Што адбываецца ў камунікацыйных палях?

Што адбываецца ў камунікацыйных палях?

Як жыве інтэрнэт-прастора ў 2022 годзе, як жывуць сацсеткі, куды нам падацца, на што звярнуць увагу?  Пра ўсё гэта даведаецеся ў матэрыяле, што размешчаны ніжэй.

Цяпер сацсеткі — гэта нашмат больш, чым проста інструмент. І асабістыя блогі нашмат большыя, чым маркетынгавы інструмент. Не толькі таму, што яны з’яўляюцца сродкам камунікацыі і выказвання свайго меркавання. Як мы памятаем, у Беларусі незалежных СМІ засталося “на два дні”, таму людзі сталі шукаць інфармацыю праз сацыяльныя сеткі, блогі, чаты, г.зв. сацыяльнае кам’юніці. І таму выключна важна зараз развіваць асабістыя блогі і блогі нейкіх лакальных ініцыятыў.

Як стварыць свой асабісты блог з самага пачатку

Маркетынг у сацыяльных сетках – гэта прасоўванне прадукта. Але важна памятаць, што прадукт – гэта не толькі нешта матэрыяльнае, фізічнае. Гэта ў тым ліку інфармацыя, веды і досвед. Раз іх прасоўваць, гэтак жа можна іх прадаваць. Прадаваць у сэнсе прапаноўваць іншым людзям, каб яны гэтым карысталіся, неабавязкова за грошы.

Тры асноўныя кіты, на якіх грунтуюцца сацсеткі – гэта абазнанасць, лаяльнасць да брэнду і стварэнне супольнасці вакол яго. 

Памятайце, што пра вас ніхто не даведаецца, пакуль вы самі пра сябе не распавядзеце. Аніхто не будзе набываць прадукт, пакуль вы пра яго не заявіце. Лепш за ўсё заяўляць у 2022-м годзе праз сацсеткі.

Людзі заўсёды набываюць альбо наведваюцца некуды з двух нагодаў – рацыянальных і эмацыянальных.

Рацыянальныя:

  • добры кошт;
  • добрая якасць;
  • добрыя водгукі;
  • неабходнасць.

І не важна, што гэта: інфапрадукт, лекцыя ці фізічны прадукт (крама адзення).

Эмацыянальныя:

Прыклад: у 2020-м годзе людзі набывалі мерч з Пагоняй. Чаму? Бо іх перапаўнялі моцыі. Людзі добра набываюць некаторыя прадукты, бо яны нагадваюць ім дзяцінства або людзі думаюць, што гэта прынясе ім шчасце і радасць. Гэтым займаюцца спецыялісты_кі, якія ствараюць рэкламу прадукта альбо брэнда. Але калі вы невялікі_ая блогер_ка, тады, на жаль, вам прыйдзецца займацца гэтым самастойна. І думаць пра тое, на якія кропкі ў падпісантаў_ак трэба націснуць, каб яны прыйшлі на ваш івэнт, канал, Youtube-канал. І гэта заўсёды трэба прапісваць у самую першую чаргу. Нават раней, чым пазіцыянаванне. Калі ўсе кажуць, што трэба пачаць з шапкі профілю – гэта няпраўда. Спачатку вы павінны прапісаць, чаму чалавек павінен да вас прыйсці.

Трошку статыстыкі

42 адсоткі беларусаў_ак – карыстальнікі_цы сацсетак. З 9,5 мільёнаў жыхароў РБ – 7,82 мільёны – інтэрнэт-карыстальнікі_цы. 95% карыстаюцца сацсеткамі з мабільных прыладаў. Таму ў асноўным мы з вамі выкарыстоўваем такі фармат узаемадзеяння, камунікацыі, які будзе зручна глядзець з мабільных тэлефонаў. Мы адыходзім ад фармату вялізных тэкстаў, часцей выкарыстоўваем відэафармат, таму мы пераходзім у TikTok, як прыклад.

Пра выбар платформы ў 2022 годзе

Выбар платформы залежыць ад таго, што вам бліжэй самім, што вы часцей за ўсё глядзіце. Калі вы глядзіце шмат Youtube-каналаў, то вам і будзе прасцей весці Youtube-канал. Калі вы глядзіце TikTok, вам вельмі лёгка будзе весці TikTok, вы вельмі хутка зразумееце, што там да чаго.

Калі вы збіраецеся працаваць з нейкай канкрэтнай платформай, і вы з ёй незнаёмыя, перш чым пачаць, калі ласка, сфармуйце сваю гісторыю праглядаў.

Важна глядзець, як робяць астатнія. Асабліва ў TikTok, які даруе плагіят. Гэта адзіная сацсетка, якая даруе плагіят. Калі ласка, не рабіце плагіят у Instagram, не капіюйце чужыя тэксты, не паўтарайце чужыя фоткі. А ў TikTok усё, што не забаронена – усё дазволена. Там можна перазняць адзін у адзін відэа, якое вам спадабалася, пад музыку, якая вам спадабалася – і ўсё будзе добра. Таму выбар платформы за вамі.

Што важна трымаць у галаве, калі вы ведзяце сацсеткі ініцыятывы. У аснове стратэгіі любой сацсеткі ляжаць чатыры ўзроўні мэты:

  • бізнэс-задачы альбо некамерцыйныя задачы (тое, што тычыцца НДА);
  • маркетынгавыя задачы;
  • камунікацыйныя задачы;
  • медыямэты.

Пачнем з бізнэс-задач.

Бізнэс-задачы – гэта, напрыклад, павялічыць колькасць людзей, якія альбо праглядаюць вашую сацсетку, альбо прыходзяць да вас, альбо пачынаюць у вас валантэрыць на 20%. Дакладныя лічбавыя задачы. А яшчэ бізнэс-задача – заняць галоўную пазіцыю на рынку ў сваім сегменце. Заўсёды важна памятаць, што любую сацсетку вы вядзеце не дзеля таго, каб весці, а для таго, каб зрабіць вашу некамерцыйную арганізацыю лепшай і вывесці яе на першыя пазіцыі. 

Другі ўзровень – гэта маркетынгавыя мэты.

Гэта павелічэнне колькасці падпісантаў_ак, якія з’яўляюцца вашай аўдыторыяй, для таго, каб яны ўдзельнічалі ў вашых некамерцыйных праектах. Павелічэнне базы кліенцкай, г.зн. людзей, якія будуць прыходзіць на вашыя лекцыі, івэнты, карыстацца вашымі прадуктамі, якія вы стварылі ў рамках праекта і г.д. 

Наступнае – гэта камунікацыйныя мэты.

Тут павялічваецца колькасць пазітыўных водгукаў пра вас, распаўсюджваецца фірмовы хэштэг. 

Далей пра пазнавальнасць брэнда у сацсетках.

Людзі, якія бачаць вас у TikTok, пабачыўшы вас у Instagram, пазнаюць вас і там. Таму, дарэчы, трэба прытрымлівацца аднолькавай стратэгіі ва ўсіх сацсетках. Нельга ў Instagram распавядаць пра лекцыі, а ў TikTok паказваць вандроўкі па горадзе. Тады вы будзеце непазнавальныя. І пажадана выкарыстоўваць аднолькавы візуал. Гэта таксама вельмі важна і належыць да камунікацыйных мэтаў. Каб людзі вас бачылі, прыходзілі да вас, гутарылі, запаміналі вас.

Бясплатнае прасоўванне – гэта ўтопія? 

Насамрэч, тое, што нам пакінуў Instagram, які вельмі накіраваны на тое, каб вы ўкладалі ў яго свае грошы, – гэта ўзаемапіяр. Напрыклад, умоўная Даша прарэкламавала ўмоўную Машу. Умоўная Маша парэкламавала яе ў адказ. Але тут нам важна памятаць, што ў вас павінны быць аднолькавыя мэты і каштоўнасці і прыкладна аднолькавы ахоп, нават не колькасць падпісантаў_ак, а менавіта ахоп. Бо вас павінна глядзець прыкладна роўная колькасць людзей. 

Цяпер сацсеткі працуюць на хітрых алгарытмах. За імі стаіць штучны інтэлект, які адсочвае, наколькі вы актыўныя ў гэтай сацсетцы. І калі вы яе рэгулярна вядзеце, тады ён робіць так, што сістэма змяшчае вашае сторыз-вакенца ўсё больш і больш улева. Натуральна, тады людзі вас глядзяць часцей.

Паводле статыстыкі, людзі праглядаюць прыкладна першыя 10 сторыз, калі яны не занятыя, і прыкладна першыя 3, калі яны занятыя.

Чым бліжэй вы да левага краю, тым больш вашых падпісантаў_ак вас пабачаць. Калі вы не актыўнічаеце – вас не бачна. Таму выкладайце сторыз, вядзіце сторытэлінг. Сторыз больш важны складнік, чым пасты.

Пра TikTok. 2-3 відэа на тыдзень – гэта вельмі мала. 2-3 на дзень – і тады за тыдзень у вас будзе 1000 падпісчыкаў_чыц, а за месяц – 10.000 падпісчыкаў_чыц.

TikTok не важна якасць вашага кантэнта, яму важна колькасць вашага кантэнта.

Таму ўсё, што вы бачыце забаўным, усё, што вам адгукаецца – пераздымайце, паўтарайце, прыдумляйце сваё, паказвайце жыццё. 

Што не працуе у Instagram

Не працуюць розыгрышы

Калі ласка, не ўкладайце ў гэта ані часу, ані грошай, ані сілаў. Вы можаце далучыцца да розыгрышу, падарыць вандроўку альбо айфон, але да вас прыйдуць людзі, якія хочуць вандроўку альбо айфон. Проста па сканчэнні розыгрышу яны ад вас сыйдуць. Алгарытмы Instagram з’едуць з глузду. Яны пабачаць рэзкі прыток і адток падпісантаў_ак, вырашаць, што вы накруцілі ботаў і заблакуюць вас. Гэта самы горшы варыянт. Варыянт больш просты – да вас прыйдуць людзі, потым яны адпішуцца, аўдыторыя застанецца няякаснай, вы выкінеце добрую суму грошай, якую маглі б патраціць разумна на таргет.

Накручванне ботаў 

Прыклад: у чалавека амаль 85 000 падпісантаў_ак, але бачым у яго 672 лайкі. Зразумела, адсотак тых, хто яго глядзіць – невялікі. Чым больш падпісантаў_ак, тым ніжэй ахопы – гэта норма, так быць павінна, але тут маем жахліва нізкі ахоп. У мікраблогераў_ак ахоп можа складаць ад 50 да 300 адсоткаў. Як больш, так і менш. У вялікіх блогераў_ак можа быць нават менш – гэта нармальна. 10% ад мільёна – гэта добрая колькасць людзей.

Instagram дазваляе хаваць лайкі. Таму, калі вы раптам з нейкай нагоды рэкламуецеся ў блогера_кі, – калі ласка, пытайцеся ў яго_яе статыстыку за вызначаны перыяд, яе, вядома, можна падрабіць, але добрыя блогеры_кі так не робяць і статыстыку паказваюць.

Як часта патрэбны сторыз і пасты ў Instagram?

Сторыз трэба рабіць штодзённа, каб вас было бачна. Выпрацоўвайце звычку рабіць 2-3 сторыз на дзень. З кожным_ай з нас за дзень нешта здараецца, малая інфанагода, якую мы абмяркоўваем з сябрамі_камі. Чаму б яе не выкласці? 

Алгарытмы Instagram лічаць колькасць праглядаў, падзеленую на колькасць дзён. То бок, калі ў вас 1000 праглядаў, але раз на 3 дні, то ён паказвае ахоп 300. Таму лепш ствараць менш кантэнту, але часцей. У сторыз больш важная колькасць і штодзённасць, але важна памятаць, што якасць вашай аўдыторыі больш важная за яе памер. Лепш, калі ў вас будзе 300 чалавек, але жывых, чым калі ў вас будзе 10 000, але… Навошта вам гэта? 


Памятайце, што лаяльнасць ад аўдыторыі маюць тыя, хто хутчэй адказвае на паведамленні. Падтрымлівайце лаяльнасць, размаўляйце з падпісчыкамі_цамі. Калі чалавек нешта адкаменаваў і нешта напісаў_ла, пастаўце яму_ёй сардэчка. Часта людзі проста вас чытаюць, ведаюць, маюць адчуванне, быццам вы іх ведаеце таксама. Адзначайце, калі ласка, такіх людей, лайкайце паведамленні гэтых людзей.