Як ствараць анімацыю ў Photoshop?
- Пакадравая анімацыя
- Анімацыя па ключавых кадрах
Photoshop — шматзадачны, шматфункцыянальны інструмент, які дазваляе ствараць прафесійныя анімацыі для візуальнага сторытэлінгу.
Паколькі барацьба ў медыяпрасторы ідзе перадусім за ўвагу, анімацыя дазваляе зачапіць вока чытача або чытачкі, якое найхутчэй рэагуе менавіта на аб’екты ў руху.
Функцыяналу Photoshop звычайна дастаткова, каб стварыць анімацыю, здольную не толькі прыцягнуць увагу да кантэнту, але таксама павысіць юзабіліці і дапамагчы чытачу ці чытачцы прасунуцца ў матэрыяле.
Для гэтага Photoshop дазваляе ствараць як анімацыю пакадравую, так і з выкарыстаннем ключоў. Разгледзім абодва варыянты, а вы вырашайце, які вам болей пасуе.
Пакадравая анімацыя
Гэты від анімацыі ствараецца з дапамогай кадраў, ролю якіх у Photoshop іграюць слаі.
Для пачатку задайце для дакумента, у якім будзеце рабіць анімацыю, памеры ў пікселях, прыдатныя для рэсурсу, куды змесціце анімацыю. Вядома, гэта можна зрабіць і ў самым канцы, але так вы рызыкуеце страціць важныя элементы анімацыі.
Улучаем рэжым пакадравай анімацыі.
Для гэтага ва ўкладцы «Вакно» выбіраем пункт «Шкала часу» (Timeline), якая з’явіцца пад фота. Пераканайцеся, што шкала знаходзіцца ў рэжыме пакадравай анімацыі. Кадрамі ў такой анімацыі, як мы ўжо зазначылі, выступаюць слаі, а рух ствараецца дзякуючы ўключэнню кожна слоя па чарзе. Таму спярша размясціце кожны фотаздымак серыі на асобным слоі ў храналагічнай паслядоўнасці.
Тут вашая галоўная задача — размясціць слаі такім чынам, каб пры пераключэнні кадраў атрымаўся цэлы кліп. Каб удала сумясціць адзін кадр з іншым, працуючы на пэўным слоі, уключыце папярэдні, часова змяніўшы празрыстасць. Так вы зможаце падагнаць выяву піксель у піксель.
Як толькі ўсё гатова, захоўваем анімацыю: «Файл» — «Экспартаваць» — «Для вэб»: там можна змяніць паказчыкі шуму і зярністасць. Захоўваем наш шэдэўр у фармаце GIF. Каб захаваць відэа, то-бок калі вашая анімацыя не зацыкленая, выбіраеце «Экспарт» — «Рэндар відэа» і выбіраеце ягоны фармат: для найлепшай якасці раім спыніцца на MOV. Для сацсетак, куды загрузіць цяжкі файл можа быць праблематычна, выдатна падыдзе MP4.
Калі анімацыю будзем рабіць, маніпулюючы з зыходнымі аб’ектамі выявы, спачатку нам варта перамясціць іх на асобныя слаі. Для вылучэння аб’ектаў зручна выкарыстоўваць прастакутнае або магнітнае ласо, а адправіць вобласць, якая атрымалася, на новы слой можна з дапамогай спалучэння клавіш CTRL+J. Далей можна пагуляцца з аб’ектам: дубляваць яго, перастаўляць, адлюстроўваць, уключыўшы опцыю «Трансфармацыя» ва ўкладцы «Рэдагаванне».
Каб дамагчыся эфекту пераходу выявы з размытай у выразную, прадублюйце некалькі разоў слой з аб’ектам і вызначце для кожнага слоя розны ўзровень размыцця. Атрыманую анімацыю можна зацыкліць, выбраўшы адпаведную опцыю ў таймлайне, а на апошнім кадры — затрымацца.
Каб зацыкліць анімацыю плаўна, зрабіце самы выразны кадр у сярэдзіне таймлайна, прадублюйце яго, каб крыху затрымаць, а потым зноў сыдзіце ў размыццё (апошні і першы кадры ў такім выпадку павінны быць аднолькава размытыя).
Анімацыя па ключавых кадрах
Каб стварыць анімацыю па ключах, у пункце «Шкала часу» пераключыцеся на «відэа».
Гэты від анімацыі прадугледжвае анімаванне ў канкрэтных слаях, якое будзе адбывацца за кошт перамяшчэння або змянення аб’ектаў на адным слоі.
Кожны са слаёў тут мае сваю стужку ў таймлайне, а значыць, усе элементы, якія вы збіраецеся анімаваць, неабходна перамясціць на асобныя слаі (або стварыць іх у розных слаях). Таксама слой, у якім працуем, пажадана зрабіць смарт-аб’ектам.
Расстаўляць ключавыя кадры проста. Напрыклад, працуючы ў слоі ў першым кадры, пастаўце ваш элемент у зыходнае становішча, а ў 10-м — у тое, якое ён павінен прыйсці праз 9 кадраў. Пасля зрабіце 10-ты кадр ключавым (гэта можна зрабіць, націснуўшы на трохкутнік побач з назвай слоя і затым выбраўшы значок секундамера).
Рух аб’екта з 1-га па 10-ты кадр Photoshop плаўна зробіць сам. Аналагічна расстаўляйце ключавыя кадры так, як патрабуе гэтага задума. Прарабіце тое ж самае на ўсіх слаях, якія будуць рухацца. Звярніце ўвагу, што чым далей ключы стаяць адзін ад аднаго, тым маруднейшы рух.
Такім чынам мяняць можна: становішча аб’екта, яго празрыстасць, форму, стылі, колеры. Калі замацоўваць ключавыя кадры, аб’ект можа плаўна перамяшчацца і трансфармавацца, з’яўляцца ў кадры і знікаць з яго. Усё залежыць ад вашай фантазіі і пастаўленай задачы.
Захоўваем такі кліп як відэа: «Файл» — «Экспарт» — «Рэндар відэа» і выбіраем прыдатны фармат.
Так што наперад да творчасці: дадавайце, выдаляйце, эксперыментуйце, а галоўнае — рабіце кліп па душы, і тады ён абавязкова знойдзе водгук у аўдыторыі.