Як ствараць візуал з дапамогай Canva?
- Выбіраем шаблон і фон
- Дадаем тэкст
- Падбіраем элементы
- Праца з фатаграфіямі
- Як стварыць анімацыю ў Canva?
- Як адаптаваць выяву ў Canva?
- Захаванне
Canva — універсальны інструмент для стварэння брэндаванага візуалу. З яго дапамогай зручна ствараць ілюстрацыі для відэа, інфаграфіку, рыхтаваць штогадовыя і штомесячныя справаздачы, рэзюмэ, фірмовыя бланкі, подпісы ў электронным лісце. На апошнія два пункты звярніце асаблівую ўвагу, бо гэта асноўныя элементы бясплатнай рэкламы.
Інтэрфэйс Canva даволі просты і інтуітыўна зразумелы.
Калі зойдзеце на сайт, вам адразу прапануюць выбраць шаблон, зыходзячы з таго, для чаго вы ствараеце візуал.
У Canva паводле змоўчання ўсталяваныя памеры шаблонаў, аднак калі вам патрэбны свой, напрыклад, для сайта або гугл-анкеты, для новых параметраў пастоў у сацсетцы, тут таксама можна яго замовіць.
У асноўным меню зверху выбіраеце «Памер, які наладжваецца», выбіраеце распазнаванне і памернасць.
Пасля таго як выбралі патрэбны шаблон, Canva накіруе вас у працоўнае меню з чыстым аркушам справа, дзе і будзеце ствараць візуал, і з функцыянальным меню злева, дзе можна абраць інструменты.
Чыстых аркушаў можна ствараць колькі заўгодна. Але калі вам трэба зрабіць серыю слайдаў у адным стылі, то раім стварыць гэты стыль на адным аркушы, і толькі потым прадубляваць яго на астатнія. Асобны чысты аркуш зручна таксама выкарыстоўваць як чарнавік і скідваць туды элементы. Аднак пра гэта крыху пазней.
Выбіраем шаблон і фон
Гатовых шаблонаў сэрвіс прапаноўвае вельмі шмат, а фон пэўнай тэматыкі можна таксама падабраць у «Пошуку».
Выбраць можна па любой тэме, напрыклад, «прырода», «эканоміка», «каранавірус», «конкурс» і г.д.
Калі карыстаецеся Canva даўно, сэрвіс падбірае шаблоны, якія спалучаюцца з вашымі папярэднімі запытамі. Шаблоны асабліва зручныя, таму што складаюцца з элементаў, большасць з якіх можна рэдагаваць.
Напрыклад:
Падбіраць колер
Мяняць памер
Для гэтага вам трэба вылучыць элемент і пацягнуць за яго краі.
Мяняць празрыстасць
Выбіраць гатовы шаблон, вядома, не абавязкова: выкарыстоўваць іх можна і як крыніцу натхнення. Калі хочаце пабудаваць візуал з нуля самастойна, можна проста падабраць колер фону (кнопка ў левым верхнім куце працоўнай вобласці).
Дадаем тэкст
Клікніце па інструменце «Тэкст» у меню злева і выбірайце патрэбны шрыфт.
У Canva шрыфты згрупаваныя па спалучальнасці: можна выбраць адразу групу для загалоўка, падзагалоўка і асноўнага тэксту. Аднак гатовую групу выбіраць не абавязкова.
Вылучыце ваш тэкст. У верхняй панэлі інструментаў з’яўляюцца “Эфекты”. Гэта эфекты, якія вы можаце прыкласці да вашага тэксту — зрабіць яго неонавым, дадаць цень або закругліць.
Падбіраем элементы
«Элементы» — самае сакавітае, што прапаноўвае дызайн у Canva. Звярніце ўвагу, што ёсць бясплатныя элементы, а ёсць пазначаныя надпісам pro, то-бок даступныя толькі ў платнай версіі сэрвісу.
Элементы па канкрэтных тэматыках таксама можна знайсці праз пошук.
Элементы падзеленыя на:
- лініі і фігуры,
- графіку,
- музыку,
- відэа,
- дыяграмы,
- рамкі.
Выкарыстоўвайце іх нестандартна. Напрыклад, злёгку зменшыўшы празрыстасць фігуры, можна зрабіць з яе стылёвую падложку пад тэкст. Як гуляцца з элементамі, залежыць ад вашага ўяўлення і мэтавага дызайну.
Любыя элементы, уключаючы тэкст, можна згрупаваць, каб працаваць з імі як з цэльным аб’ектам, або, калі яны згрупаваныя на зыходным шаблоне, разгрупаваць і мяняць як вы пажадаеце.
Не забудзьцеся, што на некаторых брэндаваных візуалах лепей дадаць лагатып вашай арганізацыі. Вы можаце загрузіць яго праз асноўны экран Canva ў раздзеле «Фірмовы стыль». Там жа можна выбраць карпаратыўныя колеры і шрыфты. Вядома, лагатып можна загрузіць у працоўным меню праз «Загрузкі», аднак у «Лагатыпах» ён будзе заўсёды пад рукой.
Праца з фатаграфіямі
У Canva можна як загрузіць свае выявы, перайшоўшы ў пункт меню «Загрузкі», альбо выбраць фота з фотастоку сэрвісу ў пункце меню «Фота».
Сэрвіс прапаноўвае магчымасць адрэдагаваць любое фота. Калі вы яго загрузілі, у акенцы зверху будуць прапанаваныя опцыі для працы з выявамі: базавыя наладкі, фільтры, эфекты, размыццё… Можна нават выдаліць фон! Прычым сэрвіс зробіць гэта аўтаматычна, вам не трэба самастойна аддзяляць аб’екты на фота, як у Photoshop (гэтыя опцыі ёсць толькі ў Pro-версіі).
Гэтая функцыя вельмі зручная, калі вы размяшчаеце на афішы чыйсьці фотаздымак.
Дастаткова дадаць фота ў “Загрузкі”, перанесці яго на працоўную прастору, а затым націснуць “Выдаленне фону”.
Як стварыць анімацыю ў Canva?
Кароткія дынамічныя анімацыі цяпер у трэндзе як у пастах, гэтак і ў сторыс. Можна дадаць з’яўленне тэксту або элементаў, а таксама зрабіць паўнавартаснае міні-відэа або гіфку.
Вы можаце знайсці частку анімацый у «Элементах».
Каб зрабіць ваш тэкст анімаваным, вам неабходна клікнуць на тэкст і перайсці ў опцыю «Анімацыя», якая з’явіцца ў працоўным меню зверху. Захоўваць дынамічныя элементы ў Canva можна як у mp4, так і ў gif.
Сэрвіс дае магчымасць зрабіць таксама пакадравую анімацыю. Для гэтага стварыце столькі старонак, колькі патрэбна, і змяняйце іх напаўненне, як у кадры. Затым абярыце працягласць паказу кожнага «кадру» і спампуйце ўсе старонкі ў gif або mp4. Так вашы кадры захоўваюцца ў адным файле.
Як адаптаваць выяву ў Canva?
Калі вашая афіша гатовая і яе трэба адаптаваць, напрыклад, для сторыс і пастоў, няма неабходнасці рабіць усё з нуля на кожным шаблоне (пра важнасць адаптацыі мы гаворым у гэтай лекцыі).
Для адаптацыі выберыце неабходную мэту (публікацыя, пост і г.д.), скапіюйце ўсю інфармацыю з пачатковага дакумента і ўстаўце ў новы. Далей — размяшчайце элементы такім чынам, як таго патрабуе фармат.
Захаванне
Захоўваць выявы Canva прапаноўвае ў разнастайных графічных і анімацыйных фарматах. Калі выява або серыя выяваў гатовыя, націсніце «Спампаваць» у правым верхнім куце і выбірайце фармат, памер, а ў платнай версіі можна таксама выбраць опцыю «празрысты фон».
Гатовыя дакументы заўсёды захоўваюцца ў вашым профілі ў раздзеле «Мае дызайны». Пры неабходнасці да іх можна вярнуцца, падправіць або стварыць новы візуал на іх падставе.
Карыснасці
Canva прапануе падрабязныя навучальныя артыкулы на тэмы маркетынгу, дызайну і фатаграфіі. Вы можаце іх знайсці ў шапцы сайта ў графе «Навучанне».