Падлеткі ў зняволенні
У Беларусі вядомыя выпадкі палітычнага пераследу падлеткаў, некаторыя з якіх сустрэлі 18-годдзе за кратамі. Некаторых з іх збівалі і катавалі, хаця адзінае, чаго яны хацелі дамагчыся, – гэта рэалізацыя сваіх правоў і свабодаў.
Паводле Канстытуцыі Беларусі і міжнародных дакументаў па правах чалавека, дзеці і падлеткі маюць такія ж правы і свабоды, як і дарослыя — за выключэннем хіба што выбарчых правоў. Аднак непаўнагадовыя — асобная катэгорыя людзей, якая мае патрэбу ў дадатковай абароне сваіх правоў, таму ААН у 1989 годзе прыняла Канвенцыю аб правах дзіцяці, да якой прыядналася Беларусь.
Згодна з гэтай канвенцыяй, важным прынцыпам у кантэксце палітычнага пераследу непаўнагадовых у Беларусі апынаецца прынцып найлепшага забеспячэння інтарэсаў дзіцяці, а таксама паважанне поглядаў дзіцяці. Згодна з першым, прымаючы рашэнне наконт дзяцей і непаўнагадовых, дарослыя заўсёды мусяць улічваць інтарэсы дзіцяці. Згодна з другім, пры гэтым таксама неабходна прыслухоўвацца да меркавання дзіцёнка. У Беларусі ж складваецца сітуацыя, калі дзіцёнак не тое што не атрымлівае дадатковую абарону — ён пазбаўлены і базавай: вядома пра выпадкі зняволення без неабходных прычынаў 16-17-гадовых маладзёнаў, дзеці становяцца метадам ціску на бацькоў.
Акрамя іншага, канвенцыя падкрэслівае, што кожнае дзіця мае права на ўдзел у жыцці грамадства, быць грамадзянінам ці грамадзянкай, а таксама сустракацца і абменьвацца інфармацыяй, свабоду думкі і сумлення — пераследуючы маладзёнаў па палітычных матывах, дзяржава парушае свае пагадненні ў гэтых рэчышчах. Таксама кожнае дзіця мае права на абарону ад жорсткага абыходжання і прыгнёту, а таксама на абарону і павагу ў судзе. Аднак вядома, што некаторых непаўнагадовых збівалі пры затрыманні, іх правы і свабоды ў судзе таксама не выконваліся належным чынам.
Пераслед за ўдзел у Маршах
Часцей за ўсё ўлады пераследуюць маладзёнаў за ўдзел у Маршах цягам 2020 году, тым самым парушаючы іх права на свабоду мірных сходаў. Яна гарантаваная Канстытуцыяй (35 артыкул) і Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах (21 артыкул), які на той момант быў ратыфікаваны краінай.
Напрыклад, хворага на эпілепсію Мікіту Залатарова затрымалі, калі яму было ўсяго 16 гадоў. Спачатку яму прысудзілі пяць гадоў выхаваўчай калоніі, потым судзілі яшчэ паводле адной крымінальнай справе, а летам 2022 году перавялі з выхаваўчай у папраўчую калонію. Акрамя іншага, Мікіта скардзіўся на катаванні, у тым ліку, з прымяненнем электрашокера — гэта прамое парушэнне свабоды ад катаванняў, права чалавека, якое нельга абмяжоўваць ні ў якім разе. Да таго ж у калоніі няма дастатковых умоваў, каб забяспечыць хвораму маладзёну рэалізацыю яго права на здароўе.
Пераследу за ўдзел у мірных сходах таксама пазбавілі волі і Сяргея Гацкевіча. 17-гадоваму падлетку вынеслі прысуд, згодна з якім ён мусіць правесці тры гады ў выхаваўчай калоніі за ўдзел у адным мірным сходзе ў Брэсце.
За адзін са жлобінскіх Маршаў непаўнагадовага Леона Салдаценку асудзілі на паўтара года “хатняй хіміі”.
Пераслед за словы і “здзек з нацсімвалаў”
Часта падлеткаў судзяць і паводле так званых “дыфамацыйных” артыкулаў, якія звязаныя з пераследам за словы, каментары, сарваныя дзяржаўныя сцягі, якія ўлады ўспрымаюць як абразы і здзекі. Сапраўды, свабода выказвання меркавання (артыкул 19 МПГПП і артыкул 33 Канстытуцыі) можа і мусіць быць абмежаваная, але ў кожным выпадку суд мусіць разглядаць кожны кейс асобна, улічваючы шэраг фактараў, праводзячы глыбокую экспертызу. Да таго ж, варта памятаць пра прапарцыйнасць пакаранняў, а таксама што на лаве падсудных — падлеткі.
Гэта наўрад ці робіцца, таму што праваабаронцам вядомы шэраг выпадкаў прыцягнення да крымінальнай адказнасці за такія артыкулы непаўнагадовых. 16-гадовага Аляксандра Несцярука пакаралі абмежаваннем волі на паўгода за сарваны сцяг з Дому культуры, а прысуд 16-гадоваму Аляксандру Належынскаму за каментар у бок Лукашэнкі застаецца невядомым.
Ціск на сваякоў
Дзяржава таксама выкарыстоўвае падлеткаў як метад ціску на сваякоў. Так, 15-гадовы юнак Арцём Вайцяховіч — брат адміністратара тэлеграм-канала пра супольнасць чыгуначнікаў Беларусі. Арцёма затрымалі, каб прымусіць брата адмовіцца ад сваёй дзейнасці, абвінавацілі паводле крымінальнай справы і адправілі ў СІЗА. Ён не толькі быў пазбаўлены дадатковай абароны свайго дзяцінства, але таксама быў адвольна затрыманы.
Вядома таксама, што 16-гадовага Святаслава — сына палітзняволенай журналісткі Ларысы Шчыраковай — пасля затрымання маці накіравалі ў прытулак, хаця былі сваякі, гатовыя апекавацца хлопцам. Маладзёна выпусцілі з прытулку, толькі калі з Навасібірску прыехаў яго бацька.
Паводзіны дзяржавы такога кшталту таксама супярэчаць прынятай Канвенцыі аб правах дзіцяці, бо згодна з ёй улады мусяць выкарыстоўваць усе правы толькі для выгады і на карысць дзіцяці, забяспечыць кожнаму і кожнай абарону і клопат. Але па факце мы бачым выключны пераслед маладосці за любую нязгоду з палітыкай уладаў.