За што сядзіць у турме беларускае студэнцтва?

За што сядзіць у турме беларускае студэнцтва?

Амаль тры месяцы таму вызваліліся дзесяць чалавек, якія цалкам адбылі тэрміны па «Справе студэнтаў_к». Дзесяць маладых людзей апынуліся за кратамі толькі за нязгоду з рэжымам Беларусі.

Аднак «справа студэнтаў» – гучны, але далёка не адзіны кейс рэпрэсій у студэнцкай суполцы. Маладзёнаў затрымліваюць, адлічваюць з устаноў адукацыі, саджаюць на “суткі”. Фігурантамі і фігуранткамі крымінальных справаў палітычнай накіраванасці сталі больш за 50 студэнтаў і студэнтак: у іх скралі вучобу, сяброў і сябровак, годы маладосці. Таму сёння мы распавядзем пра некалькі менш вядомых выпадкаў жорсткага неабгрунтаванага пераследу студэнтаў і студэнтак беларускімі ўладамі.

Студэнтка, якая наклеіла налепку

Рыта Зотава

21-гадовую Рыту Зотаву асудзілі да двух гадоў калоніі, бо па дарозе з вечарыны ў родным Чачэрску яна наклеіла налепку на слуп за кампанію са знаёмымі. Да затрымання дзяўчына вучылася на псіхолага ў ГДУ імя Францішка Скарыны. Следства палічыла, што налепкі, якія расклеілі Рыта і яе знаёмыя, зняважылі сілавікоў. Аднак яе судзілі паводле артыкулаў аб дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак, і за “апаганьванне будынкаў”. Аднак свабодай выказвання меркавання, якая гарантуецца Канстытуцыяй Беларусі (артыкул 33) і Усеагульнай дэкларацыяй правоў чалавека (артыкул 19), лічыцца не толькі выказванне меркавання, але і ягоны распаўсюд — чым, па сутнасці, і займалася Рыта. Ці трапляе змест налепак пад абмежаванні гэтай свабоды кожнага чалавека, ніхто не палічыў неабходным даведвацца, таму, згодна з прэзумпцыяй невінаватасці, Рыта не мусіла тлумачыць адваротнае і даказваць сваю невінаватасць.   

Аднак акрамя абсурднасці абвінавачання, прад’яўленага за налепку, адразу ўзнікае пытанне пра прапарцыйнасць пакарання. У дэмакратычнай дзяржаве, нават калі было б даказана тое самае “псаванне маёмасці”, хутчэй за ўсё студэнтку асудзілі б да штрафа, які пакрываў бы рамонт гэтай самай маёмасці.

Праз пэўны час Рыту адлічылі з універсітэта. Фармальна – за тое, што не здала сесію, якая пачалася праз тыдзень пасля яе затрымання.

Студэнт, які абараняў удзельнікаў і ўдзельніц мірных сходаў

Яўген Каліноўскі

24-гадовы Яўген Каліноўскі да затрымання вучыўся ў БДУ. Ён стажыраваўся за мяжой – напрыклад, у ЗША, быў узнагароджаны прэміяй “Чалавек года Віцебшчыны”. Таксама ён быў уключаны ў фонд па падтрымцы адоранай моладзі, створаны беларускімі ўладамі.

Аднак калі Віктара Бабарыку і Валерыя Цапкалу не зарэгістравалі кандыдатамі ў прэзідэнты, Яўген Каліноўскі выйшаў на мірную акцыю пратэста – свабода мірных сходаў гарантаваная кожнаму чалавеку Канстытуцыяй (артыкул 35) і Усеагульнай дэкларацыяй правоў чалавека (артыкул 20). Калі пратэстоўцаў пачалі неабгрунтавана затрымліваць, ён палічыў дзеянні АМАПаўцаў жорсткімі і несправядлівымі, быў абураны гэтым, таму паспрабаваў спыніць іх. Падчас усяго разгляду справы маладзён настойваў на тым, што адмыслова не прымяняў сілы супраць супрацоўнікаў міліцыі і дзейнічаў выключна мірнымі сродкамі – што трапляе пад дзеянні артыкула пра свабоду мірных сходаў, гарантаваных кожнаму чалавеку.

Аднак за тое, што ён схапіў аднаго з АМАПаўцаў за вопратку, яго абвінавацілі ў тым ліку і ў “гвалце ў адносінах да супрацоўніка міліцыі”, хаця гвалт сілавікі пачалі прымяняць у бок Яўгена – біць кулакамі, нагамі і гумавым дручком. Такім чынам, была парушаная таксама свабода ад катаванняў. Пасля гэтага яго адвольна затрымалі – гэта парушэнне Канстытуцыі (артыкул 25) і Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека (артыкул 5).

Акрамя таго, падчас апошняга слова хлопец сам падкрэсліў, што ягоныя дзеянні “былі абумоўленыя ў першую чаргу ўздзеяннем супрацоўнікаў міліцыі на асобаў, якія знаходзіліся там, што маральна і этычна асуджалася грамадствам і Рэспублікі Беларусь, і міжнароднай супольнасцю. І была дадзеная адназначная грамадская ацэнка. І я ў прынцыпе згодны з гэтай ацэнкай і па гэтай прычыне дзейнічаў у названых абставінах, так як яно атрымалася”.

Студэнт, які адміністраваў чат

Арцём Баярскі

21-гадовы Арцём Баярскі быў студэнтам хімфака БДУ да затрымання. Яго адлічылі з факультэта, калі стала вядома пра палітычны пераслед, аднак Каўнаскі ўніверсітэт Вітаўта Вялікага залічыў яго на праграму “біятэхналогія”: маладзён працягне навучанне адразу пасля вызвалення. Аднак пры горшых раскладах гэта адбудзецца толькі праз некалькі год: Арцёма асудзілі да пяці гадоў калоніі.

Фармальна яго абвінавацілі ў тым, што ён адміністраваў чаты і ўдзельнічаў у адным з Маршаў. Аднак ягоныя дзеянні цяжка лічыць супрацьпраўнымі, бо свабода мірных сходаў і выказвання меркавання гарантаваныя шэрагам дакументаў кожнаму грамадзяніну. Безумоўна, яны могуць трапляць пад абмежаванні, але на момант затрымання Арцёма чаты, удзел у якіх ставіўся яму ў віну, не былі прызнаныя “экстрэмісцкімі фармаваннямі” (хаця нават гэты факт дадаваў бы выключна фармальную законнасць дзеянням беларускіх уладаў). Акром таго, не было даказана, што Марш не насіў мірны характар.

Больш за тое – пры затрыманні Арцёма была парушаная ягоная свабода ад катаванняў, а гэта з’яўляецца правам, якое нельга абмяжоўваць у ніякім выпадку. Арцёма спачатку збівалі пры затрыманні, а потым – каб запісаць відэа з “прызнаннем”. Запіс падобнага відэа таксама парушае правы студэнта: свабода меркавання палягае не толькі ў тым, каб выказваць меркаванне, але таксама і не выказваць яго.


Гэта не ўвесь пералік пераследу беларускай моладзі, якая прагнула зменаў да лепшага. Аднак безумоўна, усе гэтыя людзі – будучыня Беларусі, таму цяпер тым, хто на волі, варта падтрымаць іх у такі складаны перыяд іх жыцця.


Чым займаюцца палітзняволеныя жанчыны-праваабаронцы, якіх пераследуе дзяржава?

Чаму Эдуард Бабарыка — больш, чым сын свайго бацькі?