуцыі), згодна якому любы чалавек можа не толькі мець меркаванне, выказваць ці не выказваць яго, але і распаўсюджваць інфармацыю, якую лічыць патрэбным.
На некалькіх прыкладах можна ўпэўніцца, што ўлада прыбрала пратэст з вуліц шляхам моцных рэпрэсій любога, хто так ці інакш трапіўся ёй на вочы. Маладзёнаў кідаюць за краты за фотаздымкі з Маршай у сацыяльных сетках, кнігах ці тэлефонах раней арыштаваных знаёмых. Судамі не бяруцца на ўвагу спасылкі абаронцаў на міжнародныя дакументы і Канстытуцыю Беларусі, згодна з якімі кожнаму і кожнай гарантаванае права выказваць сваё меркаванне, бяручы ўдзел у мірных сходах. Праз гэта цяпер удзельнічаць у акцыях пратэсту можна хіба што за мяжой — у Беларусі задушаная адна з самых фундаментальных свабодаў чалавека.