Чаму гісторыя Дар’і Лосік — больш, чым проста пра жонку блогера?

Чаму гісторыя Дар’і Лосік — больш, чым проста пра жонку блогера?

Дар’я Лосік — палітзняволеная, жонка асуджанага да 15 гадоў калоніі палітзняволенага блогера Ігара Лосіка. Амаль два месяцы таму яе таксама затрымалі, папярэдне вядома, што яе абвінавацілі ў “садзейнічанні экстрэміскай дзейнасці”: фармальна нагодай для гэтага стала яе інтэрв’ю “Белсату”. Чатырохгадовая дачка Ігара і Дар’і Паўліна засталася з бабуляй.

Аднак Дар’я — не проста “жонка Ігара Лосіка”. Гэта мужная жанчына, якая адстойвала свае правы і правы свайго мужа, нават калі гэта падавалася немагчымым. Для гэтага яна выкарыстоўвала шэраг сродкаў.

Апублічанне інфармацыі

Фармальнай нагодай для затрымання Дар’і стала яе інтэрв’ю тэлеканалу “Белсат”, які ў Беларусі прызнаны “экстрэмісцкім фармаваннем”. Пакуль жанчына была на волі, яна ніколі не маўчала і імкнулася апублічваць інфармацыю адносна сітуацыі з яе мужам — два ягоныя галадаванні, спробу самагубства, а таксама імкненні псіхолага СІЗА падштурхнуць Ігара да новай спробы скончыць жыццё. Яна лічыла апублічанне сродкам звярнуць увагу на сітуацыю з палітзняволенымі, а таксама зматываваць людзей на падтрымку.

Таксама Дар’я Лосік адкрыта звярталася да Аляксандра Лукашэнкі. Яна прапаноўвала яму абмяняць сябе на мужа, а калі на гэта не было ніякай рэакцыі — сустрэцца. У відэа яна прапанавала Лукашэнку сустрэцца, даказаўшы, што ён не баязлівец: “Вы можаце пасадзіць мяне ў адзін з вашых таніраваных мікрааўтобусаў, прыставіць да скроні пісталет і ў рэжыме поўнай ананімнасці вывезці туды, куды вам будзе заўгодна. Чаго ж вы баіцеся?”

У зваротах Дар’я апелявала да артыкулаў 33 і 35 Канстытуцыі, якія гарантуюць кожнаму грамадзяніну краіны не толькі свабоду меркаванняў і перакананняў — у тым ліку, гэта датычыцца і іх распаўсюду — а таксама свабоду мірных сходаў. Менавіта за рэалізацыю гэтых праў жанчына і была адвольна затрыманая. Яны таксама гарантаваныя артыкуламі 19 і 21 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, які дзяржава яшчэ не дэанансавала на момант затрымання Дар’і. Такім чынам, адвольна затрымаўшы дзяўчыну, улады парушылі не толькі Канстытуцыю краіны, але і міжнародныя дамовы.

Галадаванне ў знак салідарнасці

Калі ў снежні 2020 года Ігар Лосік пачаў галадаваць у знак пратэста супраць новых абвінавачанняў, Дар’я Лосік далучылася да галадавання мужа. Пасля спаткання з мужам яна была перакананая: “Ігар кажа, што кожная яго пасадка ў ШІЗА будзе суправаджацца дзеяннямі з яго боку. А я ад сябе скажу так — кожнае дзеянне з боку Ігара будуць суправаджаць і мае дзеянні”.

Аднак галадоўка — не толькі знак салідарнасці з мужам. Гэта крытычны, але вельмі моцны інструмент для прыцягнення ўвагі да праблемы ва ўмовах абмежаваных магчымасцяў, калі нічога не дапамагае дамагчыся справядлівасці. Аб’явіўшы гададоўку, Дар’я не толькі была побач з мужам, але і ў разы павялічыла ўвагу да сітуацыі.

Мірныя пікетаванні

Суд над Ігарам Лосікам зрабілі закрытым: гэта значыць, што ў залю пасяджэнняў нікога не пускалі. Але каб быць побач з мужам, кожны дзень прыходзіла пад будынак гомельскага СІЗА, дзе судзілі яе мужа, і сядзела на лаўцы. У першы дзень такога дзяжурства падтрымаць яе прыйшлі дыпламаты Еўразвязу, ЗША і Вялікабрытаніі: так сваім учынкам Дар’я дамаглася розгаласу і падтрымкі на міжнародным узроўні.

Ёй пагражалі затрыманнем, аднак яна працягвала заставацца каля суда. Гэта можна лічыць рэалізацыяй права на мірныя сходы, бо адзіночныя пікеты падобнага кшталту таксама трапляюць пад дзеянне артыкула 35 Канстытуцыі, а таксама артыкула 21 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Да гэтага ж можна прылічыць шпацыры Дар’і па Баранавічах у джынсоўцы, на спіне якой быў намаляваны партрэт Ігара.

Юрыдычныя механізмы

Акрамя гучных публічных дзеянняў, Дар’я таксама выкарыстоўвала і юрыдычныя інструменты і нават дамаглася некаторага поспеху. Напрыклад, пасля таго, як жанчына напісала скаргу на начальніка ўпраўлення Дэпартаменту выканання пакаранняў МУС, калі ёй не хацелі паведамляць, у якую папраўчую ўстанову перавялі мужа пасля суда, у яе атрымалася даведацца месца ўтрымання мужа. Таксама падчас галадоўкі Ігара яна збірала асабістыя паручальніцтвы за мужа — у Следчы камітэт іх адправілі, напрыклад, два святары. У публічнай прасторы больш няма ўзгадак пра тое, якія яшчэ прававыя інструменты выкарыстоўвала жанчына, аднак можна выказаць здагадку, што пералічаным шэрагам яна не абмежавалася.

Падтрымка з-за кратаў

І нават з-за кратаў Дар’я дзеліцца промнямі сваёй мужнасці, выказваючы падтрымку тым, хто застаецца на волі. “Не переживайте сильно за меня. Все осталось так же, просто я теперь с обратной стороны этого всего. Обняла!” — паштоўка з такім тэкстам прыйшла ад Дар’і 27 кастрычніка. Улічваючы актыўную пазіцыю Дар’і на волі, яе арышт выклікаў розгалас сярод еўрапейскіх дыпламатаў. Так, сімвалічны хросны Ігара Лосіка ўзяўся апекавацца і Дар’яй праз два дні пасля яе затрымання.

Такім чынам, Дар’я Лосік не пабаялася прыцягнуць увагу ўсяго света да затрымання свайго мужа, выказваючы пры гэтым моцныя асабістыя якасці. За сваю пазіцыю цяпер яна знаходзіцца за кратамі.


Падтрымаць яе можна лістамі салідарнасці, пасылкамі і грашовымі пераводамі можна па адрасе: СІЗА-7. 224030, г. Брэст, вул. Савецкіх памежнікаў, 37. Дар’я Аляксандраўна Лосік.

У сваю чаргу, Беларускі нацыянальны маладзевы савет «РАДА» накіруе спецыяльны зварот у профільныя праваабарончыя інстытуты ААН з заклікам звярнуць увагу на беззаконне, якое адбываецца ў Беларусі, а таксама ўсімі магчымымі спосабамі ў найкарацейшыя тэрміны вызваліць Дар’ю Лосік!


Make peace not war? Як дзяржава пераследуе моладзь за тое, што яна супраць вайны

Марш — у турму! Як улады пераследуюць удзельнікаў_ніц мірных сходаў?