Пераслед за салідарнасць

Пераслед за салідарнасць

Цягам апошніх гадоў маладыя беларусы_кі сталі ўсё больш актыўна праяўляць не толькі сваю пазіцыю, але і салідарнасць. Неабыякавасць да чужога гора прывяла маладзёнаў да розных форм валанцёрства: дзясяткі, калі не сотні людзей дапамагалі каля Акрэсціна, развозілі воду на Маршах, а цяпер дапамагаюць сем’ям палітзняволеных, пішуць лісты салідарнасці і рознымі спосабамі праяўляюць сваю пазіцыю.

Салідарнасць — гэта аснова пабудовы шчыльных гарызантальных сувязяў. Цягам некалькіх год беларусы_кі ўпэўніваюцца ў гэтым кожны дзень. Аднак менавіта такая самаарганізацыя і пужае ўлады: актыўныя маладзёны, якія гатовыя аб’ядноўвацца дзеля агульнай мэты заўсёды былі небяспекай для аўтарытарных рэжымаў. Таму ўлады пераследуюць валанцёраў_ак: тых, хто назірае за судамі, дапамагае палітвязням, далучаецца да камандаў апазіцыйных дзейнай уладзе штабаў кідаюць за кратамі, каб задушыць салідарнасць.

Уладзіслаў Карэцкі

27-гадовага валанцёра штабу Віктара Бабарыкі асудзілі да пяці гадоў калоніі не толькі за ўдзел у мірным сходзе, што з’яўляецца парушэннем ягонай свабоды мірных сходаў (артыкул 35 Канстытуцыі). Таксама яго разам з трыма іншымі валанцёрамі штабу Бабарыкі абвінавацілі ў тым, што для “падрыхтоўкі” людзей да ўдзелу ў Маршах ён набываў лазерныя ўказкі, запальніцы і піратэхнічныя вырабы. На судзе Карэцкі распавядаў, што быў на мірных пратэстах супраць фальсіфікацый вынікаў прэзідэнцкіх выбараў і бачыў, што ніхто з пратэстоўцаў не чыніў гвалт. Ён патлумачыў, што хацеў аказваць дапамогу пацярпелым, таму купіў малако, пітную ваду, а таксама бінты, перакіс вадароду і нашатырны спірт. Цяпер на палітвязня аказваецца вельмі моцны ціск: яго пастаянна змяшчаюць у ШІЗА, а нядаўна высвятлілася, што яго збіраюцца перавесці на турэмны рэжым.

Антаніна Канавалава 

35-гадовая Антаніна Канавалава  — давераная асоба Святланы Ціханоўскай, актывістка руху «Краіна для жыцця». Яе асудзілі да пяці з паловай гадоў калоніі па тых жа артыкулах, што і Уладзіслава Карэцкага. Вядома, што ў 2020 годзе Антаніна была валанцёркай штабу Святланы Ціханоўскай: збірала подпісы ў яе падтрымку, а пасля таго, як Ціханоўскую зарэгістравалі кандыдаткай у прэзідэнты, арганізоўвала сустрэчы з выбаршчыкамі і выбаршчыцамі. Адну з сустрэчаў з падпісантамі і падпісанткамі тэлеграм-канала “Армія з народам” і паставіле Антаніне ў віну, прычым з тэкста абвінавачання невядома, ці ставілася Антаніне ў віну адміністраванне канала, ці проста спрычыненне да ягонай дзейнасці. Аднак абвінавачанне ўзгадвала, што яны лічаць “навучаннем” пратэстам у тым ліку размяшчэнне вядомай метадычцы Шарпа аб мірным і негвалтоўным супраціве. На волі ў Канавалавай засталося двое дзетак: асцерагаючыся пераследу, маці Антаніны выехала з імі замяжу. Цяпер яны ўдзельнічаюць у акцыях салідарнасці, спрабуючы падтрымаць маму з татам (бацька дзетак таксама быў асуджаны паводле той жа справы).

Такім чынам, відавочна, што Антаніну пераследуюць за актыўны ўдзел у грамадскім жыцці — хаця гэтае права гарантаванае ёй, згодна з Канстытуцыяй і міжнароднымі пагадненнямі, якія ратыфікавала Беларусь. Пра гэта сведчыць, напрыклад, артыкул 34 Канстытуцыі Беларусі. Яна не зрабіла нічога супрацьзаконнага, аднак выказванне сваіх палітычных поглядаў дзяржава палічыла злачынствам, як і распаўсюд інфармацыі пра негвалтоўныя метады супраціву.

Ці абароненая салідарнасць міжнароднымі пагадненнямі?

Першасна трэба падкрэсліць, што актывісты_кі і валанцёры_кі маюць такія ж правы і свабоды, якія гарантаваныя кожнаму_ай у грамадстве. Сярод іх ёсць і тыя, якія абараняюць выказванне актыўнай пазіцыі і салідарнасці. Напрыклад, свабодны распаўсюд свайго меркавання альбо ўдзел у мірных сходах, якімі маладзёны карыстаюцца для выказвання салідарнасці, гарантаваныя Канстытуцыяй і Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах. Гарантаваныя і правы аб’ядноўвацца і актыўна ўдзельнічаць у грамадскім жыцці краіны, што таксама можа агучвацца як у тым ліку абарону валанцёрства.

Разам з тым існуе Дэкларацыя пра правы і абавязкі асобаў, групаў і органаў грамадства заахвочваць і абараняць агульнапрынятыя правы чалавека і асноўныя свабоды, якую часта называюць “Дэкларацыяй аб праваабаронцах”. У выпадку пераследу дзяржавай моладзі, якая актыўна ўключылася ў салідарнасць з рэпрэсаванымі людзьмі і прасоўванню дэмакратычных каштоўнасцей, можна прылічваць іх да тых, хто таксама трапляе пад абарону такога пагаднення.

Згодна з ім, кожны чалавек мае права індывідуальна ці сумесна з іншымі развіваць і абмяркоўваць новыя ідэі і прынцыпы, якія датычныя правоў чалавека, і дамагацца іх прызнання. У дакуменце таксама ідзе гаворка і пра права ўдзельнічаць у дзейнасці розных арганізацый і дзейнічаць рознымі метадамі ў абарону правоў чалавека: напрыклад, распаўсюджваць інфармацыю пра іх ці прыцягваць увагу грамадскасці да пытанняў выканання правоў і свабодаў.

Аднак мы жывем у час, калі любое дзеянне — нават напісанне лістоў за краты ці агучванне самога факта існавання палітзняволеных у краіне — можа ўспрымацца дзяржавай як небяспека для сябе. Гэта ставіць пад пагрозу існаванне ў Беларусі валанцёрства і праявы любой салідарнасці сярод моладзі. 


Марш — у турму! Як улады пераследуюць удзельнікаў_ніц мірных сходаў?

Чаму гісторыя Дар’і Лосік — больш, чым проста пра жонку блогера?